У гэтым годзе мы адзначаем 500-годдзе выдання Францыскам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы». Скарына стаў першым, хто гэта зрабiў ў ВКЛ і ўвогуле ва Усходняй Еўропе. Чарговы выпуск гайда па беларускіх мясцінах Вільні мы прысвячаем беларускаму друку.
Пачаўся беларускi друк — як мінімум на тэрыторыі ВКЛ — у доме на рагу вуліц Вялікай (Didzioji) і Шкляной (Stikliu), у панадворку, куды ў 1520 годзе Францыск Скарына перавёз з Прагі сваю друкарню. Лічыцца, што гэты дом пабудавалi ў XV ці самым пачатку XVI стагоддзя. Ён належаў старшыні гарадскога магістрата Вільні Якубу Бабічу, які быў адным з мецэнатаў беларускага асветніка.
Тут былі надрукаваныя 23 часткі «Малай падарожнай кніжкі» і, асобна, у 1525 годзе — апошняя кніга Скарыны, якая называецца «Апостал». Зараз тут месціцца Вільнюская фотагалерэя. На будынку па адрасе Didzioji, 19A, адкуль праз арку можна прайсці да дома Бабіча, змешчана памятная дошка з партрэтам першадрукара. Яе ўсталявалі ў 1990 годзе — з удзелам афіцыйнай дэлегацыі з Мінска. На той момант гэта была першая беларускамоўная шыльда ў Вільні.
У адным з суседніх дамоў (дакладных звестак няма) па вуліцы Шкляной (Stikliu) крыху пазней дзейнічала не менш славутая і значна больш прадуктыўная друкарня братоў Мамонічаў. Першапачаткова, у 1574 годзе, на грошы купцоў Кузьмы ды Лукі Мамонічаў у іх віленскім доме друкарню арганізаваў Пётр Мсціславец. Ён у 1575-1576 гадах выдаў тры кнігі, «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік». Але неўзабаве Мсціславец ды Мамонічы пасварыліся (верагодна, па рэлігійных прычынах) і друкарня зачынілася.
Аднавілі яе дзейнасць Мамонічы ў 1583 годзе ўжо пад уласным кіраўніцтвам. І зрабiлi гэта вельмі паспяхова: у наступныя 40 гадоў яны надрукавалi больш за 80 выданняў на царкоўнаславянскай, старабеларускай, лацінскай і польскай мовах (па іншых звестак — 112), у тым ліку галоўныя заканадаўчыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага — «Трыбунал» (1586) і знакаміты «Трэці статут ВКЛ» (1588). Пасля 1624 года сын Кузьмы Мамоніча Лявон перадаў друкарню ордэну базыльянаў, якія на яе базе заснавалі друкарню пры Троіцкім манастыры.
Ва ўнутраным дворыку будынка па Stikliu, 4 знаходзіцца ўсталяваная ў 1973 годзе ў гонар віленскіх першадрукароў скульптура «Летапісец». Гэта дыпломная праца скульптара Вацлаваса Круцініса, на той момант студэнта Інстытута мастацтваў. Існуе легенда, што паставілі яе без афіцыйнага дазволу ўладаў, часова, і не афішуючы, каму дыпломная праца прысвечана. Меркавалася, што «летапісца» дэмантуюць пасля абароны Круцінісам дыплома. Але ж помнік застаецца на сваім месцы і сёння.
Царква і кляштар Святога Духу (Aušros Vartų, 10). Тут у 1596 годзе ў Віленскай брацкай друкарні (яна ж Віленская Святадухаўская друкарня) педагог, лінгвіст, літаратар, багаслоў Лаўрэцій Зізаній выдаў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова…» Азбука Зізанія («Навука ку чытаню і разуменю пісьма славенскага») — гэта першы на Беларусі і ва Украіне буквар і першы царкоўнаславянска-беларускі слоўнік (Лексіс), у якім царкоўнаславянскія («славенскія») словы тлумачацца з народнай гутарковай мовы. «Грамматіка словенска» — першы сістэматычны падручнік царкоўнаславянскай мовы.
Таксама ў Святадухаўскай друкарні выдаваў свае творы Мялецій Сматрыцкі — з-за аднаго з іх друкарня была зачынена спецыяльным указам караля Жыгімонта III Вазы. Гутарка пра выдадзены ў 1610 годзе антыкаталіцкi і антыўніяцкi «Трэнас». Брацтва вымушана было часова перанесці выдавецкую дзейнасць за межы Вільні — у мястэчка Еўе. З 1615 года друкарня аднавіла дзейнасць ў Вільні, дзе працавала да 1749 года, пакуль не была знішчаная пажарам.
Друкарня Віленскай езуіцкай акадэміі (Šv. Jono, 4). У 1576 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка перавез у Вільню славутую Берасцейскую друкарню свайго бацькі, Мікалая Радзівіла Чорнага, a ў 1586-м падараваў яе езуітам. Цымес гэтага падарунка ў тым, што Радзівіл Чорны быў адным з асноўных прапагандыстаў кальвінізму ў ВКЛ, а ў ягонай берасцейскай друкарні выйшла так званая «Радзівілаўская Біблія» — пераклад кальвінісцкай Бібліі на польскую мову. Езуіты актыўна карысталіся падарункам — паміж 1633 і 1752 гадамі выдавалі ад 10 да 25 выданняў штогод, на польскай i лацінскай мовах.
Гэта падручнікі, палемічная літаратура, жыціі святых, тэалагічна-філасофскія, гістарычныя, музычныя творы, календары. Тут друкавалі першую газету гістарычнай Літвы — «Kuryer Litewski». Пасля ліквідацыі Ордэну іезуітаў у 1773 годзе друкарня адышла Віленскаму ўніверсітэту. А ў 1805 годзе яе набыў выдавец Юзэф Завадскі, які тут стварыў лепшае віленскае выдавецтва свайго часу. У 1822 годзе ў друкарні Завадскага пабачыла свет першая кніга Адама Міцкевіча «Ballady i romanse».
Наступным гаспадаром друкарні быў выдавец Мікалай Глюксберг, які друкаваў гістарычны часопіс «Atheneum» пісьменніка, гісторыка і фалькларыста, «польскага Дзюма» Юзафа Крашэўскага і альманах гісторыка і этнографа Адама Кіркора «Teka Wileńska». Зараз будынак належыць бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.
Побач — палац, які ў розныя часы належаў Радзівілам, Сапегам, Пацам (Šv. Jono, 3). Тут у другой палове XIX стагоддзя месцілася друкарня, дзе выходзілі газеты «Виленские губернские ведомости» і «Виленский вестник». Рэдактарам і выдаўцом апошняй з 1860 па 1865 гады быў гісторык, этнограф, археолаг, прыхільнік паўстання Каліноўскага Адам Ганоры Кіркор. Пры ім з газетай супрацоўнічалі лепшыя літаратары, навукоўцы і публіцысты літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі — Уладзіслаў Сыракомля, Мікалай Маліноўскі, Тэадор Нарбут, браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, Юзаф Крашэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя. Газета была вельмі папулярнай, мела каля 3 тысяч падпісчыкаў, а рэдакцыя была адным з цэнтраў культурнага жыцця Вільні.
Сёння ў будынку месціцца амбасада Польшчы ў Літве.
Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Кніга, пра якую кажа у сваім апошнім вершы Максім Багдановіч — гэта яго адзіны прыжыццёвы зборнік «Вянок», што быў надрукаваны ў 1914 годзе тыражом 2000 экзэмпляраў у гэтым будынку на Татарскай вуліцы (Totorių, 20). Тут (а таксама на Universitete, 4, дзе друкарня Кухты месцілася ў 1906—1911 гадах) акрамя Багдановіча друкаваліся Багушэвіч, Колас, Цётка, К. Буйло і іншыя беларускія пісьменнікі, выходзілі беларускія календары, зборнікі, спеўнікі. З першага нумара, што выйшаў 10 лістапада 1906 года, у друкарні Кухты выдавалася «Наша ніва».
Пан Марцін падтрымліваў газету, часам друкуючы ажно некалькі нумароў у крэдыт. У 1918 годзе ў выдавецтве Кухты выйшла «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. Дарэчы, у будынку на Універсітэцкай, дзе знаходзілася першая друкарня Кухты, зараз месціцца кнігарня.
Першай легальнай беларускамоўнай газетай была «Наша Доля». Як пісаў Максім Гарэцкі, «14 верасьня 1906 году выйшаў у Вільні першы нумар першай легальнай беларускай газэты “Наша Доля”. Гэты дзень лічыцца сьвятам нашага нацыянальнага адраджэньня й быў важным этапам у гісторыі нашае культуры й нашага сацыяльнага вызваленьня. Пісала ў “Нашай Долі” рэвалюцыянэрка Цётка, Ядвігін Ш., Якуб Колас, Антон Навіна й іншыя… Вестка аб легальнай газэце, пісанай па-беларуску, пракацілася па ўсёй Беларусі, як першы веснавы гром. Людзі плакалі ад радаснае навіны й горкіх успамінаў.
А на вуліцах Вільні газету бралі нарасхват, чыталі вялікімі кучкамі, плацілі вялікія грошы. Калі ж газэта дайшла ў правінцыю, сяляне сталі прысылаць у рэдакцыю многа пісем з гарачымі натхнёнымі й радаснымі словамі абуджаных сыноў пад’яромнае Бацькаўшчыны». Палова накладу друкавалася кірыліцай, палова — лацінкай. Афіцыйным рэдактарам-выдаўцом быў віленскі мяшчанін Іван Тукеркес (ён, дарэчы, пасля закрыцця газеты ўладамі быў асуджаны да году турэмнага зняволення, «з забаронай прымаць на сябе званьне рэдактара ці выдаўца якога-небудзь пэрыядычнага выданьня на працягу трох гадоў», але ж тэрмін адбываць не стаў, з’ехаўшы ў Парыж). Сапраўдным заснавальнікам былі людзі з кіраўніцтва першай беларускай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады, а менавіта браты Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Францішак Умястоўскі.
Рэдакцыя месцілася у будынку па Віленскай, 32 (цяпер Vilniaus, 21). У верасні-снежні 1906 года выйшла шэсць нумароў выдання (пяць з іх канфіскавала паліцыя, а сёмы быў зьнішчаны яшчэ ў наборы), першыя чатыры з іх былі надрукаваны ў «Арцелі друкарскай справы», што месцілася ў будынку па Rūdninkų, 2 (доме Залкінда), два астатніх — у друкарнях Рома і Сыркіна. Апошняя месцілася ў двары дома 38 па вуліцы Замкавай (Pilies), у самім доме змяшчаліся кніжная крама ды адна з буйнейшых у горадзе прыватных бібліятэк.
Пасля выхаду 4-га нумара ў рэдакцыі «Нашай Долі» адбыўся раскол, частка аўтараў перайшла ў наваствораную «Нашу Ніву». І калі радыкальная НД была хутка забаронена Віленскай судовай палатай за «заклік да ўзброенага паўстаньня для перамены дзяржаўнага ладу», то больш асцярожная і памяркоўная «НН» праіснавала амаль 9 гадоў, да жніўня 1915 года, змяніўшы за гэты час шмат адрасоў.
Самая першая рэдакцыя «Нашай Нівы» знаходзілася ў кватэры № 20 у дома № 17 на вуліцы Вялікая Пагулянка (зараз J. Basanaviciaus, 17) — тут «НН» месцілася з лістапада 1906 да пачатку 1907 года.
У пачатку 1907 года рэдакцыя была перанесеная на вуліцу Завальную, 45 (зараз Pylimo, 51).
Але неўзабаве, ў траўні 1907 года, газета зноў пераехала — гэтым разам на рог вуліц Завальнай і Троцкай (Trakų, 1/ Pylimo, 26), у так званы дом пад балванамі. Гэты будынак са статуямі атлантаў з боку Троцкай вуліцы існуе з XV стагоддзя і належаў графам Тышкевічам. Гісторык і краязнавец Яўстах Тышкевіч, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі, захоўваў тут частку сваіх археалагічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музея — Віленскага музея старажытнасцяў. У 1863 годзе тут збіраліся паўстанцы Каліноўскага, хоць сам Тышкевіч у паўстанні не ўдзельнічаў.
Потым тут змяшчаўся акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 году працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч. У 1907 годзе менавіта тут некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай Нівы» Якуб Колас, але ж хутка ён быў вымушаны з’ехаць з Вільні паводле загаду паліцыі.
У 1908 годзе рэдакцыя зноў перабралася ў новае памяшканне — дом на рагу вуліц Віленскай ды Новай (зараз Vilniaus ды Islandijos). На жаль, гэты будынак быў разбураны падчас Другой сусветнай вайны. Зараз у пабудаваным на яго месцы у сямідзясятых гадах гмаху размяшчаецца Міністэрства аховы здароўя.
З 1911 года рэдакцыю зноў перанеслі на Завальную вуліцу, на перакрыжаванне з Малой Пагулянкая (цяпер Pylimo, 5). Яна знаходзілася на першым паверсе, злева ад галоўнага ўваходу. Пры рэдакцыі разам з жонкай, літоўскай пісьменніцай Марыяй Іванаўскайце-Ластаўскене, з 1910 па 1916 жыў сакратар газеты, вядомы беларускі вучоны i пісьменнік Вацлаў Ластоўскі (аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка на будынку). Іх кватэра стала месцам сустрэч беларускай і літоўскай інтэлігенцыі. Тут жа ажно да 1926 года месцілася кнігарня Беларускага выдавецкага таварыства.
Вось як успамінае пра гэты час дачка Ластоўскага Ганна: «Наша памяшканьне было пры беларускай кнігарні. У кнігарні часткова зьмяшчалася й рэдакцыя беларускага часопіса “Наша Ніва”, у якой працаваў бацька. Пры кнігарні ў вялікім падвале быў склад кніжак, частка ляжала наўпрост на зямлі й яны часам замянялі крэслы. Пасярэдзіне стаяла невялічкая круглая печка, якую прапальвалі вечарамі ды грэлі на ёй гарбату. Тут вечарамі й зыходзіліся бацькавы знаёмыя, бо наша кватэра была цесная, й, як дзеці клаліся спаць, дык староньнім не было месца, каб зайсьці. Сюды прыходзіў беларускі паэт Янка Купала, пісьменьнік Зьмітрок Бядуля, пісьменьніца Цётка (Пашкевічанка). …
Сталымі гасьцямі былі дзьве маладыя дзяўчаты — Уладзя Станкевічанка й Канстанцыя Буйла…. Пісьменьнікі, што зьбіраліся ў падвале, чыталі свае новыя творы, дзяліліся поглядамі. У падвале было ўтульна, ад печачкі разыходзілася прыемнае цяпло, электрычная лямпа моцна асьвятляла памяшканьне. Часамі на печачцы, заместа гарбаты, варылася ў сагане бульба, якую елі з салёнымі агуркамі або селядцом, бо па лепшы пачастунак ні ў кога не было сродкаў. Але гэта нікому не псавала настрою. У гэтым падвале было прачытана ўпершыню нямала вартасных літаратурных твораў».
Пры рэдакцыі захоўвалася ўнікальная калекцыя Івана Луцкевіча, якая потым стала асновай названага ў яго гонар Віленскага беларускага музея.
Улетку 1911 года гэты дом паслужыў прытулкам аўтару «Нашай Нівы» з Яраслаўля Максіму Багдановічу, які ўпершыню прыехаў на Бацькаўшчыну. Тут ён правёў ў гутарках з Ластоўскім дзве ночы. Як піша Ластоўскі ва ўспамінах, «глыбокае ўражаньне зрабілі на Багдановіча рукапісы старасвецкіх славянскіх кніг і дакумэнтаў, а таксама слуцкія паясы [з калекцыі Івана Луцкевіча], якія ён некалькі разоў пераглядаў».
У 1916-1917 гадах у гэтам жа будынку знаходзілася рэдакцыя газеты «Гоман», якую рэдагаваў зноў жа Ластоўскі.
Апошнім адрасам «НН» у Вільні (калі не лічыць адноўленую ў 1990-х) стаў дом на Віленскай вуліцы, 29 (цяпер Vilniaus, 14). Рэдакцыя знаходзілася тут на працягу 1914-1915 гадоў, пакуль не была зачынена ў жніўні 1915 ў сувязі з набліжэннем фронту Першай сусветнай. Рэдагаваў газету ў гэты час Янка Купала, які жыў тут жа пры рэдакцыі, аб чым сведчыць мемарыяльная шыльда на доме. Тут жа да другой паловы 1910-х гг. месціўся Беларускі клуб.
З 1908 па 1911 гады ў будынку па Gedimino, 2 месцілася выдавецкае таварыства «Наша хата», якое выдала шэсць кніг, а таксама бібліятэка «Веды».
Уласнікам бібліятэкі і заснавальнікам «Нашай хаты» быў грамадскі i культурны дзеяч, актыўны ўдзельнік беларускага руху Барыс Даніловіч. У 1908 годзе тут (адначасова з працай у «Нашай Ніве», якая не прыносіла грошай) працаваў і самаадукаваўся толькі што пераехалы ў Вільню Янка Купала.
Падчас нямецкай акупацыі у гэтым жа будынку працаваў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Вацлавам Іваноўскім і знаходзілася рэдакцыя газеты «Bielaruski holas», рэдактарам якой быў Францішак Аляхновіч.
У міжваенны перыяд вядучым беларускім выдавецкім цзнтрам у Заходняй Беларусі была друкарня імя Ф. Скарыны, якая належала партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Тут было надрукавана каля 150 беларускіх арыгінальных і перакладзеных выданняў рэлігійнай і свецкай тэматыкі, у тым ліку творы Багушэвіча, Коласа, Неміровіча-Данчанкі, А. Станкевіча і іншых. У будынку на Pylimo, 6 друкарня месцілася з 1930 па 1936 гг.
Таксама у 20-я гады мінулага стагоддзя беларускія кнігі друкавала выдавецтва Барыса Клёцкіна, што знаходзілася ў будынку па вул. Малой Стэфанскай, 23 (цяпер Raugyklos, 23). З 1921 па 1932 год у Клёцкіна выйшло 32 беларускамоўныя кнігі.
У доме па Etmonų, 4 паміж 1926 і 1928 гадамi месцілася рэдакцыя ілюстраванага сатырычнага часопіса «Маланка», якi падтрымлiвала Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Часопіс выходзіў раз на два тыдні. Агулам выйшлi 43 нумары, некаторыя з іх былі канфіскаваныя польскімі ўладамі, якія ў выніку і зачынілі «Маланку» ў снежні 1928 года.
Яўген Ерчак, novychas.online,
фота Яўгена Ерчака