У Беластоку пройдзе справаздачна-выбарчы з’езд БХД

Павел Севярынец

У гэтую суботу, 24 кастрычніка, у Беластоку пройдзе вялікі справаздачна-выбарчы з’езд Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Плануецца ўдзел каля 150 дэлегатаў і гасцей форуму з усёй Еўропы.

Сярод мэтаў з’езду – аб’яднанне беларускіх прыхільнікаў хрысціянска-дэмакратычнага руху, выбары кіраўніцтва і наладжванне стасункаў з еўрапейскімі партнёрскімі партыямі.

Гаворыць сустаршыня аркамітэту па стварэнні Партыі БХД – Павел Севярынец:

– Будзе важная падзея. Гэты з’езд мы робім у Беластоку. Ён паміж двух асноўных беларускіх цэнтраў ва Усходняй Еўропе – паміж Вільняй і Варшавай. Тут беларуская дыяспара, тут беларусы жывуць здаўна. І таму гэты горад абраны як ключавы для аднаўлення Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Для нас гэта вельмі важна. Хрысцянская дэмакратыя – гэта такая выключная, станавая ідэя для беларускай палітыкі, для беларускай дзяржаўнасці вось ужо тысяча гадоў. І аднавіць такую плынь – абавязак нашага пакалення.

Сімвалічна, што з’езд будзе праводзіцца ў дзень, калі роўна 100 гадоў таму – 24 кастрычніка 1926 года ў Вільні на святкаванні 10-гадовага юбілею газеты «Крыніца» было прынята рашэнне аб пераўтварэнні Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці ў паўнавартасную палітычную партыю — Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (БХД).

racyja.com