Створаная беларусамі ва Украіне грамадская арганізацыя «Сустрэча» арганізуе чарговую місію на Херсоншчыну. Гэтым разам – каб павіншаваць з Калядамі і Новым годам амаль 180 украінскіх дзетак, вывезеных з акупаванай расійцамі тэрыторыі Украіны. Пра тое, што гэта за задума і як яна ажыццяўляецца распавяла сузаснавальніца арганізацыі «Сустрэча» Алена Жаркевіч.
— У мінулую нядзелю мы былі ў Херсоне. Завозілі туды дапамогу для ДСНС і цывільнага насельніцтва, перадавалі адзенне. І сустрэлі мясцовых валантэраў, якія нам распавялі пра тое, што туды да іх прывезлі украінцаў, якіх вывозілі з акупаваных тэрыторыяў. І там вельмі шмат трэба і дапамогі, і ежы, і ўсяго. І нас вельмі зачапіла лічба 179 дзяцей, якія сёння там знаходзяцца, якія не маюць магчымасці нават пабачыць гэтага Дзеда Мароза ці яшчэ кагосьці, хто прыедзе і іх павіншуе са святам. І такім чынам мы вырашылі, чаму б нам так не зрабіць?!
Я, калі пачула, мне было вельмі балюча асабіста. Я ж маці. Дзеці ж не вінаватыя ні ў чым. Бо, кажуць, што там ёсць і «ждуны» (жыхары Украіны, якія чакаюць прыходу Расіі і падтрымліваюць акупацыю – РЎ), яны не з’язджаюць, навошта іх віншаваць, гэтых дзяцей. Але ж я разумею, што дзеці самі не могуць з’ехаць. Калі ў іх бацькі не маюць магчымасці ці не маюць мазгоў, каб з’ехаць з прыфрантавой зоны – дзеці не вінаватыя. Трэба ім паказваць, што мы побач і што ўсё будзе добра. І вось мы зараз збіраем гэтыя падарункі для дзяцей.
Я напісала ў сябе ў Фэйсбуку пост пра гэтых дзяцей, даслала паведамленне, якое нам перадалі ўкраінскія валанцёры. І нашы беларусы, якія знаходзяцца зараз у Беластоку, пабачылі гэтае паведамленне, і, пакуль я прыехала, ужо тут арганізавалі масавы збор. Яны прапанавалі ўсім, хто ёсць сёння ў Польшчы, далучыцца і набыць падарункі. І такім чынам кожны беларус, які тут знаходзіцца, ужо нават украінцы да нас далучаюцца, якія тут у Польшчы, яны набываюць падарункі для дзяцей і перадаюць нам.
І яшчэ некаторыя беларусы, якія ўсё гэта пабачылі ў сацсетках, хто тут не знаходзіцца ці не можа прыехаць у Беласток, запісалі нумары нашых картак, вось яны ўзялі ў нашай беларускай дзяўчыны Лізаветы яе картку і перасылаюць ёй грошы – 20 злотых, 10 злотых. І яна тут ужо ідзе ў краму, набывае падарункі і прыносіць да мяне сюды. Ужо мы сабралі – учора ўвечары было 80 падарункаў, а сёння ўжо 120 усяго ў нас атрымалася.
Калі мы збярэм гэтыя падарункі, я еду ў Варшаву. У Варшаве мы будзем збіраць рэчы – цёплае адзенне, абутак, сродкі асабістай гігіены. Таму што там – пад Херсонам, яно ёсць, але ў вельмі маленькай колькасці. Мы назбіраем гэта ўсё, я прыеду ў Кіеў і мы адразу ж паедзем у Херсон, павязем дапамогу.
Мы плануем зрабіць для гэтых дзетак маленькую імпрэзу, прывезці туды актораў, мы плануем намаляваць з імі карціны, распавесці ім пра беларусаў, пра тое, што мы робім. Вось такое маленькае свята для гэтых дзяцей. Там дзеці ад 1 года да 17. У нас нават ёсць спіс гэтых дзяцей па ўзросце і па полу. На мой погляд сёння, калі дзіцяці будзе і 17 гадоў, і калі яму падаруюць хаця б які падарунак, то ён будзе вельмі рады гэтаму. Тое, што мы звяртаем на іх увагу і тое, што мы ў прынцыпе там будзем – яно ўжо будзе ім прыемна, што пра іх не забываюць, што яны ёсць і што ў іх цяжкасці.
Тыя, хто жывуць у Кіеве, могуць далучыцца да нашай паездкі кожны. Тыя, хто хоча далучыцца, напрыклад, з Варшавы, то гэта трэба рабіць вось проста сёння-заўтра, таму што нам трэба будзе ўзгадніць паперы, каб яны маглі паехаць разам з намі (ва Украіну). Гэта вось проста да другой паловы дня мы павінны ведаць, хто раптам хоча паехаць. Калі нехта хоча далучыцца да збору – то Беласток, Варшава. А ў Кіеве ёсць крамы, у якіх можна аддалена замаўляць падарункі, даслаць нам на хаб «Сустрэча» на Ерэванскую, 30 і мы там забярэм на пошце. Таму, далучыцца можа кожны чалавек.
Таму, калі вы ў Кіеве, мы запрашаем, каб нам пісалі і тэлефанавалі – хто што можа прапанаваць. Таму што мы, па-першае, усіх не ведаем. А па-другое, нашыя магчымасці таксама абмежаваныя – адносна нават крэатыву, як пагуляць з дзецьмі, як ім нейкую сцэнку там ці імпрэзу арганізаваць. Таму мы гатовыя абмяркоўваць усё гэта.
Ну і ў канцы наступнага тыдня мы ўжо паедзем у Херсон. Пару дзён мы плануем там быць. Там ёсць дзе нам ночыць. Усё бяспечна, у нас нават ёсць каскі, бронекамізэлькі, усё для таго, каб зрабіць максімальна бяспечна.