Паніхіда прайшла 23 ліпеня ў катэдральным саборы БАПЦ сьв. Кірылы Тураўскага. Пасьля яе адбылося мерапрыемства з памінальным абедам, арганізаваным фондам Крэчэўскага, прысьвечанае ўшанаваньню памяці палітзняволенага мастака.
Паніхіду адслужылі пратаярэй айцец Іван і дыякан Мікола – сьвятарства сабору. Людзі трымалі ў руках сьвечкі, сьпяваў хор, у царкве стаялі партрэты мастака.
На памятнай імпрэзе ў гонар Алеся Пушкіна прамаўлялі людзі, якія добра ведалі жыцьцёвы шлях мастака альбо сутыкаліся з ім. Прысутныя ўзгадвалі ягоныя перформансы і шлях да беларушчыны.
Мадэратарам сустрэчы выступіла Ала Орса-Рамана, грамадзкая дзяячка беларускай дыяспары ў Амэрыцы і старшыня фонду Крэчэўскага.
Скульптар Гэнік Лойка ўзгадаў прыход і вучобу Пушкіна ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па выяўленчым мастацтве для адораных дзяцей.
Спадарыня Валянціна Трыгубовіч ведала мастака з 1990 года. Я на добра распавяла пра ягоную карціну «Эпітафія дзеду». Гэты твор з’яўляецца адным з першых палотнаў творцы і быў адразу прыкмечаны як шэдэўр сусветнага ўзроўня. Яго шмат разоў рэпрадукавалі і набылі ў Нацыянальны мастацкі музей.
Таксама выступілі Алесь Пазьняк, Міхась Чаропка , Ганна Сурмач, Віктар Едізіновіч. Валер Дворнік прачытаў уласны верш, які ён прысьвяціў мастаку.
Нагадаем, што беларусы Ню-Ёрка зьбіраліся ў сераду, 12 ліпеня, каб ушанаваць памяць па Алесю Пушкіну. Месцам правядзеньня акцыі стала плошча перад катэдральным саборам у Брукліне.
Палітвязня мастака за некалькі тыдняў да смерці выключылі з Беларускага саюза мастакоў па рашэнні рады арганізацыі.
У сакавіку 2022 года творцу прыгаварылі да 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Адбываць пакаранне яго накіравалі ў папраўчую калонію ў Івацэвічах. Адміністрацыя ВК-22 ініцыявала перавод Алеся Пушкіна ў турму нібыта за сістэматычныя парушэнні рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суда мастака перавялі ў гродзенскую турму № 1, дзе ён мусіў правесці паўтара года.
У ноч з 10 на 11 ліпеня палітвязьня прывезлі ў гарадзенскую лякарню ў непрытомнасьці. Там мастак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, памёр ад наступстваў прабадной язвы страўніка.
Мастака пахавалі на радзіме ў мястэчку Бобр Крупскага раёна. Як стала вядома, моцныя болі ў Алеся Пушкіна пачаліся яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. Аднак турэмныя лекары абмяжоўваліся толькі абязбольвальнымі сродкамі. 11 ліпеня мастака ня стала…