Як беларусы адзначылі 9 жніўня — дзень, які шэсць год таму змяніў жыццё краіны і кожнага паасобку.
Акцыя ў Варшаве
У Варшаве беларусы і беларускі адзначалі «Дзень Годнасці», прысвечаны падзеям 2020 года. Да акцыі далучылася і Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, пасол па асаблівых даручэннях (МЗС Украіны) Яраслаў Чарнагор, польскі грамадскі дзяяч і журналіст Адам Міхнік, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і беларуская дыяспара ў Варшаве.



Андрэй Сібіга: «Украіна выразна адрознівае беларускі народ і рэжым Лукашэнкі»
Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга выступіў з заявай у X:
— Шэсць гадоў таму, 9 жніўня, беларусы выразна прадэманстравалі сваё імкненне да дэмакратычных зменаў і права самастойна вызначаць будучыню ўласнай краіны. Іхні выбар сустрэў рэпрэсіямі. Аднак гады ціску, зняволенняў і вымушанага выгнання не змаглі знішчыць імкненне беларусаў да свабоды, дэмакратыі і суверэнітэту.
Украіна выразна адрознівае беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, які нясе адказнасць за спрыянне расійскай агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Мы цэнім многіх беларусаў, якія сталі на бок Украіны і выступілі супраць расійскай агрэсіі.
Мы спадзяёмся, што аднойчы Беларусь стане свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай дзяржавай, дзе менавіта яе народ, а не Масква, будзе вызначаць будучыню краіны. Такая Беларусь умацуе бяспеку ўсяго нашага рэгіёну.
Украіна будзе працягваць цеснае ўзаемадзеянне са Святланай Ціханоўскай і ўсімі беларусамі, якія імкнуцца жыць у свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Свабодная Беларусь — частка свабоднай Еўропы.
Акцыя ў Беластоку
Відэкадры з польскага горада.
Шэсце ў Гданьску
9 жніўня беларусы прайшлі маршам па цэнтры польскага Гданьска.


Ужо традыцыйна адной з кропак беларускага шэсця стала Сточня — Гданьская суднаверф, якая з’яўляецца сімвалам барацьбы з камунізмам і калыскай незалежнага прафсаюза «Салідарнасць».


Акцыя ў Вільні
У Вільні беларусы сабраліся на галоўнай плошчы. Яны разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сцяг.
Перад прысутнымі выступілі былыя палітзняволеныя, прадстаўнікі дыяспары, грамадскія актывісты. А таксама музыкі — хор Pra.Dziva, Юры Стыльскі.
На плошчы размешчаная галерэя з партрэтамі палітзняволеных.
Акрамя ўдзельнікаў акцыі, якіх сабралася больш за сто чалавек, на плошчы можна заўважыць шмат турыстаў. Яны падыходзяць да людзей і цікавяцца пра акцыю, многія з іх у курсе падзей 2020 года.



Разам з хорам людзі спяваюць «Пагоню».
Удзельнікі таксама зладзілі вялізны карагод. А пасля выправіліся ў шэсце па горадзе.



Гучна і ярка «Марш годнасці» дайшоў да амбасады РБ. Удзельнікі таксама ўшанавалі хвілінай маўчання ахвяр рэжыму і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне.

Завяршылася акцыя акустычным канцэртам Юрыя Стыльскага.
Ціханоўская: «Мне важна, каб 9 жніўня захавалася ў нашай здольнасці дамаўляцца, дзякаваць за дапамогу і самім дапамагаць, калі можам»
З нагоды шостай гадавіны 9 жніўня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з асабістымі словамі пра тое, як мы змяніліся за гэтыя гады і што важна нам усім захаваць у сабе цяпер.
— Шэсць гадоў — гэта вельмі шмат. За гэты час у кагосьці нарадзіліся дзеці, хтосьці месяцамі чакаў лістоў з турмы. Хтосьці навучыўся хаваць трывогу ад бацькоў і дзяцей, працаваць, усміхацца, адказваць: «Усё нармальна», калі насамрэч зусім ненармальна. Амаль у кожнай беларускай сям’і з’явілася сваё «да» і «пасля». Затрыманні, ператрусы, хуткі ад’езд з адной валізкай…
Змянілася і само штодзённае жыццё. Краіна кожны год губляе найважнейшых спецыялістаў. З’язджаюць лекары, настаўнікі, IT-спецыялісты. У аптэках няма патрэбных медыкаментаў, праблемы з банкамі і картамі, складанасці з візамі і падарожжамі.
Да таго ж у Беларусі людзі былі вымушаныя навучыцца ўважліва падбіраць словы і кожны дзень правяраць, ці ўсё ў парадку з блізкімі. Вось як сёння выглядаюць наступствы рэпрэсіі.
Нам па-ранейшаму балюча, і шэсць гадоў чакання дастаткова доўга, каб стаміцца і засумнявацца, ці мае ўсё гэта сэнс.
Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочным: 2020-ты незваротна змяніў Беларусь. Нас прымушаюць маўчаць, але гэта не значыць, што мы пагадзіліся. Нас раскідала па розных гарадах і краінах, але мы не сталі чужымі адно аднаму. Нас спрабуюць пераканаць, што ўсё было дарэмна, але мы ўжо ведаем, якой можа быць Беларусь і якімі можам быць мы самі.
Для мяне 9 жніўня — гэта абяцанне не забыць. Не забыць, што мы адна нацыя. Не забыць таго самага моманту, калі ў натоўпе з дзясяткаў тысяч чалавек з’явілася адчуванне, што мы здольныя на ўсё. Хтосьці ўсміхаецца, хтосьці падае ваду. Людзі клапоцяцца адно пра аднаго і нас шмат. І ўсе мы хочам аднаго: быць вольнымі ды людзьмі звацца.
Мабыць, сёння гэтае адчуванне выглядае інакш: не патрабаваць геройства ад тых, хто штодня жыве ў страху за сябе і блізкіх. Дапамагчы камусьці з працай ці пераездам. Не вырашаць, хто зрабіў дастаткова, а хто не. Не даваць цяжкім гадам зрабіць нас чужымі і недаверлівымі.
Мне важна, каб 9 жніўня засталося не толькі на старых фотаздымках і відэа, а каб яно захавалася ў нашай здольнасці дамаўляцца, дзякаваць за дапамогу і самім дапамагаць, калі можам.
Мы не ведаем, якія падзеі чакаюць нас наперадзе і калі з’явіцца магчымасць змяніць лёс краіны. Але аднойчы Беларусі зноў спатрэбіцца наша здольнасць давяраць, дзейнічаць разам і браць адказнасць. І да гэтага моманту нам трэба дайсці не зламанымі і не чужымі адно аднаму, а людзьмі, якія ўсё яшчэ памятаюць, дзеля чаго мы выйшлі шэсць гадоў таму.
