Пазбаўленне грамадзянства — не беларускае ноу-хау, камуністычны рэжым меў падобную практыку, кажа ў размове з Е*р*р*д** юрыст, які спецыялізуецца на справах уцекачоў, Алесь Міхалевіч.
— Напачатку Савецкі Саюз дазваляў чалавеку выехаць, напрыклад, на пісьменніцкую канферэнцыю, а пасля дасылаў тэлеграму аб тым, што яго савецкае грамадзянства анулявана. Францыя такім асобам спакойна давала статус бежанца, з якім яны маглі спакойна жыць і працаваць. Гэта не станавілася непераадольнай праблемай.
Мы запыталіся ў Міхалевіча, што рабіць, каб гэта не стала непераадольнай праблемай для беларусаў, над якімі навісла пагроза застацца людзьмі без грамадзянства.
Падумайце пра міжнародную абарону
Перш за ўсё трэба абзавесціся відам на жыхарства ці інакш легалізаваць свой побыт у той краіне, дзе цяпер знаходзіцеся.
— Калі Беларусь забярэ грамадзянства, трэба падумаць аб падачы на міжнародную абарону. І выкарыстоўваць сваю экстрэмісцкую справу, каб даказаць, што вы з’яўляецеся асобай, якой пагражае пераслед у сваёй краіне.
Бо гэтай справай фактычна будзе зафіксаваны факт пераследу. Мы ўсе разумеем, што гэтыя экстрэмісцкія артыкулы сведчаць аб тым, што чалавек так ці інакш удзельнічаў у палітычным жыцці.
Міхалевіч зазначае, што важны момант у зменах закона «Аб грамадзянстве» — абавязак дэклараваць грамадзянства іншай дзяржавы, наяўнасць віду на жыхарства ў іншай дзяржаве або іншыя дакументы, якія даюць прэферэнцыі за мяжой.
— Вядома, гаворка вядзецца пра «карту паляка». Думаю, афіцыйны Мінск будзе ўводзіць і адказнасць за недэклараванне гэтых дакументаў.
Дзе бяспечней прачнуцца чалавекам без пашпарта?
— У краіне з добрай прававой сістэмай. Перш за ўсё абірайце краіны ЕС і ўвогуле краіны Захаду ў шырокім разуменні — то-бок, напрыклад, ЗША, Канаду. Калі гэта немагчыма — іншыя краіны, такія як Грузія ці Малдова.
Што рабіць з «ануляваным» пашпартам, калі яго тэрмін дзеяння яшчэ нескончаны?
— Пакуль незразумела, ці будзе Беларусь падаваць гэтыя дакументы як «страчаныя» ці «нядзейсныя» ў базу Інтэрпола. Калі будзе — гэта праблема.
А калі не, дык тэарэтычна чалавек зможа карыстацца сваім пашпартам да канца тэрміну дзеяння дакумента, і адпаведна працягваць з ім усе свае віды на жыхарства.
Пазбаўленне грамадзянства — беларуская вынаходка?
— У адпаведнасці з універсальным правам, з Міжнароднай дэкларацыяй правоў чалавека кожны мае права на «nationality» — гэтае паняцце ўключае ў сябе грамадзянства. І ні адзін чалавек не можа быць бяспраўна пазбаўлены гэтага права.
У дэмакратычных краінах бываюць выпадкі пазбаўлення грамадзянства. Але гаворка пра краіны, дзе ёсць забарона на двайное грамадзянства — а чалавек усё адно яго атрымлівае.
Але ў такіх выпадках чалавека не пазбаўляюць базавага права на грамадзянства, бо дэ-факта іншае грамадзянства ў яго ёсць. Дарэчы, Рэспубліка Беларусь не забараняе падвойнае грамадзянства — яна проста не прызнае падвойнае грамадзянства, а гэта розныя рэчы.
Гэта значыць, напрыклад, што консул іншай дзяржавы не будзе дапушчаны да чалавека, бо Рэспубліка Беларусь будзе лічыць яго толькі сваім грамадзянінам.
І толькі ў фашысцкіх ці камуністычных рэжымах у людзей забіралі грамадзянства проста так, прытым, што ніякага іншага грамадзянства ў іх не было.