У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала пра знаёмствы з палітычнымі на Акрэсціна, пра ночы з асабліва небяспечнай рэцыдывісткай Таняй у жодзінскай турме, а таксама пра тое, што прымусіла кіраўніцтва Валадаркі пайсці на саступкі. Сёння распавяду, як аператыўнікі гомельскай калоніі прапаноўвалі мне зняцца ў прапагандысцкім сюжэце, якую паперу мне ўрачыста ўручыў начальнік і чаму турэмнікі размаўляюць «па фені».
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
На этап з-пад кропельніцы
— Я не знаю, что с тобой делать. У нас даже парацетамола нет, — канваір «сталыпіна» выглядаў заклапочана, у вачах чыталася спачуванне. — Почему тебя вообще на этап в таком состоянии отправили?
Чаму-чаму? Можна падумаць, хтосьці лічыўся з маім меркаваннем. На этап праз стан здароўя я ехаць адмаўлялася. Толькі нядаўна перанесла хірургічнае лячэнне, зноў адкрыўся моцны крывацёк, і я не ўзнімалася са шконкі. Дзякуй богу, медыкі выпісалі пасцельны рэжым. Тлумачыла ўсё гэта супрацоўнікам Валадаркі, але ім як аб сцяну гарохам.
З гэтай нагоды абдылася нават сапраўдная сварка. Літаральна гвалтам тыя выцягвалі мяне з камеры, станам майго здароўя ніхто не пераймаўся. Ніякія аргументы на службоўцаў не ўздейнічалі. Іх рэакцыя наадварот была агрэсіўнай, і яны ўвесь час клікалі на дапамогу сваіх калег.
Я сказала, што нікуды не паеду, і, калі супрацоўнікі хочуць, няхай выклікаюць АМАП і разам з імі сілай узнімаюць мяне са шконкі.
Дзяўчаты-палітвязні пачалі заступацца, у камеру ўварваўся службовец з вялікім бэйджам «дежурный», услед за ім убеглі два баландзёры (асуджаныя, што застаюцца адбываць свой тэрмін у следчым ізалятары і працуюць там у сферы гаспадарчай абслугі) з насілкамі.
— Кого тут и куда нести? — разгублена запыталіся мужчыны.
Я ўстала і пайшла ў этапку сама. Мне стала шкада баландзёраў, а таксама сваіх палітзняволеных сукамерніц, бо за заступніцтва служкі пачалі ім пагражаць.
Развітваючыся, дзяўчаты крыкнулі «Жыве Беларусь!», наглядчыкі яшчэ больш раззлаваліся і ўрэшце рэшт усё адно дзяўчат пакаралі. Вывелі іх на калідор, паставілі «лицом к стене» і прымусілі так стаяць некалькі гадзін.
У этапцы фельчар укалоў мне кроваспыняльны ўкол, паставіў кропельніцу і сказаў канваірам:
— Все. Может ехать.
На вуліцы ўбачыла Наташу Хершэ. Мы абняліся, і я што ёсць моцы выгукнула «Жыве Беларусь!».
Этап быў доўгім і цяжкім. У сталыпінскім вагоне асуджаных — як селядцоў у бочцы. Нават павярнуцца няма як, не гаворачы ўжо пра тое, каб прылегчы ці паспаць.
Станцыя Гомель. 3 сакавіка 2021 года. Мы з Наташай былі першымі палітзняволенымі, што заехалі ў гэтую калонію.
У нашым жыцці распачаўся адзін з самых цяжкіх перыядаў.
Урок славеснасці ад падпалкоўніка
Я даўно заўважыла, што турэмнікі ў сваёй гаворцы часта выкарыстоўваюць словы з так званага блатнога жаргону. Ці то ад нізкага ўзроўню культуры і хамаватай натуры, ці то папросту ўжо настолькі зліліся ў адно цэлае з зонай. Яны бачаць у гэтым момант круцізны, смакуюць кожны такі выраз, адчуваюць задавальненне, лічаць, што такім чынам узвышаюцца, робяцца яшчэ больш прасунутымі.
Яшчэ адно назіранне: адміністрацыя вельмі падобная да асуджаных, якіх яна песціць, аберагае і выкарыстоўвае на пастаяннай аснове ў якасці інфарматараў. Яны падобныя ва ўсіх сэнсах — маральныя каштоўнасці (дакладней, іх поўная адсутнасць), манера размовы, слэнг, замашкі, крыўлянні, жарты.
Падобны досвед у аповесці «Зона» апісвае і Сяргей Даўлатаў:
«Мы разговаривали на одном приблатненном языке <…>. Я обнаружил поразительное сходство между лагерем и волей, между заключёнными и надзирателями. Между домушниками-рецидивистами и контролёрами производственной зоны. Между зеками-нарядчиками и чинами лагерной администрации <…>. Мы были очень похожи и даже — взаимозаменяемы. Почти любой заключенный годился на роль охранника. Почти любой надзиратель заслуживал тюрьмы».
Супрацоўнікі гомельскай калоніі самі сябе называюць «мянтамі», ужываюць словы «зэк», «панты», «ответка».
— Мы по бесу рапорт не составляем. А твоя Каневская получила взыскание, потому что не поздоровалась. Что, западло с ментами здороваться? — прадэманстраваў неяк майстар-клас па славеснасці намеснік начальніка калоніі Кавалёў.
Часамі ў мяне вушы вялі ад пачутага. Я не кажу ўжо пра лаянку, што лілася, як мелодыя, з вуснаў турэмнікаў.
Гэтая дэталь шмат пра што сведчыць, даволі яскрава раскрывае ўнутраны свет дазорцаў закона. Чалавек пазнаецца ў дробязях. І чым больш я назірала за так званай камунікацыяй турэмнікаў, тым больш прыходзіла да высновы, што яны, апроч суцэльнай душэўнай глухаты, у прынцыпе не здольныя да прыстойных жэстаў.
Прыстойнасць імі высмейваецца і ўсяляк выкараняецца імі ў асуджаных. Для служак — гэта загана і «отягчающее обстоятельство».
Мыльная опера ад опера
— Вот скажи, Александровна, заграница нам поможет, — хітра прыжмурыўся аператыўнік Трушкін.
— У якім сэнсе?
— В прямом. Тебе разве не обидно, что твои кукловоды тебя кинули, сбежали и там, за бугром, жируют и кайфуют, а на всех вас им глубоко наплевать?
— Я так не лічу.
— Но, может, все-таки интервью бы нам дала? Рассказала бы, как вас Европа и ваши лидеры кинули.
«Ага, зараз, разагналася. Дзірка вам ад абаранка, а не відэа», — падумала я сабе. Услых жа прамовіла:
— Я не фотагенічная.
— Тоже скажешь! Ты же лицо этой колонии! — з пафасам патроліў Трушкін.
Пазней палітзвязні паведамілі, што да іх таксама падыходзілі з такой прапановай. Некаторыя дзяўчаты пагадзіліся, большасць адмовілася.
Ад мяне з гэтым відэа неяк хутка адчапіліся, а за іншымі палітзняволенымі аператыўнікі хадзілі яшчэ доўга. Каго ўгаворвалі, каму пагражалі.
Адна з дзяўчын пагадзілася зняцца ў прапагандысцкім фільме (праўда, крыху з іншым сюжэтам) праз вялікі прэсінг. Аператыўнік Кузняцоў-Джасаў запалохваў, што змесціць яе ў штрафны ізалятар і навесіць статус злоснага парушальніка ў выпадку адмовы.
Так званыя пакаяльныя відэа запісваюцца і манціруюцца не толькі ў будынку ГУБАЗіКа, але і ў сценах калоніі.
Да мяне з такой прапановай падыходзілі толькі аднойчы. Але ад іншых палітзняволеных ведаю, што такія рэчы з боку аператыўкі практыкуюцца рэгулярна. Розніца толькі ў сюжэтах і акцэнтах, а сутнасць адна.
Падзяка ад начальніка
— Начальник колонии сказал, что ты обязательно должна быть в клубе, — пралапатала загадчыца гаспадаркі Воля і загадала хуценька збірацца.
— Я не магу пайсці, бо ў гэты час у мяне праверка прафілактычнага ўліку, — кажу той.
— Можешь пропустить. В клубе ты должна быть кровь из носу, — адказала яна.
«Цікава, што за спешка такая? Расстраляць хіба мяне там хочуць публічна ці што», — падумала я сабе.
Актавая зала была забіта пад завязку. На сцэне ў прэзідыуме — усё кіраўніцтва калоніі. Загадчыца гаспадаркі пасадзіла мяне ў першы рад, я адчула дыскамфорт. Было ўражанне, што зараз адбудзецца нейкая правакацыя.
Слова ўзяў начальнік аператыўнага аддзела Алёхін. Распавёў пра парушэнні і спагнанні ў атрадах, азнаёміў асуджаных з так званай статыстыкай.
— Ага, дык вось для чаго яны мяне паклікалі. Зараз пачнуць публічную порку, — асяніла мяне.
Алёхін скончыў справаздачу, уключылася ўрачыстая музыка, мікрафон перайшоў да начальніка калоніі Талсцянкова. Побач прыстроілася яго намесніца Лукомская.
Я тым часам падрыхтавала гнеўны спіч — у адказ на меркаваныя наезды. Але раптам нешта пайшло не так.
— Администрация исправительного учреждения объявляет благодарность осужденной Класковской Ольге Александровне, — прамовіла Лукомская.
Мне падалося, што я недачула. Якая-такая ўдзячнасць? Мне? Ад іх? За што? Шаленства нейкае.
— Подходите, не стесняйтесь, — звярнулася да мяне намесніца начальніка. Я прыліпла да крэсла.
Карцінку, а менавіта момант аб’яўлення падзякі і ўручэння так званай граматы, турэмнікі пасля доўга круцілі па тэлевізары — у выхаваўчай перадачы «Вектар».
З цягам часу я зразумела, навошта гэта ўсё спатрэбілася.
Ну пра якую падзяку, пра якое «качественное выполнение производственного задания» можна весці гаворку, калі я адмаўлялася шыць вопратку для сілавікоў і праз гэта не вылазіла са штрафных ізалятараў?
З самога пачатку прыезду ў калонію я ў чорным спісе адміністрацыі. Турэмнікі заўсёды лічылі, што я кепска ўплываю і на палітвязняў, і на іншых асуджаных. Маўляў, дэманструю бунтарскі настрой, паказваю дурны прыклад.
Інсцэніроўка з падзякай не была звычайным тролінгам.
Мэта гэтага перформанса, апроч дыскрэдытацыі — зрушыць фокус успрыняцця рэчаіснасці для іншых палітзняволеных. Зрабіць штучнае ўражанне, што «в Багдаде все спокойно», што тут ніхто не бунтуе, што ўсіх усё задавальняе, нават самых апантаных бунтаршчыкоў. Таму, маўляў, сядзіце ціха і не адсвечвайце.
Расстраляйце, але бульбы не кранайце
Неяк пагналі нас чысціць бульбу.
Такія дзяжурствы ў гомельскай калоніі — рэгулярныя. Звычайна займаюць шмат гадзін, пасля ты ўвесь брудны, стомлены, а яшчэ мусіш ісці на працу.
Бульба часта была вельмі кепскай, часамі нагадвала адходы. Так было і ў той день: я жахнулася, калі разрэзала мяшок.
Бульба была цалкам гнілой, мокрай. З мяшка ва ўсе бакі папаўзлі чэрві. Мяне пачало ванітаваць. Давялося бегчы «за угол».
Увечары ў сталоўцы нам прапанавалі пюрэ з той самай гнілой бульбы — дакладней, з той рэшты, што ў нас атрымалася начысціць.
Ніхто амаль не еў, хаця ўсе былі галодныя. У калоніі ты ўвесь час галодны. Яшчэ некалькі дзён на ўсю зону стаяў смуродны пах. Не было чым дыхаць.
— Дзяўчаты, а вы таксама гэтую жахлівую бульбу чысцілі? — запыталася на наступны дзень на фабрыцы палітзняволеная сяброўка.
Каляжанкі заківалі галовамі, хтосьці цяжка ўздыхнуў, хтосьці пачаў паказваць брудныя пазногці (адмыць іх, як і рукі, з першага разу было немагчыма).
— Гэта ж трэба, на што замахнуліся! На святое для кожнага беларуса — на бульбу. Ну як можна было яе так захоўваць? Гэта ж не бульба ўжо, а адходы, — працягвала сяброўка. — Так справы не пойдуць. Рабіце з намі што заўгодна, хоць расстраляйце, але бульбы не кранайце.
На адно з такіх дзяжурстваў у сталовую прыйшоў начальнік калоніі. Асуджаныя іншага атрада чысцілі тую ж самую бульбу, смурод стаяў страшэнны, але ўсе змаўчалі, апроч палітзняволенай жанчыны.
— Як гэта можна чысціць, як гэта можна есці? Мы ж не свінні, грамадзянін начальнік, — звярнулася яна да Талсцянкова.
— Картошка нормальная, хватит придумывать, — адрэзаў ён. А ў палітзняволенай у хуткім часе пачаліся праблемы з аператыўкай.
— Ну нічога, за бульбу пацярпець — гэта гонар, — супакойвалі мы тады сяброўку.
— Дык я і ні пра што і не шкадую, — сумна ўсміхнулася ў адказ яна.
Нават у самых безнадзейных сітуацыях палітвязні імкнуцца захаваць пазітыўны настрой і стараюцца жартаваць. Чаго вартая толькі адна непахісная ўсмешка Марыі Калеснікавай.
Вядома, за кратамі бывае па-рознаму. І моманты апатыі, і адчай, і адчуванне бездапаможнасці — усё гэта таксама ёсць, не абышлі гэтыя пачуцці бокам і мяне.
Але ў крытычных сітуацыях, калі ўжо здавалася, што больш сіл няма, яны зноў аднекуль браліся.
У тым ліку дзякуючы вашай падтрымцы і салідарнасці.
Працяг будзе.