27.08: «Вуліца шарлатанаў» — анлайн-прэзентацыя кнігі Канстанты Ільдэфанса Галчынскага

У межах цыкла “Санаторый пад клепсідрай” адбудзецца прэзентацыя кнігі культавага польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага (1905-1953) “Вуліца шарлатанаў” па-беларуску. Паэт Андрэй Хадановіч апавядзе пра цікавосткі ды загадкі жыцця і творчасці польскага класіка – эксцэнтрыка і правакатара, іраніста і абсурдыста, але найперш глыбокага лірыка; пакажа яго вершы ў арыгінале і ў сваіх перакладах і паспрабуе адказаць на пытанне, што зрабіла Галчыньскага адным з галоўных паэтаў свайго часу і чаму яго творчасць актуальная і сёння.

– Ці быў паэт лунатыкам і колькі разоў уплёў у свае вершы месяц?
– За якую містыфікацыю студэнт Галчыньскі меў непрыемнасці ў Варшаўскім універсітэце?
– Як жыў і што напісаў літаратар у Вільні?
– Як, трапіўшы ў савецкі палон, пазбег трагічнага лёсу польскіх афіцэраў у Катыні?
– Што вядома пра Галчыньскага – вязня нямецкага лагера?
– Дзе польскі творца “блукаў” цэлы год пасля вайны і чаму так доўга не вяртаўся дадому?
– Як аўтар зрабіўся самым паспяховым паэтам у народнай Польшчы, а потым трапіў у няміласць да ўладаў?
– Дзе паэт знайшоў сваё “месца сілы” і што стварыў у апошнія гады жыцця?
– Як Галчыньскага ў розныя гады перастваралі беларускія перакладчыкі і перакладчыцы?
– Чым “Вуліца шарлатанаў” адрозніваецца ад папярэдніх беларускіх кніг паэта?

“Пісаў зялёным атрамантам і не пісаў у шуфляду, бо прагнуў кантакту з публікай, якая яго багоміла. У міжваенны час меў багемную славу, і ўсенародную папулярнасць пасля вайны. Зведаў супертыражы і забарону на друк. Творцу не раз “кэнсэлілі” (і дэгэтуль спрабуюць) за правую ці левую кан’юнктурнасць, а ён так напраўду не знаўся на палітыцы, бо шчыра верыў толькі ў натхненне, паэзію і віртуознае майстэрства паэта. Здагадаліся, якога?

Шэсць гадоў правёў у нямецкім палоне, дзе “маўчаў як скала”, але тыя колькі вершаў, што напісаў, сталі легендарнымі. Год вандраваў па Еўропе, бо вяртанне ў “народную” Польшчу азначала страту паэтычнай свабоды. І ўсё-ткі вярнуўся, бо дома былі жонка, дачка – і польская мова, якую ён умеў слухаць. І на тэрыторыі абсурду ды (сама)іроніі адваяваў сабе прастору для вольнай творчасці, недаступную “сур’ёзнейшым” аўтарам. Быў найлепшым польскім паэтам у найгоршыя для паэзіі часы.

Не быў ідэальным мужам, але хто яшчэ так апеў жонку і гармонію сямейнага побыту ў геніяльных вершах? Знаўца-меламан, найлепшыя паэмы ствараў згодна з музычнымі прынцыпамі. Паліглот і эрудыт, як мала хто чэрпаў з глыбіняў культуры.

А яшчэ Галчыньскі… добра кладзецца на беларускую мову. Шмат перакладаў з кнігі “Сёмае неба” (2006) гэта пацвярджае. А “Вуліца шарлатанаў”, якую вы трымаеце ў руках, – найпаўнейшае беларускае выданне паэта. Палова сабраных тут вершаў і паэмаў друкуецца на нашай мове ўпершыню, або ў новых перакладах, зробленых для гэтай кнігі”.

Арганізатар мерапрыемства: Прастора польскай культуры.

Час (мінскі): 16:00