У Кракаве 22 кастрычніка адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння 23-й Польскай прэміі імя Сэржыу Віейры ды Мелу. Арганізатарам мерапрыемства выступае Таварыства «Віла Дэцыюша» (Stowarzyszenie Willa Decjusza).

Цяперашнім лаўрэатам у намінацыі «Асоба» стаў беларускі юрыст, пісьменнік і абаронца вяршэнства права Максім Знак. Паводле ягоных слоў, гэтая высокая адзнака, як і постаць самога бразільскага дыпламата, імя якога носіць прэмія, адлюстроўвае ідэалы, за якія змагаліся і працягваюць змагацца беларусы:
– Ягоныя словы як раз адлюстроўваюць тое, што мы рабілі, тое, што мы казалі, тое, за што мы стаялі ў 2020 годзе і зараз. Вось таму я і кажу, што гэта для мяне стала такім знакам, сімвалам і пацверджаннем, што тое, што мы робім – гэта не проста мары, а тое, на чым існуе чалавецтва. Асабіста для мяне гэта так.
Падчас сваёй прамовы Максім Знак згадаў сваіх калег-адвакатаў і палітвязняў, а таксама падзякаваў арганізатарам і супольнасці за магчымасць правесці адкрытую дыскусію і падкрэсліў надзвычайную важнасць захавання міжнароднай салідарнасці з беларускім грамадствам:
– Я згадаў асабіста Дзмітрыя Лаеўскага, сказаў, што ён і трох хвілін не мусіць знаходзіцца за кратамі, не кажучы ўжо пра тры гады. На цырымоніі ўзнагароджання я бачыў, што людзі ўважліва слухалі, а потым была яшчэ дыскусія, што сведчыць, ёсць увага да беларускага пытання, павага да таго, як беларусы за свае правы стаялі і стаць. Мы рухаемся ў правільным кірунку.
Прэмія імя Сэржыу Віейры ды Мелу была заснаваная ў гонар выдатнага бразільскага дыпламата і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Ён больш за 30 гадоў абараняў ахвяр канфліктаў у гарачых кропках свету і трагічна загінуў падчас місіі ААН у Багдадзе ў 2003 годзе. Яго імя стала сусветным сімвалам гуманізму, мужнасці і абароны вяршэнства права.

Тэкст прамовы Максіма Знака па атрыманні ўзнагароды
Паважаныя чальцы журы, прадстаўнікі Вілы Дэцыюша, вашы эксцэленцыі, паважаныя госці, дарагія калегі і сябры!
Дзякуй за гэты вялікі гонар: быць сярод вас і атрымаць узнагароду, якая носіць імя Сэржыу Віейры ды Мелу.
Маё прозвішча — Знак. У славянскіх мовах гэта слова азначае знак, сымбаль. Гэтая ўзнагарода сапраўды з’яўляецца для мяне знакам — адначасова і вельмі кранальным, і такім, што глыбока натхняе.
Жыццё Сэржыу Віейры ды Мелу дае адказы на пытанні, якія паўстаюць перад намі сёння. Я захапляюся яго нястомнай барацьбой за гуманнасць, яго паслядоўнай абаронай вяршэнства права і рэдкай здольнасцю дасягаць рэальных вынікаў для рэальных людзей. Ён быў гатовы да дыялогу нават з самымі бескампраміснымі бакамі. Гэта адказвае на пытанне, ці варта весці перамовы, каб знайсці рашэнні дзеля выратавання людзей, ці проста чакаць за сценамі сваёй «цвёрдай пазіцыі». Самая цвёрдая пазіцыя — думаць пра людзей, а не пра сябе, як гэта рабіў ён.
У 2003 годзе ён сказаў словы, якія з асаблівай сілай адгукаюцца сёння:
«Мы жывём у час, калі многія ва ўсім свеце адчуваюць глыбокую небяспеку і страх. Ёсць адчуванне, што ніхто не знаходзіцца ў бяспецы… Але я цвёрда перакананы, што агульная стратэгія бяспекі можа і павінна грунтавацца на выкананні вяршэнства права і павазе да правоў чалавека».
Прайшло больш за дваццаць гадоў. Свет не стаў больш бяспечным; страх толькі паглыбіўся. Аднак адказ не можа змяніцца. Тут няма простых шляхоў. Вяршэнства права застаецца адзіным фундаментам, на якім калі-небудзь развівалася чалавецтва.
Тут, на Віле Дэцыюша, я павінен сказаць пра тых, хто не можа быць сёння з намі.
Цяпер у Беларусі каля тысячы прызнаных палітычных зняволеных. Яшчэ многія тысячы знаходзяцца пад іншымі відамі пакарання, а мільёны вымушаныя маўчаць. «Лайк» у сацыяльных сетках усё яшчэ можа перарасці ў крымінальную справу.
Мой сябар Дзмітрый Лаеўскі — адвакат, які абараняў мяне, Алеся Бяляцкага, Віктара Бабарыку і многіх іншых палітвязняў, — толькі што быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за праўду, якую ён сказаў у інтэрв’ю пяць гадоў таму. Ён заслугоўвае таго, каб стаяць тут ушанаваным за сваю годнасць і адданасць правам чалавека. Ён не заслугоўвае і трох хвілін у турме, не кажучы ўжо пра тры гады.
У адным са сваіх апошніх інтэрв’ю Сэржыу Віейру ды Мелу спыталі, чаму ён пагадзіўся на такую небяспечную місію ў Іраку. Ён адказаў: «Таму што я не знайшоў важкіх аргументаў, каб адмовіцца».
У 2020 годзе я апынуўся ў самым эпіцэнтры, калі мне прапанавалі ролю вядучага юрыста ў выбарчай кампаніі. У мяне таксама не было аргументаў, каб адмовіцца. Як і вельмі многія беларусы, я проста рабіў тое, што лічыў правільным. Менавіта так на кожным павароце і кожным скрыжаванні гэтага цяжкага шляху мы працягвалі выбіраць слушны накірунак.
У 2020 годзе людзі ў Беларусі прасілі простых і агульначалавечых рэчаў: сумленнасці, павагі і справядлівасці. Мы непахісна стаялі за свае правы і адкідалі любую спакусу выкарыстаць гвалт альбо страціць сваю годнасць. Гэтыя знакі сведчаць мне пра тое, што мы знаходзімся на правільным шляху.
Таму я прымаю гэтую ўзнагароду як адзін з беларусаў, якія аднолькава вартыя яе, якія адстойвалі правільную справу ў 2020 годзе і працягваюць адстойваць яе сёння. Тых, хто ў турме. Тых, хто ў выгнанні. Тых, хто дома і вымушаны маўчаць, але не здаўся і ніколі не здасца.
Thank you. Дзякуй. Dziękuję. Obrigado.
racyja.com,
фота з архіва Максіма Знака
