Яна і Лявон Вольскія прэзентавалі дзіцячую кнігу „Ашуканкі”. З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся аўтары? Якія вынаходкі знайшлі? У якім стане наогул цяпер знаходзіцца беларуская літаратура?
РР: Што наогул уяўляе сабой кніга „Ашуканкі”?
Яна Вольская: Гэта збор дзіцячых, мы так і назвалі гэты жанр ашуканкі таму, што існуюць, напрыклад, загадкі, прымаўкі, прыказкі, казкі, ашуканак не было. Таму гэта збор вершаў, забаўляльных, вясёлых з ілюстрацыямі.
РР: На які ўзрост ён разлічаны?
Яна Вольская: Гэта дзеці школьнага ўзросту, але першых класаў школы. Разлічана на дзяцей, якія ўжо ўмеюць чытаць і якім яшчэ будзе цікава глядзець таксама ілюстрацыі. Адмысловы дызайнер працаваў над такім шрыфтам „курыца лапай”. Што таксама блізка дзецям, якія ўжо пачынаюць пісаць, якія сутыкаюцца з такімі адзначэннямі, ці можа іх бацькі ведалі нават, калі ім казалі настаўнікі: „Ты пішаш, як курыца лапай”. Таму гэта хутчэй для дзяцей 1-2 класы і для супольнага чытання з бацькамі.
РР: Як з’явілася ідэя нараджэння гэтай кнігі?
Яна Вольская: Ідэя была такая, што ёсць свет казкі, дзе вось гэтыя прыдуманыя вобразы, яны не лічацца падманкай, яны лічацца вымыслам. З’явілася ідэя жартоўна, у вершаваным вобразе дзяцей, паспрабаваць падмануць.
РР: Як нараджалася гэтая супраца?
Лявон Вольскі: Яна напісала тэкст, я толькі маляваў ілюстрацыі. Ад мяне патрабавалася толькі тое, каб не зрабіць пачварна, каб дзецям і іх бацькам было цікава і смешна гэта разглядаць. У маім стылі, я люблю гэта рабіць. Былі добрыя тэксты, было што аздобіць. Абапіраючыся на гэтыя тэксты я намаляваў тузін гэтых ілюстрацый. Там ёсць такі электрык, які жыве на небе і ўключае то сонца, то месяц. Валяецца на воблаку ў кепцы, як трэба, такі беларускі электрык. Ёсць там і простыя вобразы, напрыклад, леў. Яму даводзіцца жыць у спёцы, ён абліваецца потам. Ёсць такая тыпова школьная ілюстрацыя, верш такі, што „у дзяўчат з нашай класы раптам выраслі хвасты, я баюся раптам заўтра адрастуць і капыты”. І такі стаіць з зялёным тварам хлопец, схапіўшыся за галаву на пярэднім плане, а на заднім ідуць дзве дзяўчынкі з валасамі заплеценымі ў хвост, а на нагах у іх капыты. Вобразныя вершы, там нічога не трэба прыдумляць, проста трэба ўзяць тэксты і намаляваць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
„Дзеці – галоўныя на свеце”, – дадае Яна Вольская.