Перакладчыца на беларускую мову кнігі літоўскай дысідэнткі Далі Грынкявічутэ «Літоўцы ля мора Лапцевых» тлумачыць, чаму дзённікавыя запісы 14-гадовай дзяўчынкі важныя для нас — беларусаў. У Літве кніга Грынкявічутэ ўваходзіць у школьную праграму.

Даля Грынкявічутэ і яе кніга «Літоўцы ля Мора Лапцевых» у беларускім перакладзе. Крыніца: novychas.online

Даля Грынкявічутэ нарадзілася ў Коўне, навучалася ў мясцовай жаночай гімназіі. У 1941 годзе сям’я была высланая ў Алтайскі край, у 1942 годзе — у Паўночную Якуцію. У 1949-м разам з маці ўцякла ў Літву. Цягам года яны хаваліся ў дамах сваякоў у Коўне. Маці памерла, Далю паўторна арыштавалі і адправілі ў лагер. Вярнуўшыся ў Літву, працавала лекаркай. У 1974 годзе яе звольнілі з працы і пазбавілі службовай кватэры. Даля Грынкявічутэ напісала ўспаміны ў 1949–1950 гадах, закапала іх у садзе свайго дома. Пасля вяртання з другога тэрміну не змагла знайсці іх. Яны былі знойдзеныя выпадкова толькі ў 1991 годзе. Тэкст расшыфраваны і апублікаваны ў 1996 годзе. Другая версія ўспамінаў (занава ёй напісаная) была апублікаваная ў расійскім дысідэнцкім выданні «Память» у 1979 годзе. Памерла ў 1987 годзе.

Ванда Марцінш душ Рэйш нарадзілася на Пастаўшчыне ля самай мяжы з Літвой. У 1980-м пасля Віцебскага педагагічнага інстытута пераехала жыць у Вільню. На пачатку 90-х выехала на пастаяннае жыхарства ў Вялікабрытанію. З 1998 года жыла на дзве краіны — Шатландыю і Партугалію. Зараз жыве ў Літве ля Трокаў.

Перакладчыца кнігі Далі Грынкявічутэ «Літоўцы ля Мора Лапцевых» на беларускую мову Ванда Марцінш душ Рэйш. Крыніца: novychas.online

— Спадарыня Ванда, як прыйшла ідэя перакладу, чаму палічылі важным, каб дзённікі Далі Грынкявічутэ выйшлі на беларускай?

— Адначасова і лёгка адказаць, і цяжка. Па-першае, гэта нешта спела ўва мне. Гэта мая асабістая гісторыя. У маёй сям’і таксама шмат было рэпрэсаваных, дзядуля быў вывезены. На вокладцы кнігі Далі мемарыял у Новай Вільні, дык вось мой дзед якраз з Новай Вільні быў вывезены на доўгіх восем гадоў. І толькі нядаўна, перад смерцю, маці расказала, што нават пасля гэтых васьмі гадоў яго не выпусцілі. Ён уцёк. І потым праз знаёмых ціхенька вырабілі яму дакументы тут, легалізаваўся, як кажуць. Родны брат бацькі 19-гадовым юнаком трапіў у лагеры. Ён да канца стаяў на тым, што ні ў чым не вінаваты — ім прыпісалі антысавецкую дзейнасць і нейкую групоўку, але адзін хлопец, збіты на горкі яблык, называў усіх, каго толькі ведаў. Вось усіх і забралі. Так што гэта было нешта такое, што спела ўва мне. Кропля ўпала на ўжо падрыхтаваную глебу. Гэта быў 2021 год, лета. У Літве 14 чэрвеня — Дзень жалобы і надзеі. Гэта непрацоўны дзень, шмат мерапрыемстваў памяці. Гэта дзень, калі ў 1941 годзе масава пачалі вывозіць літоўцаў, латышоў і эстонцаў. І за адзін толькі тыдзень, які заставаўся да пачатку вайны, вывезлі амаль 19 тысяч літоўцаў. Прычым везлі не так, як рэпрэсавалі ў Расіі ці яшчэ дзесьці, па маёмасным прынцыпе, тут больш адукаваных людзей везлі, тых, якія патэнцыйна пагрозу стваралі новай уладзе.

Я прыйшла да Музея акупацыі — былы будынак КДБ каля Лукішскай плошчы, дзе заўсёды ў гэты дзень чытаюць спісы рэпрэсаваных. Я стала, пачала слухаць. І вось жанчына вельмі-вельмі пажылая дае мне сваю сумачку і кажа, патрымайце, мая зараз чарга, я іду чытаць імёны. Потым прачытала яна спіс, мы разгаварыліся. Я даведалася ад яе, што ў Літве ёсць шмат асацыяцыяў высланых. Цяпер гэта ўжо тыя, хто альбо там нарадзіўся, альбо быў вывезены ва ўзросце аднаго-двух гадоў. Але гэта ўсё, як кажуць, жывое. І потым мы з ёй разам ужо пайшлі да Нацыянальнага музея Літвы, дзе была зробленая выстава пра кнігу і Далю — некалькі яе рэчаў, макеты баракаў, зямлянак, усяго жылля за Палярным кругам. Вось так я і даведалася пра гэту кнігу.

Я чытала кнігу і плакала, перакладала — і зноў плакала, гэта страшныя пакуты, якія апісвае дзяўчынка-падлетак. За сем месяцаў пераклала. Канечне, я ўсё гэта рабіла няправільна, не ведала, гэта быў першы мой пераклад. Я ведала наконт аўтарскіх правоў, але думала, што спачатку перакласці трэба. Канечне, жанчына, якая мае аўтарскія правы, зазлавалася на мяне.

— То-бок гэта не была замова нейкага выдавецтва, вы самі па сабе перакладалі?

— Сама, я імпульсіўны чалавек. Гэта быў творчы імпульс, чаму не. Ну, і, ведаеце, з гэтай жанчынай я ўсё ж дамовілася, дзесяць разоў я ў яе папрасіла прабачэння, яна мне дала дазвол, праўда, на вельмі абмежаваную колькасць асобнікаў…

— А правы належаць некаму з нашчадкаў Далі Грынкявічутэ?

— Не засталося нашчадкаў. Лёс Далі, на жаль, склаўся вельмі трагічна. Яна не мела сям’і, падарвала здароўе яшчэ ў Сібіры, на сэрца хварэла ўсё сваё жыццё, а потым захварэла на рак і памерла. Ды і пасля таго, як яна вярнулася з лагеру, яе цкавалі, звольнілі з працы, адабралі кватэру, і яна апошнія гады жыла ў сяброў, хто не баяўся з ёй сябраваць. Таму што і сябраваць з ёй таксама было небяспечна…

— І гэта ўжо былі 80-я гады?

— Яна вярнулася ў 56-м, закончыла Каўнаскі ўніверсітэт, стала медыкам… Я цалкам магу ўявіць гэтую атмасферу. Так было і ў Беларусі, нават ціха калі сядзеў у вёсцы, але за спінай былі лагеры… Што да праваўладальніцы, то гэтая жанчына шмат робіць, каб гэтая кніжка перакладалася. У мяне, напрыклад, запатрабавала, каб я склала план, як я збіраюся прэзентаваць кнігу, дзе. І вельмі задаволеная цікавасцю да беларускага перакладу. З гэтай кнігай я трапіла ў гэтае кола, з якога не выйду і не хачу выходзіць. Ёсць яшчэ старэнькія, яны сябе завуць лапцевечай, лапцеўцы, старшыня гэтай арганізацыі кажа: «Мяне ж Даля Грынкявічутэ на руках насіла, бо бацькі жылі ў тым самым бараку». І шмат такіх. Нядаўна выйшаў дакументальны фільм пра Далю, на яго прэзентацыі я пазнаёмілася і з калымечай, дзецьмі Калымы. Менавіта праз гэтую кнігу знаходжу.

— Чаму вы вырашылі, што кніга будзе важная на беларускай мове, чым яна нам важная?

— Таму што менавіта тыя часы прыходзяць у галаву, калі глядзіш і слухаеш пра тое, што робіцца ў Беларусі цяпер. Я, канечне, адмыслова так не планавала. Але ўсе, хто атрымаў гэтую кніжку, прачытаў, усе адразу кажуць: ну вось як быццам бы і не было гэтых васьмідзесяці ці колькі там гадоў. Тое самае. Твары іншыя, словы іншыя, сцягі іншыя, нават не іншыя сцягі, тыя самыя. Але ўсё гэта вылазіць. І такая ўнікальная магчымасць вучыцца таму, як літоўцы выслізнулі з гэтых кіпцюроў, гэта глядзець і глядзець, вучыцца і вучыцца. На прэзентацыі гэтай кнігі прыйшлі мае чытачы, беларусы, якія з Беларусі выехалі апошнімі гадамі. Мая ідэя была звесці іх з гэтымі літоўцамі. Літоўцы разумеюць сітуацыю. І вось гэтыя пажылыя рэпрэсаваныя — усё гэта разумеюць. Нам ёсць пра што з імі гаварыць і чаму павучыцца.

— Чаму ў нас не атрымалася выслізнуць? Не было дэкамунізацыі, дэсаветызацыі? Чаму людзі зноў пайшлі на гэтае кола?

— Я не палітык, не філосаф, я толькі чую разумных людзей, і нешта адгукаецца ў маім сэрцы. На Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне пачула цікавую і, як мне здаецца, правільную думку.

У Беларусі перарвалася гістарычная сувязь пакаленняў, гістарычная памяць перарвалася. Трэба аднаўляць.

— Ці ёсць планы наконт іншых літоўскіх кніг? Беларусы мала перакладаюць з літоўскай.

— Для мяне гэта балючае пытанне, чаму мала. Акрамя Алеся Разанава я нікога такога вялікага, значных паэтаў-перакладчыкаў, не бачыла. Ну, канечне, невялічкія праекты былі, але вось так, каб цэлымі кнігамі, як Алесь Разанаў працаваў, такога больш не было. Гэта феномен быў — і ён ацэнены ў Літве. Яго памятаюць, яго шануюць. Зусім нядаўна тут быў вялізны вечар ягонай памяці, на які, што праўда, беларусаў амаль не прыйшло… Прыйшлі з нашых старэйшых суполак людзі, некалькі маіх чытачоў прыйшло.

Трэба разумець, што мы ж суседзі, мы ніколі не разбяжымся. Колькі часу ні пройдзе, якія ўлады будуць у Беларусі і ў Літве, няважна, мы ёсць, народы ёсць, культура ёсць. І гэты абмен культурны павінен быць, ён заўсёды працуе ў абодва бакі, ён карысны і адной нацыі, і другой нацыі. Шкада. Але зараз ёсць як ёсць.

Але вось выйшла новая кніга Алеся Разанава — двухмоўная, ягоная калега, якая каля сарака гадоў з ім супрацоўнічала, Альма Лапінскене, яе выдала, уклала. Я ў першы раз кажу, што там маленечкі ўнёсак ёсць і мой, таму што яна сама набірала і беларускі тэкст давала мне вычытваць. Кніга вельмі прыгожая атрымалася, вельмі годная.

Планаў у мяне шмат, а колькі я змагу? Я хачу ўсё ж такі перакладаць не прозу, я паэтка, хачу перакладаць паэзію. Не думаю, што кожны год будзе выходзіць па кнізе, але яны будуць… Магчыма, будуць проста нейкія публікацыі, напрыклад, Антанаса Янінаса дзесьці каля 18–19 вершаў у «Дзеяслове» год назад друкавала. Магчыма, некага сучаснага, асабліва з тых, хто перакладаюць з беларускай мовы. Владас Бразюнас, Марус Бурокас, Вітаўтас Дэкшніс… Ёсць цікавае і беларусам невядомае, буду перакладаць.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org