
У пачатку 2000-х гарадзенец Стас Ільін зьехаў у Лёндан. Праз два гады вярнуўся ў Беларусь, у 2007-м эміграваў у ЗША. Цяпер вясной і летам ён працуе «дальнабойнікам», зімой ладзіць рэтрыты і «шаманіць». А яшчэ піша кнігі.
Стас Ільін нададзіўся ў Горадні ў творчай сям’і. Да 7-й клясы хлопец вучыўся ў беларускамоўнай школе.
«Мае бацькі — мастакі, у сям’і размаўлялі па-расейску, а бабуля, знакамітая паэтка і пэдагог Данута Бічэль-Загнетава, увесь час размаўляла выключна па-беларуску — у яе роднай вёсцы Біскупцы на Лідчыне „гавэндалі“ на заходнебеларускай гаворцы», — узгадвае ў размове з «Радыё Свабода» Стас.
Пасьля школы Ільін паступіў у Лінгвістычны ўнівэрсытэт у Менску. У 19 гадоў зьехаў у Лёндан. Прызнаецца, што там дзе ён толькі ні працаваў — і на будоўлі, і ў клінінгу, і ў мясной краме.
«І прыбіральнікам у стрып-клюбе працаваў, і агентам ад электрычнай кампаніі, які хадзіў, грукаў у дзверы і ўгаворваў людзей пераключыцца на іншага правайдэра. І там, у Лёндане, жыў у сквоце… Гэта такія закінутыя дамы, у якія людзі засяляюцца бясплатна і жывуць», — узгадвае Стас.

Праз два гады ангельскага жыцьця ён вярнуўся ў Беларусь, аднавіўся ў Лінгвістычным. Але праз паўгода зьехаў зь Беларусі зноў, на гэты раз у ЗША.
«Быў 2007 год. Мы зьехалі з рок-гуртом Stinkface, гралі heavy metal — хацелі скарыць Амэрыку. Але скончылася ўсё, як і ў Лёндане, — цяжкай фізычнай працай: на будоўлі, на ўсталяваньні мэблі і мармуровых стальніц, дастаўцы піцы… Потым вывучыўся на „дальнабойніка“», — апавядае Стас.

З таго часу ён і езьдзіць па ўсёй Амэрыцы. Калі мы размаўляем для публікацыі, ён кіруе вялізным грузавіком, едучы па штаце Індыяна, які называе «самай нуднай часткай Амэрыкі» — там спрэс кукурузныя і бульбяныя палеткі.
Магічнае месца
Стас расказвае, што 2019 і 2020 гады былі самымі цяжкімі — праз ковід. Працы не было, людзі думалі, што рабіць далей.
«Мы зь сябрамі зьезьдзілі на рэтрыт паводле мэтаду Віма Гофа і вырашылі таксама зладзіць штосьці такое. Набылі месца ў лесе ў штаце Нью-Ёрк і зрабілі там свой рэтрыт-цэнтар», — апавядае суразмоўца.
Мэтад Віма Гофа (Wim Hof Method) — сыстэма аздараўленьня і загартоўкі, якую распрацаваў галяндзец Вім Гоф. Яна спалучае тры асноўныя элемэны: практыкаваньні для дыханьня, узьдзеяньне холадам і мэнтальную канцэнтрацыю.

«Самога Віма Хофа называюць „ледзяны чалавек“. Ён крыху дзіўнаваты, у адной бялізьне ўзышоў на Манблян, сядзеў паўгадзіны ў купе зь лёдам (ёмістасьці — РС) у цэнтры Нью-Ёрку, на Таймс-Сквэр. Гэта „лячэньне холадам“ папулярнае цяпер па ўсім сьвеце. Так што збольшага я працую „дальнабойнікам“ вясной і летам, а ўзімку мы жывем у лесе і ладзім рэтрыты. Гэта месца мы назвалі Narnia Escapes — назвай прыцягнулі магію да сябе. Шмат частак маёй апошняй фальклёрна-фантастычнай кнігі „Водбліскі К“ былі напісаныя менавіта там: магічнае месца натхніла мяне на казачны сюжэт», — прызнаецца Стас.
Піша Стас з 2008 году. Некалькі гадоў ён вёў аўтарскую калёнку «Інтэрстэйты» у расейскамоўным часопісе «Дальнобойщик — Америка».
Сваю першую кнігу «Ветравая шыба» напісаў па-расейску — аповесьць ў форме дзёньніка. Галоўны герой — 30-гадовы эмігрант зь Беларусі, які шукае сябе, зьмяняючы адну прафэсію за другой. Кніга выйшла ў выдавецтве «Галіяфы» ў 2017 годзе. Другая — «On — Off» — таксама аб працы і эміграцыі — выйшла ў 2021 годзе ў «Галіяфах».

«Яшчэ пасьля першай кнігі „Ветравая шыба“, напісанай мной па-расейску, выдавец Зьміцер Вішнёў казаў: „Пераходзь на беларускую мову“. Але калі я пісаў пра эміграцыю, гэта было б ненатуральна, бо там людзі з былых савецкіх рэспублік — Украіны, Малдовы, Грузіі — паміж сабой па-расейску размаўляюць. У першых кніжках былі дыялёгі простых людзей. Так што раней я быў аматарам рэалізму. Пасьля 2020 году, пасьля пачатку вайны, захацелася зьбегчы ў нейкую казку, містыку. І калі мы набылі гэтае магічнае месца сілы для рэтрытаў паводле мэтаду Віма Гофа, я зразумеў, што трэба пісаць па-беларуску», — кажа Стас Ільін.

І шчыра прызнаецца, што яму цяжка было пачаць пісаць на беларускай мове, бо ў ЗША ў яго няма моўнага асяродзьдзя.
«Беларускія суполкі тут ёсьць, нават ёсьць такая „фішка“: беларусы сьпісваюцца ў тэлеграм-чатах, і ў нейкі пэўны час не знаёмыя паміж сабой людзі выходзяць у відэачат і проста размаўляць па-беларуску. А вялікага асяродзьдзя усё адно тут няма. Цягам двух гадоў я вельмі актыўна чытаў і слухаў сучасную беларускую літаратуру, глядзеў увесь беларускамоўны ютуб, усмоктваў беларускую мову, каб яна сама лілася», — узгадвае суразмоўца.
Нерэальны казачны сюжэт
На думку Стаса Ільіна, збольшага сучасная беларуская літаратура — вельмі сур’ёзная, рэфлексійная: пра самавызначэньне, пра мінулае. Ён кажа, што зараз чытае раман Уладзімера Някляева «Гэй бэн гіном» — пра Беларусь, пра Янку Купалу, ягоны лёс.

«Мне здаецца, што чытачу хочацца адарвацца ад гэтай сур’ёзнасьці, хочацца кніг з гумарам, кніг казачных. Мне вельмі спадабаліся крутыя дзіцячыя казкі Ганны Янкуты пра Ката Шпрота і пра Марту і яе мару пра сьнег. Вельмі крутая кніга Пятра Васючэнкі „Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі“. Яны шляхцічы, невядома, дзе яны жывуць, лётаюць на зорным ровары, п’юць рэпавую каву і рэпавае віно — у іх усё з рэпы. Кніга незвычайная, там шмат псыхадэлічных, фантасмагарычных момантаў. Падабаецца мне і Андрэй Горват, ягонае „Радыё Прудок“, а таксама Васіль Грынь, у якога хутар пад Валожынам, які ладзіць агратурызм, гэта такі даўншыфтынг — вельмі цікавыя замалёўкі пра вясковае жыцьцё. Кніга называецца „Не адчайваемся“ — яна пра суседа аўтара, Браніслава», — называе свае літаратурныя ўпадабаньні суразмоўца.

Стас кажа, што зараз аддае перавагу не сур’ёзнай і дэпрэсіўнай літаратуры, а менавіта лёгкай. І сам такую спрабуе пісаць. А штуршком для таго, каб пісаць фантастыку, сталі кнігі пра Гары Потэра ў перакладзе на беларускую мову, якія яму прывезьлі з Варшавы. Праглынуў тры кнігі запар.

«Раней я не чытаў Гары Потэра — ні па-расейску, ні па-ангельску. Гары Потэр мяне ўразіў, гэта такі кайф! Я зразумеў, што беларуская мова вельмі-вельмі пасуе для нерэальнага, казачнага сюжэту, і ў гэтым яе фішка, сэнс. Пра нейкія бытавыя, банальныя рэчы табе ня хочацца на ёй размаўляць. А вось для нечага казачнага — беларуская супэр пасуе! Я зразумеў, што хачу напісаць па- беларуску нейкую фантасмагорыю, казку. І прыдумаў фантастычны сюжэт», — расказвае Ільін.
Мама і бабуля — галоўныя крытыкі
У кнізе «Водбліскі К» шмат цікавостак пра падрыхтоўку да Калядаў, калядныя стравы, пра якія баба Фроня апавядае сваім унукам:
«У мамы зь цёткай Яняй былі „кісельныя спаборніцтвы“ — мы зь сястрою гэта так называлі. Мама рабіла кісель з аўса, пару дзён там нешта замочвала, працэджвала, пералівала з аднаго слоіка ў другі. Потым амаль цэлы дзень той кісель трэба было варыць і ўвесь час памешваць. А цётка Яня рабіла ўсё вельмі хутка — штосьці пацёрла, насыпала, у рандэльцы паварыла, на прыпек паставіла — і гатова! Чырвоны такі, з журавінаў, вельмі смачны…
Дзед Мікалай гатаваў вельмі смачныя галушкі. Потым ён тоўк у ступе мак, а мы зь сястрой залівалі яго салодкай вадой, кідалі туды тыя галушкі, і трэба было чакаць да вечара, каб іх пакаштаваць. А цётка Яня рабіла „вушкі“ — смажыла з цыбулькай баравічкі, потым клала іх на такія трыкутнікі з раскачанага цеста і складала, зашчыпваючы. І потым — у гліняны гаршчок і ў печ, ці проста смажыла на патэльні».

Мы запыталіся ў Стаса, адкуль ён ведае такія дэталі.
«Радзіма маёй бабулі Дануты — вёска Біскупцы Лідзкага раёну, усе традыцыі адтуль. Там у дзяцінстве я часта бываў. Я ўсім сваякам тэлефанаваў і пытаўся: „Што вы рабілі на Каляды, як варылі той кісель?“ Бо сам я тыя часы не застаў, калі рабілі згодна з традыцыямі продкаў: як на сена засьцілалі абрус, як з гарбуза рабілі калядную зорку», — расказвае суразмоўца.

Маці і бабуля яго ўважліва чытаюць і крытыкуюць. Яшчэ адзін фрагмэнт:
«Сакавітая бульба сонца ўжо напалову падсмажылася на патэльні далягляду. Зоркі пачыналі прасьвечвацца праз шэрую поўсьць вечаровага неба»
«Што да гэтай „сакавітай бульбы“, і мая мама, і бабуля-паэтка давай крытыкаваць: „Бульба ня можа быць сакавітай! Ягада можа, а бульба — не“. Я пярэчу: „Калі я бяру бульбу і тру на дранікі, зь яе палова рондаля нейкай вадкасьці выцякае. Гэта што — ня сок?“ — „Не, гэта ня тое“, — сьцьвярджаюць яны. „Гэта ж мастацкая літаратура“, — кажу я. Вось так і спрачаемся», — апавядае Стас.
Мара пажыць шаманам
Кніга «Водбліскі К» выходзіць у выдавецтве RozUM у Познані. Стас кажа, што ў ЗША наагул няма беларускіх выдавецтваў, дый кнігі там дорага выдаваць.

«Мой брат неяк завітаў на кніжны кірмаш у Беластоку і пазнаёміўся з Паўлам Лягчылавым з выдавецтва RozUM. Працаваць зь ім вялікае задавальненьне! З дызайнам я сам вызначыўся, калі прыдумаў кнігу, ужо ведаў, як будуць выглядаць вокладка, ілюстрацыі. Брат робіць відэатрэйлеры кнігі. У мяне была галоўная ідэя — не зрабіць спойлер, бо калі зразумееш, у чым там цымус, будзе нецікава чытаць. Таму назва кнігі павінна быць вельмі нэўтральная. Але шмат мэтафараў пачнуць працаваць і з „Водбліскамі“, і зь літарай „К“ у назьве. На прэзэнтацыях будзе інтэрактыў, а ня проста размова пра кнігу», — абяцае аўтар.

У лістападзе Стас Ільін плянуе зрабіць вялікі эўрапейскі тур. Прэзэнтацыя «Водбліскаў К» адбудзецца 14 лістапада на фэстывалі «Прадмова» ў Варшаве, потым будуць Познань, Уроцлаў, Прага, Кракаў, Гданьск, Беласток. А наступная кніга будзе пра Narnia Escapes, дзе Стас Ільін ладзіць рэтрыты.
«Я 15 гадоў жыў у Філядэльфіі. Гэта вялікі горад, а я ўжо стаміўся ад такіх гарадоў. Таму збудаваў сабе мангольскую юрту пад Нью-Ёркам, і ў мяне ёсьць мара: пажыць такім шаманам у юрце ў лесе. Пляную ўвогуле пераехаць у гэта магічнае месца. Хочацца знайсьці новы шлях», — кажа Стас.
