Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета выбітным асобам

Урачыстая цырымонія адбылася напрыканцы першага дня афіцыйнага візіту дэмакратычнай лідаркі ў Варшаву.

Падчас цырымоніі было адзначана некалькі асоб, якія праявілі выключную адданасць сваёй працы і барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці.

Медалём Францыска Скарыны была ўзнагароджаная Альжбэта Смулкова – мовазнаўца, славістка, беларусістка, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі.

Медаль Францыска Скарыны ўручаецца асобам за выбітныя заслугі ў прафесійнай дзейнасці ў галіне навукі, адукацыі і культуры, а таксама за значны ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларускага народа.

Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджаныя:

▪️Ян Маліцкі – прафесар, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта;
▪️Роберт Тышкевіч – польскі палітык, выдавец, грамадскі дзеяч;
▪️Мацей Радзівіл – грамадскі дзеяч, фінансіст, мецэнат.

Гэты медаль уручаецца за выбітныя дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці, накіраваныя на карысць беларускага народа і дзяржавы ў розных сферах.

Медалём «За гонар і годнасць» быў адзначаны:

▪️Андрэй Янушкевіч – беларускі гісторык, выдавец, дырэктар выдавецтва «Янушкевіч».

Гэтая ўзнагарода прысуджаецца тым, хто праявіў выключную адданасць у барацьбе за свабоду, нацыянальныя каштоўнасці і правы чалавека, і страціў усё ў гэтай барацьбе.

Цырымонія завяршылася нефармальным абменам думкамі і нэтворкінгам.

tsikhanouskaya.org