Традыцыйны строй – гэта не толькі прыгожа. Уласнаручны выраб традыцыйнага строю вучыць адказнасці, цярплівасці, гісторыі і …патрыятызму.
У гэтым перакананая „Госця Рацыі” музыка, рэканструктарка гістарычных і традыцыйных строяў, тэлевядучая Кацярына Ваданосава:
РР: Што гэта за школа, якую вы адкрываеце 14-га верасня? Чаму там можна навучыцца?
– Я пачну ад пачатку. Напэўна не бывае і дня, каб мне не пісалі людзі з запытамі: „Кацярына, зрабіце мне кашулю” ці „Зрабіце мне цэлы строй”. Мне трошкі надакучыла тлумачыць, што гэта вельмі доўга карпатлівая праца, якая займае месяцы, а можа быць і год. Калі мы бяром рэканструкцыю поўнага строю, то гэта сапраўды прыкладна год. Да таго ж у мяне ёсць іншая праца. Мне заўсёды так трошкі крыўдна на сябе напэўна, што мне прыходзіцца адмаўляць людзям. З іншага боку я заўсёды прапаноўвала ім зрабіць строй самім. Насамрэч гэта не так цяжка, проста трэба шмат цярпення і вольны час. На што людзі казалі: „Мы ж не ўмеем”, мы ж не можам. У рэшце рэшт я дайшла да таго, што зразумела, што ў Беларусі зараз ёсць курсы па стварэнні беларускага традыцыйнага строю, у некаторых польскіх гарадах таксама. Наколькі я ведаю ў Вільні ёсць такія гурткі, дзе людзі збіраюцца. Я па адукацыі педагог і мне гуртка проста мала. Я вырашыла, што калі рабіць, то па буйному. Вырашыла, што гэта сапраўды будзе школа. То бок у мяне будзе журнал, дзе я буду пазначаць наведвальнікаў, у мяне будуць заняткі прапісаныя. Мы не проста будзем збірацца, сядзець і размаўляць, гарбатку піць або вучыцца іголачку ў руках трымаць. У мяне ўжо распрацаваная праграма. Да таго ж я ўжо калісьці працавала выкладчыцай мастацкай вышыўкі, навучала дарослых людзей гэтай справе. Там не зусім строй, менавіта вышыўка, але ёсць пэўны досвед у гэтай галіне. Таму гэта будзе школа з заняткамі раз на тыдзень. Кожны занятак будзе доўжыцца 2,5 гадзіны таму, што я паказвае практыка, 1,5 гадзіны гэта малавата, а 3 гадзіны ўжо замнога. Будзем вучыцца ад пачатку і да канца. Спачатку будзем вывучаць розныя віды швоў, потым прыйдзем да кашулі, а потым пойдзем да андаракаў і г.д. Усё залежыць ад цярпення і ад імпэту навучэнцаў. У мяне такія вельмі грандыёзныя, я б сказала планы, бо хацелася б дайсці да світак, то бок да верхняга адзення. Але там ужо пабачым.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.