Чаму аўтарытарызм трымаецца: лекцыя Пачобута, «людзі Гобса» і пытанне, на якое няма простага адказу

Лекцыя Анджэя Пачобута падчас урачыстага адкрыцця навучальнага года ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

15 кастрычніка журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут выступіў з інаўгурацыйнай лекцыяй на адкрыцці акадэмічнага года ў Studium Europy Wschodniej (SEW) Варшаўскага ўніверсітэту. Лекцыя мела назву «35 гадоў пасля распаду СССР. Чаму homo sovieticus яшчэ жыве?».

Сапраўды, важнае пытанне – чаму яшчэ жыве? І можа нават больш важнае – што з гэтым рабіць?

Анджэй адзначае, што прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе быў савецкім рэваншам. Аднак лектар ня зводзіць гэта адно да палітычнай постаці. Гэта быў выбар, рашэнне, воля ладнай часткі беларускага грамадства. Такую візію Пачобут захоўвае і адносна значна больш позняга часу.

У 2020 годзе быў папулярны мэм «Саша3%», маўляў, толькі 3 % беларусаў падтрымліваюць Лукашэнку. Як можна зразумець з тлумачэнняў Пачобута, ён не падзяляе такі погляд ні адносна 2020 году, ні адносна цяперашняга часу.

Можна паспрачацца з тэрміналогіяй Анджэя, з яго звядзеннем канфлікту да супрацьстаяння Еўропы і Азіі: «Калі геаграфічна сёння Беларусь – частка Еўропы, то палітычна – частка Азіі, частка тых шаблонаў, якія былі прышчэпленыя азіяцкімі сатрапіямі».

Японія і Індыя – цалкам сабе азіяцкія, аднак пры гэтым дэмакратычныя дзяржавы. З іншага боку, у перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі парадкі амаль ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку і ў Польшчы, былі далёкімі ад дэмакратычных.

Нарэшце, можна прыгадаць словы канцлера колішняй Аўстра-Вугорскай імперыі Клемэнта Мэтэрніха, што Азія пачынаецца за ўсходняй брамай Вены.

Так што геаграфічна лакалізаваць схільнасьць да аўтарытарызму – задача, напэўна, марная.

Анджэй Пачобут прысутнічае падчас урачыстага адкрыцця навучальнага года ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Таксама спрэчным выглядае звядзенне праблемы да савецкасці. Адносна Беларусі гэта можа і апраўдана з прычыны асабістага сентыменту дыктатара да савецкага антуражу. Ён, напэўна, нават ганарыцца, калі яго лічаць і называюць спадкаемцам СССР.

Аднак нават сучасная Беларусь – зусім не рымэйк БССР.

У СССР прыватная ўласнасць адсутнічала як такая, у Беларусі палова ВУП вытвараецца на прыватных прадпрыемствах. СССР быў аднапартыйнай дыктатурай, сучасная Беларусь – беспартыйная дыктатура, партыя «Белая Русь» ніякай палітычнай ролі ў дзяржаве не адыгрывае.

Калі ж казаць пра іншыя постсавецкія краіны, то ў іх яшчэ менш, чым у Беларусі, нават савецкага антуражу, не кажучы ўжо пра сутнасныя і структурныя рэчы.

Пры тым, што аўтарытарызм там прыкладна такі ж суровы, як у Беларусі. І там шмат дзе ён паспяхова прайшоў небяспечны для яго тэст змены ўладара.

У Туркменістане, Азербайджане, Узбекістане, Казахстане персона на вяршыні памянялася, сістэма ўлады – па вялікім рахунку не.

І не выпадае тлумачыць гэта тым, што кепскія людзі там захапілі ўладу і не захацелі аддаць народу. І савецкай спадчынай тлумачыць можна, але і такое тлумачэнне не падаецца вычарпальным.

Так выглядае, што ва ўсіх гэтых выпадках сістэма захоўваецца дзякуючы масаваму грамадскаму апірышчу, таму, што яна адпавядае ўяўленням многіх грамадзянаў аб тым, якой улада павінная быць.

Да таго ж моц і прывабнасць аўтарытарызму не абмяжоўваецца абшарам былога сацлагера. Ва ўсіх на вачах прыклад Ірана, які не абрынуўся і дагэтуль супраціўляецца ваеннаму ціску першай дзяржавы свету.

Лекцыя Анджэя Пачобута падчас урачыстага адкрыцця навучальнага года ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Тлумачыць жывучасць тамтэйшай сістэмы нейкімі цудадзейнымі якасцямі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), напэўна, можна, але можна дапусціць, што ўлада КВІР моцная ў тым ліку і падтрымкай ладнай часткі грамадства.

Але справа напэўна не ў цэтліках – геаграфічных ці палітычных. Пачобут у сваёй лекцыі казаў, што вядзе мову пра прывязанасць людзей да моцнай рукі, пра іх надзею на тое, што моцная ўлада можа вырашыць усе праблемы.

Мне здаецца, палітыка-псіхалагічны механізм гэтай з’явы ўдала апісаў палітолаг Андрэй Лаўрухін у артыкуле «Стаўленне да гвалту раскалола беларускае грамадства»:

«Для Лукашэнкі і яго прыхільнікаў (свядома ці несвядома) гвалт – гэта неабходная ўмова існавання палітычнага свету. Грамадзянская супольнасць у яе «натуральным стане» ідэнтыфікуецца імі са станам хаосу, «вайны ўсіх супраць усіх» (Гобс). Адсюль і сакралізацыя дзяржавы – дзяржава аказваецца самакаштоўнай, бо толькі дзякуючы апарату легітымнага гвалту ўсталёўваецца той мір і парадак, які самі грамадзяне без гэтага дзяржаўнага гвалту ўсталяваць і падтрымаць не ў стане».

У XVII стагодздзі англійскі філосаф Томас Гобс напісаў кнігу «Левіяфан», у якой даводзіў, што дзяржава – гэта пачвара, якая, аднак, ратуе людзей ад узаемнага вынішчэння.

Для людзей з такім светапоглядам, так бы мовіць, для «людзей Гобса», адсутнасць ці нават аслабленне брутальнай улады – гэта шлях да сацыяльнай катастрофы.

І такі светапогляд – тут Пачобут мае рацыю – уласцівы не толькі ладнай частцы беларусаў, не толькі многім на постсавецкай прасторы, але і за яе межамі, папросту – па ўсім свеце.

Пачобут у сваёй лекцыі прапануе Захаду чэрпаць натхненне з досведу змагання часоў «халоднай вайны». Досвед і сапраўды карысны хаця б тым, што ў рэшце прывёў да перамогі.

Аднак супрацьстаянне часоў «халоднай вайны» было найперш ідэалагічным. Цяпер ні Кітай, ні Расея, ні тым больш Беларусь ніякага ідэалагічнага выкліку Захаду не кідаюць. І таму ёсць сумневы, што інструменты, якія былі распрацаваныя ў гады «халоднай вайны» для супрацьстаяння менавіта такому выкліку, спрацуюць у выпадку чыста геапалітычных ці нават эканамічных выклікаў.

Але ўяўляецца, што хіба не больш складанае пытанне – а што рабіць з «людзьмі Гобса» цяпер, у светлай будучыні і пры пераходзе да яе?

Павел Латушка прысутнічае падчас урачыстага адкрыцця навучальнага года ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Перамагчы іх сілай? Ну гэта як атрымаецца. Перамагчы іх духам? Дамовіцца з імі, знайсці нейкі кампраміс?

Добра, што Пачобут прынамсі паставіў пытанне. У плашчыні больш практычнай палітыкі гэтая спрэчка ўвасабляецца ў розныя падыходы Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі з аднаго боку і Марыі Калеснікавай – з іншага.

А сам Анджэй выбраў свой адказ ці свой пошук адказу. Ён едзе ў Беларусь, нягледзячы на ўсе рызыкі. Едзе каб размаўляць з людзі там. З рознымі, у тым ліку і з тымі, пра якіх казаў у сваёй лекцыі ў Варшаўскім універсітэце.

Ён, як і раней, спадзяецца, што слова можа змяніць людзей.

Юры Дракахруст, belsat.eu