Неўзабаве выйдуць часткі «Час пагарды» і «Хрышчэнне агнём», піша «Новы час». А ўсяго ў легендарным цыкле 8 раманаў.
Культавую серыю Анджэя Сапкоўскага пачалі выдаваць па-беларуску ўвосень 2019 года. Магчыма, «Янушкевіч» выдаў бы іх хутчэй. Але праз рэпрэсіі ў Беларусі выдавецтва вымушана было зрабіць паўзу на пераезд за мяжу.
У Беларусі «Янушкевіч» пазбаўлены ліцэнзіі. Спярша ў 2022-м выдавецтва выселілі з офіса, пасля сілавікі разграмілі ў Мінску новаадкрытую кнігарню «Кнігаўка», якая паспела адпрацаваць толькі некалькі гадзінаў.
Кіраўніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу «Кнігаўкі» Насту Карнацкую затрымалі. Іх тройчы судзілі па надуманых адміністрацыйных справах, яны правялі па некалькі тыдняў у жахлівых умовах ізалятара на Акрэсціна.
Пасля выхаду на волю Янушкевіч з’ехаў у Польшчу і працягнуў займацца выданнем кніжак. А Карнацкая займаецца перакладамі: менавіта яна будзе перакладаць на беларускую раман Стывена Кінга «Ззянне», кантракт на выданне якога таксама нядаўна атрымала выдавецтва «Янушкевіч».
Варта адзначыць, што за пераклад кнігі «Вядзьмар. Апошняе жаданне» выдавецтва «Янушкевіч» і перакладчыца Кацярына Маціеўская былі ўганараваныя прэміяй Карласа Шэрмана для перакладчыкаў у 2020 годзе. Увогуле ў тым годзе ўсе ўганараваныя гэтай прэміяй пераклады выйшлі менавіта ў выдавецтве «Янушкевіч».