32 гады таму ў Віскулях, у Белавежскай пушчы, на тэрыторыі Беларусі падпісаныя пагадненні пра дэнансацыю дамовы аб утварэнні СССР і спыненьня існавання такой дзяржавы. Савецкі саюз перастаў існаваць дэ-юрэ. Сярод падпісантаў пагадненняў былі кіраўнікі трох рэспублік – Расеі – Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс, Беларусі – Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч, Украіны – Леанід Краўчук і Вітольд Фокін. Для racyja.com некалькі гадоў таму пра тую важнейшую ў гісторыі падзею расказаў Станіслаў Шушкевіч.
РР: Гэтае пагаденнне ў нечым было імправізацыяй, едучы туды, вы ўжо мелі нейкі план?
Станіслаў Шушкевіч: Часамі я задумваюся над тым, што мы вывучалі марксісцка-ленінскую філасофію. І адзін з яе пастулатаў – гэта пераход колькасных накапленняў у якасныя. Колькасныя накапленні якраз былі, але ніякіх пісьмовых загатовак не было. Гэта ўсё было зроблена на месцы там, на вялікім энтузіазме. Калі мы сабраліся ўсе разам у адным пакоі, то тады нам хапіла смеласці вельмі рэзка паставіць пытанне „Кім мы з’яўляемся?”. І тут вялікую ролю адыграў Генадзь Бурбуліс, які паставіў пытанне так: „Ці згодны вы падпісаць такі сказ, што СССР як геапалітычная рэальнасць і суб’ект міжнароднага права перастае існаваць?” І я адразу сказаў, што я першым падпішу гэта з вялікім задавальненнем… Мы зразумелі, што для таго, каб вырашыць тыя эканамічныя пытанні, дзеля якіх мы сабраліся ў пушчы, дзеля таго, каб дамовіцца з Расеяй аб пастаўцы нафты і газу, трэба было азначыцца кім мы ёсць. Альбо іншы шлях быў такім – прасіць Гарбачова нам дапамагчы, але ён ужо не кіраваў і дапамагчы не мог. Таму мы прынялі адзіна магчымае рашэнне.
РР: Кебіч, калі падпісваў дакументы, зрабіў вялікую паўзу, задумаўся, калі б ён не падпісаў, што б было?
Станіслаў Шушкевіч: Я добра ведаю тую паўзу. А цяпер паглядзіце яго кніжку, Кебіча, ён жа там піша, што я прымусіў яго гэта зрабіць. Гэта глупства! Ён вельмі хацеў падпісаць, працаваў на вельмі высокім роўні. Але ў былым Савецкім саюзе было такое правіла прынятае, калі першая асоба падпісвае, то другая асоба ўжо абавязаная падпісаць. Першай асобай тады быў я. І таму, калі я падпісаў, у яго іншага ходу не было. Я думаю, што ён значна пазней уцяміў тое, што ён зрабіў. І пра гэта напісаў у сваёй кніжцы, што ён, як стары камуніст, шкадуе пра тое, што зрабіў.
Прапануем вашай увазе поўны аўдыёзапіс той гутаркі:
Станіслаў Шушкевіч (15 снежня 1934, Менск — 3 траўня 2022, Менск) — беларускі навукоўца і палітык, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га і 13-га склікання, сябра-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох галоўных удзельнікаў падпісання Белавежскіх пагадненняў аб юрыдычным замацаванні распаду СССР. Сын беларускага пісьменніка Станіслава Пятровіча Шушкевіча.