
Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук анансавала вяртанне на сцэну. Артыстка праедзе па некалькіх гарадах з рознымі праграмамі, у паездках разам з ёй будзе маленькі сын. Маргарыта расказала «Белсату» пра рыхтаванне да канцэртаў.
Два гады таму беларуская оперная спявачка Маргарыта Ляўчук нарадзіла сына, а цяпер абвясціла пра канцэртныя туры.
«Маць выходзіць з дэкрэту!» – з жартам напісала яна ў сацсетках.
У размове з «Белсатам» артыстка падзялілася, што спяваць увесь гэты час не пераставала.
«Насамрэч, канцэртная дзейнасць у мяне не спынялася, таму што я дзень у дзень, ноч у ноч спяваю гэтыя два гады калыханкі, і не толькі майму маленькаму сыночку, – кажа Маргарыта. – Нядаўна ён цэлую гадзіну сядзеў і слухаў, як я спявала оперу».
Ляўчук кажа, што ейны сын Максім, якому амаль два гады, ужо ведае, што мама – оперная спявачка. І жартуе: Максім ужо гатовы прыйсці на ейны канцэрт. Дарэчы, з Украіны, дзе жыве сям’я, на гастролі хлопчык паедзе разам з мамай.
«У мяне ёсць час падрыхтавацца [да выступаў], таму гэта будзе вельмі проста, – кажа суразмоўца і адразу сябе выпраўляе. – Але і няпроста, бо я буду з маленькім дзіцем. Гэта будзе для мяне чэлендж, канешне. Але я думаю, усё ўдасца».
У Ляўчук запланаваныя некалькі гастрольных тураў. З класічнай і джазавай операй, сатырычнымі канцэртамі «Краснай Зелені» і калядным турам з хорам Unia ў лістападзе і снежні яна выступіць на Кіпры, у Рызе, Вільні і некалькіх гарадах Польшчы.
Спявачка кажа, што лёгка пераключаецца паміж жанрамі і вобразамі. Яна адзначыла, што на канцэртах будуць як кампазіцыі, якія ўжо гучалі ў ейным выкананні, так і новыя арыі, «патрыятычныя сатырычныя» песні.
«Каштоўнае для мяне – гэта тое, што я ўжо магу выйсці на сцэну і падарыць свой голас людзям, маім даражэнькім слухачам, – сказала Маргарыта. – Прыходзьце, даражэнькія беларусы і не толькі, на мае канцэрты, я буду вельмі радая ўсіх вас бачыць».
Маргарыта Ляўчук асудзіла фальсіфікацыі на выбарах 2020-га і далейшы гвалт супраць пратэстоўцаў, праз пагрозу рэпрэсіяў зʼехала з краіны.
Артыстка жыла ў Літве, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ездзіла разам з украінскімі калегамі з канцэртамі да вайскоўцаў ЗСУ. Беларуская оперная спявачка выйшла замуж за ўкраінскага ваяра Руслана Карнійку – сямʼя жыла ў Харкаве, а нядаўна пераехала ў Кіеў.
У 2024-м Ляўчук была асуджаная за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні «Рудабельская паказуха» і «здзяйсненні ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў». Дакладны прысуд ёй невядомы, але гэта ад шасці да васьмі гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 500 да 800 базавых велічыняў.
Сёлета на яе завялі яшчэ адну крымінальную справу ў Беларусі – «за знявагу» Аляксандра Лукашэнкі.
