Праваабаронцу з Маладэчна Алесю Капуцкаму давялося на ўласным досведзе даведацца — што такое апынуцца за кратамі. Але, выйшаўшы на волю, Алесь не спыніў сваю дзейнасць і разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» дапамагае і падтрымлівае беларусаў, што падвергнуліся рэпрэсіям. Госць «Радыё Рацыя» расказаў аб важнасці гістарычнай тапаніміцы ў назвах вуліц, а таксама звярнуўся да сваякоў палітвязняў з просьбай не замоўчваць сітуацыю:
РР: Раней вы займаліся тым, што вярталі вуліцам Маладэчна гістарычныя назвы. Цяпер усё часцей з’яўляюцца навіны аб тым, што ўлады вырашылі скасаваць лацінку ў назвах беларускіх вуліцаў, і таксама, паводле статыстыкі, у Беларусі савецкіх назваў нашмат больш, чым гістарычных. На вашую думку, наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя, і чым гэта можа абярнуцца.
— Па-першае адзначу, што я не мяняў вуліцы. Я проста браў удзел у гэтым працэсе як сакратар камісіі перайменавання. Рашэнні я не прымаў, але мог сваю думку выказаць. У прынцыпе, маю да гэтага дачыненне. Наконт лацінкі, пакуль што я не бачу нейкае небяспекі, у тым што яе скасавалі. Па-першае, яна была няправільная, скалечаная. Гэта нават нельга было назваць нашай лацінкай нацыянальнай. Гэта проста была такая транслітарацыя. Але рэч у тым, што гэта ж вельмі вузкі сегмент ахоплівала лацінка. Яна мала ўплывала на свядомасць людзей. Каб гэта было паўсюдна, каб імёны і прозвішчы перакладаліся ў пашпартах, а не так як цяпер, ангельская транслітарацыя. Каб ва ўсім паралельна з кірыліцай усё было на лацінцы, то можна было б біць у званы, маўляў, дзеіцца штосьці страшнае. На маю думку, зменіцца сітуацыя, вернецца і лацінка – толькі ўжо нармальная лацінка. Вялікай такой праблемы пакуль што я не бачу.
РР: Удакладню, што маладыя беларусы, што нядаўна нарадзіліся, і растуць у атмасферы таго, што вакол іх савецкія вуліцы. Наколькі гэта адбіваецца на свядомасці?
— Безумоўна, гэта моцна адбіваецца на свядомасці, хоць маладыя людзі, дзеці, яны нават ужо не ведаюць хто такі Ленін. Але тым не менш, для большасці людзей, гэта штосьці сваё: тое, што на кожным кроку Леніны, Дзяржынскія, гэта для большасці сталых людзей, гэта такое сваё. Для моладзі гэта ўжо збольшага, вядома, няўцямна, што гэта за людзі. Натуральна, што трэба гэта змяняць, бо рана ці позна чалавек спытаецца, а на якой я вуліцы жыву, і бачыць, што гэта бальшавіцкая пачвара, што знішчала людзей. І калі гэта паўсюль, гэта адбіваецца на свядомасці людзей, з часам яно замацоўваецца ў свядомасці, людзі скараюцца гэтаму, і думаюць, што гэта нармальна. Таму, безумоўна, з гэтым трэба штосьці рабіць. І я думаю, гэта будзе зроблена пры змене сітуацыі. Трэба будзе абавязкова ладзіць кампанію дэкамунізацыі, дэсаветызацыі, дэрусіфікацыі. Гэта мае разам ісці. Я думаю, што гэта будзе зроблена, хаця наш народ вельмі „саўковы“ ў сваёй свядомасці. Але, я думаю, што будзе палітычная воля тых людзей, якіх абяруць у новы парламент, новыя структуры ўлады. Бо з гэтым мірыцца нельга, гэтага не мае быць. Гэта тое самае, калі б у Нямеччыне засталіся ўсе гэтыя назвы Фюрэраў і г.д.
РР: Вы ўжо доўгі час працуеце з Вясной. Калі не памыляюся, калі 20-і гадоў. Раскажыце, на якія аспекты скіраваная дзейнасць Вясны.
— Найперш, мяркую, і найбольш, скіравана на інфармацыйную працу. Гэта звязана з тым, што ўвесь час звужаюцца крыніцы інфармацыі, людзі, што могуць расказаць пра тое, што адбываецца ў іхным месце, іхным сяле, вобласці, раёне. Многія альбо павыязджалі, альбо проста прытаіліся і сядзяць, намагаюцца нідзе не свяціцца. Здабыць інфармацыю, гэта ўсё ж такі трэба распытаць, дзесьці штосьці пашукаць, а гэта можа выклікаць падазрэнні. Таму з гэтым у нас найбольш складана, хаця даем, вядома, рады, але тут яшчэ праблема ў тым, што нават, калі мы ведаем, што кагосьці рэпрэсавалі, і выходзім на сваякоў, то многія сваякі проста ўмаляюць, просяць, каб ніякай інфармацыі зусім не давалі. Не давалі статус палітвязня, не пісалі нічога. Хаця, я думаю, што гэта вялікая памылка, бо людзей у СІЗА, у калоніях, прэсуюць, незалежна ад таго, палітвязень ён, ці не палітвязень, бо тых, каму начэпленыя гэтыя вядомая жоўтыя цэтлікі, напэўна, удвая болей чым тых, каго прызналі палітвязнем. Бо каб прызнаць палітвязнем, трэба інфармацыя, і часта мы яе не ведаем. І калі пра чалавека няма інфармацыі, то з ім можна рабіць што хочаш.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле