07-13.12.: «Колькі яшчэ?»: у Любліне пройдзе 5-ы фестываль «Блізкі Усход»

Афіша фестывалю «Блізкі Усход». Фота: Festiwal Bliski Wschód / Facebook

З 7 па 13 снежня ў Любліне пройдзе 5-ы Міжнародны тэатральны фестываль «Блізкі Усход» пад лозунгам «Колькі яшчэ?». Акрамя спектакляў беларускіх і ўкраінскіх тэатраў, у праграме – лекцыі былых палітвязняў, фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі Pradmova, сустрэча з Альгердам Бахарэвічам, творчы вечар Святланы Бень і выставы.

Фестываль арганізуе Цэнтр культуры ў Любліне. Сёлета ён прысвечаны трываласці, супраціву і жыццю ва ўмовах бясконцага крызісу. У цэнтры ўвагі – досвед беларускіх творцаў пасля 2020 года і ўкраінскіх пасля 2022 года, якія працуюць у эміграцыі і пад рэпрэсіямі. Асобная тэма – смех, які арганізатары разглядаюць як спосаб даць рады рэчаіснасці.

«Гумар дазваляе вытрымаць дыстанцыю, вярнуць перспектыву і аслабіць уладу, якую прыгнёт спрабуе ўсталяваць над чалавекам. Такім чынам смех становіцца не толькі стратэгіяй выжывання, але і формай супраціву і палітычным жэстам», – адзначаюць у Цэнтры культуры.

Спектаклі

За тыдзень на фестывалі пакажуць больш за 20 спектакляў, чытанняў і стэндапаў. Значная частка праграмы – працы беларускіх каманд.

7 снежня фестываль адкрыецца спектаклем «Казкі з Замка» Андруся Прагі (Андрэя Трызубава). Лялечны спектакль ён стварыў у 2023 годзе ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і паказваў яго сукамернікам. Цяпер у пастаноўцы выкарыстоўваюць тыя самыя лялькі, а таксама дзённікі і лісты, тайна вынесеныя з ізалятара. Жывую музыку на традыцыйных інструментах выконвае Сяржук Доўгушаў. Паказ адбудзецца ў камеры Музея мартыралогіі «Пад гадзіннікам». 

У той жа дзень Зміцер Есяневіч і Андрэй Саўчанка выступяць з акторскім стэндапам «Зона камфорту».

Афіша акторскага стэндапу з удзелам Андрэя Саўчанкі і Дзмітрыя Есяневіча ў рамках фестывалю «Блізкі Усход». Фота: Festiwal Bliski Wschód / Facebook

9 снежня Вольныя Купалаўцы пакажуць «Менскае мора». Спектакль з’явіўся пасля таго, як Кіберпартызаны апублікавалі базу даносаў у КДБ, з якой стала відаць, што даносчыкам можа аказацца хто заўгодна, нават самыя блізкія. Аўтар п’есы – Ілля Пруднік, рэжысёр – Войцех Урбаньскі, у спектаклі гучаць песні Лявона Вольскага.

12 і 13 снежня Беларускі свабодны тэатр пакажа «Urząd przyjemności», сюррэалістычную трагікамедыю пра досвед міграцыі і бюракратычны лабірынт, у які трапляе эмігрант. 13 снежня паэтка Юлія Цімафеева прачытае вершы са зборніка «Кровазварот» пад музыку Вольгі Падгайскай.

Сярод іншых пастановак – танцавальны спектакль «Зося» польскага рэжысёра Паўла Пасіні. Тры танцоўшчыцы з Польшчы, Украіны і Беларусі ні разу не сустракаюцца на адной сцэне: кожная танчыць у сваёй краіне, а іх выявы ў жывым часе злучае экран. Украінская акторка Алена Дудзіч сыграе спектакль «Пра Рамэа і Джульету… толькі звалі іх Маргарыта і Абульфаз» паводле Святланы Алексіевіч.

Кадр з пастаноўкі «Пра Рамэа і Джульету… толькі звалі іх Маргарыта і Абульфаз» паводле Святланы Алексіевіч. Фота: Festiwal Bliski Wschód / Facebook

Спадарожныя мерапрыемствы

Важнай часткай фестывалю стануць лекцыі, якія прачытаюць былыя беларускія палітвязні ў межах тэатральнай лабараторыі. Пра свой досвед і пра тое, што дапамагае захаваць сябе ў няволі, раскажуць Павел Севярынец, Марына Золатава, журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, Уладзімір Мацкевіч і Алесь Чумакоў.

Адначасова ў Любліне пройдзе Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Яго гасцямі стануць драматург Сяргей Кавалёў, гісторык Лявон Баршчэўскі і Святлана Бень, а Настасся Панкратава раскажа пра беларускі тэатр 2015–2025 гадоў. У апошнія два дні фестывалю будзе працаваць кірмаш беларускай кнігі. Таксама падчас мерапрыемства пройдзе сустрэча з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам.

Акрамя гэтага, у праграме выставы, навуковая канферэнцыя «Смех перад абліччам уціску: драма і тэатр выжывання» (7–8 снежня 2026 года ва Універсітэце Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне) і майстар-класы па тэатральным пісьме і пісьме для тэатра.

Поўная праграма фестывалю – на сайце Цэнтра культуры ў Любліне.

Раман Шавель, belsat.eu