Палітолаг Вадзім Мажэйка лічыць, што без нейкага знешняга ступару рэпрэсіі ў Беларусі не спыняцца. Проста таму, што такая логіка ў дзейнасці сілавікоў — яны павінны выслужвацца і паказваць «вынік». А як яго паказаць, калі больш нічога рабіць не ўмееш?
Не так даўно беларускія сілавікі, імкнучыся загладзіць аглушальны правал у Мачулішчах, зрабілі справаздачу аб «бліскучай спецаперацыі» і злове тэрарыста ў Гродне.
Ацэньваючы відэасюжэт гэтай гісторыі, палітолаг Вадзім Мажэйка падзяліўся высновамі, што серыял можа мець працяг. І меў рацыю. Тэлеканал «АНТ» выдаў у эфір чарговае «сенсацыйнае расследаванне» «Гаспар на сувязь не выйшаў», агучыўшы не толькі «ўсе падрабязнасці пра тэракт у Мачулішчах», але і іншыя гісторыі — пра нафтабазы, якія нібыта планаваліся ў Гродне, «злівы» работнікам Віцебскага аблвыканкама сакрэтнай інфармацыі ўкраінскім вайскоўцам, анлайн-трансляцыі з ваеннага аб’екта за мяжу.
Можна было б многае сказаць пра крэатыў прапагандыстаў, якія не турбуюцца лагічнымі нестыкоўкамі і выстаўляюць абвінавачванні раней за суд, калі б не самае важкае «але». Гаворка пра лёсы канкрэтных людзей, якія трапілі ў жорны рэпрэсій і якім, на жаль, пагражаюць канкрэтныя турэмныя тэрміны.
Наколькі разагналася рэпрэсіўная машына і ці можа спыніцца, не перайшоўшы ўмоўных «чырвоных ліній», «Філін» абмеркаваў з палітолагам і каардынатарам беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзімам Мажэйкам.
— Праваабаронцам вядома пра больш чым 600 выпадкаў затрыманняў за сакавік. Гэта кідаецца ў вочы — за апошнія 10 месяцаў, як падлічыў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, было ў сярэднім 310 «палітычных» затрыманняў у месяц. Цяперашні рост — сітуацыйны ці ж можна казаць аб новым вітку і ўзмацненні рэпрэсій?
— Мы не ведаем канчатковых, поўных лічбаў, але, на жаль, з упэўненасцю можам казаць, што напал рэпрэсій прыкметна вырас. З аднаго боку, сапраўды сышліся некалькі абставін, як тая ж дыверсія ў Мачулішчах або вывешванне беларускіх і ўкраінскіх сцягоў у Дзяржынску ў канцы сакавіка, пасля чаго пачаліся масавыя затрыманні — рэакцыя сілавікоў на нейкія падзеі, а рэагаваць інакш, акрамя як узмацненнем рэпрэсій, яны не ўмеюць. І вылічыць аднаго выканаўцу для іх складаней, чым ладзіць масавыя аблавы на ўсіх запар.
З іншага боку — так, відавочна і ўзмацненне рэпрэсій у цэлым. Напрыклад, супраць рэгіянальных журналістаў: у сакавіку назіраўся ціск на рэгіянальныя медыя ў самых розных гарадах, з розных нагод дый проста без нагоды. Слуцкі «Інфа-кур’ер» закрыў свой тэлеграм-канал, але іх журналісты і рэдактары працягваюць сядзець, ім прад’явілі нейкія абвінавачанні — і гэта ўжо ініцыявана самімі сілавікамі.
Усё гэта, як і гісторыя з Гродна, мяркуючы па ўсім, — інсцэніроўка ад пачатку да канца, якая цалкам укладваецца ў рамкі канкурэнцыі спецслужбаў. Гэта таксама класічная гісторыя: спецслужбы павінны лезці са скуры, даказваючы сваю стараннасць — а ў выніку, імкнучыся паказаць, хто з іх больш эфектыўны і больш затрымаў «ворагаў», яны вынаходзяць усё новыя падставы для рэпрэсій.
Такі механізм, калі ён не мае вонкавага ступару, можа раскручвацца гэтак доўга, колькі ёсць чалавечага рэсурсу вакол, каго яшчэ можна рэпрэсаваць, больш ці менш жывога і даступнага.
На жаль, гэтая мадэль самаўзнаўляльная — і, як паказвае гісторыя, сілавікі могуць у яе вельмі далёка зайграцца: пакуль не пакараюць усіх, уключаючы эліты, яны ўжо не спыняцца. Таму рэпрэсіўныя працэсы могуць працягвацца доўга, і многія аказваюцца ў групе рызыкі.
— Калі казаць пра тое, наколькі далёка сілавікі могуць зайсці — з падачы КДБ прагучала інфармацыя, што фігурантам справы пра атаку дронаў у Мачулішчах (а гэта каля 30 чалавек) можа пагражаць смяротнае пакаранне. Пакуль яшчэ ў Беларусі, прынамсі, афіцыйна не выносіліся падобныя прысуды па «палітычных» справах. На ваш погляд, гэта «чырвоная лінія», якую рэжым не пяройдзе і будзе выкарыстоўваць выключную меру як запалохванне — ці ўсё ж такі можа?
— Сапраўды, у Беларусі хоць і захоўваецца смяротнае пакаранне, але ні разу такіх прысудаў па палітычных артыкулах не выносілася. Максімальна блізкім да такога прысуду была «справа Аўтуховіча», дзе абвінавачанне магло і «нацягнуць» артыкулы, якія падпадаюць пад вышэйшую меру, але гэтага зроблена не было.
Цяпер, калі кажуць, што фігурантам можа пагражаць смяротнае пакаранне, як я разумею, гаворка ідзе пра тое, па якіх артыкулах сканструявана абвінавачанне. Але мы не ведаем, ці будзе абвінавачанне прад’яўлена менавіта па іх, ці ў працэсе следства яго перакваліфікуюць.
І потым, нават калі той ці іншы крымінальны артыкул прадугледжвае пакаранне аж да смяротнага, зусім няма гарантый, што менавіта такую меру запатрабуе пракурор і тым больш што такі прысуд вынесе суддзя.
Таму пакуль да смяротнага пакарання яшчэ вельмі далёка. Але ў цэлым, на жаль, улічваючы тое, як развіваецца сітуацыя ў краіне, я б не назваў гэта немагчымым. У цэлым цалкам можна сабе ўявіць, што кагосьці ў сённяшняй Беларусі расстраляюць за здзяйсненне дыверсіі ў Мачулішчах.
Адна справа, адзначае палітолаг, ужываць падобныя рэпрэсіі да вядомых палітычных постацей — прызнаць «тэрарыстамі», да прыкладу, Сяргея Ціханоўскага або Віктара Бабарыку, і іншая, калі гаворка ідзе пра «стрэлачнікаў», магчыма, нават выпадковых людзей, у якіх няма такой вялікай колькасці прыхільнікаў і да якіх не прыкавана так шмат міжнароднай увагі.
У апошнім выпадку, мяркуе Вадзім Мажэйка, «нельга выключаць самых песімістычных чаканняў».
novychas.online паводле gazetaby.com