
Адзін з самых панкаўскіх і разняволеных фэстаў беларускай культуры ў Польшчы — Prekupalle — аб’явіў даты свайго правядзення. Сёлета фестываль у польскай вёсцы Біндзюга (цяпер — Беньдзюга) на Беласточчыне пройдзе 15-17 жніўня.
Арганізатары імпрэзы пазіцыянуюць сваю падзею як «найгоршы фест на свеце». Сталы дэвіз імпрэзы гучыць так: «Музыка — фільмы — ежа». Таксама з гумарам каманда звяртаецца да сваіх патэнцыйных наведвальнікаў: «Калі ўжо дабраўся [да месца] — Ты малайчына — але данат вітаецца».
Жарты жартачкамі, але «найгоршы фэст на свеце» ладзіцца ў самаабвешчанай Рэспубліцы Біндзюга ўжо ў пяты раз. І як распавёў Reform.news ганаровы патранат фестывалю і Прэзідэнт Рэспублікі Біндзюга Януш Гаўрылюк (ён жа дырэктар вядомага варшаўскага фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві»), сёлета Prekupalle мусіць пабагацець на інфраструктурныя аб’екты — на прасторы фэсту плануюць паставіць бар з дахам, «каб там можна было піць піва». Пра іншыя адметнасці пакуль казаць яшчэ зарана.

З гісторыі
Нагадаем, што натхненнем для паўставання Рэспублікі Біндзюга на тэрыторыі аднайменнай польскай вёскі стала слынная Рэспубліка Ужупіс у Вільнюсе, згодна з Канстытуцыяй якой, кожны на тэрыторыі самаабвешчанай рэспублікі можа жыць вольна.
«Пабывалі там пару разоў і захапіліся ідэяй незалежнай рэспублікі. Знайшлі такую на Падляшшы», — дзеліцца гісторыяй нараджэння незалежнага ўтварэння Януш Гаўрылюк.
Сваёй канстытуцыі пакуль Біндзюга не мае, у адрозненне ад літоўскай сястры. Ды ўсё ж у рэспубліцы ёсць: зямля, сад з яблынямі яшчэ з царскіх часоў, рака Нараў, а за ракой — Белавежская пушча.
«Напачатку гэта быў жарт, але я часта сюды езджу і добра сябе пачуваю, успрымаю Рэспубліку Біндзюга як Беларусь, якую б я хацеў мець, але цяпер не магу», — прызнаецца руплівец беларускага кіно.
Яшчэ Prekupalle з’яўляецца сатырай на фестываль «Тутака», які праходзіць недалёка ад Біндзюгі. «Хоць да «Тутакі» мы сур’ёзных прэтэнзіяў не маем», — дадае ганаровы патранат фэсту.
Канцэпт Prekupalle паўстае як дзіўная сумесь вольнага панкаўскага духу, падляшскай дасціпнасці і беларускай самадастатковасці.

Што плануецца сёлета?
Інфармацыі, прызнацца, пакуль вобмаль.
Летась на фестывалі выступалі розныя калектывы, а ў хэдлайнерах быў Сяргей Пукст. Адбыліся паказы беларускага кіно.
Сёлета праграма пакуль яшчэ складаецца, але Януш Гаўрылюк назваў імёны двух выканаўцаў, пра выступы якіх ужо можа казаць: гэта «Голая манашка» і гурт Dzieciuki. Дадатковая інфармацыя з’явіцца пазней.
Абавязкова будзе кінапраграма. А з новаўвядзенняў — мастацкі плэнер, на які плануюць запрасіць мастака і музыку Алеся Таболіча.
Звычайна фестываль адкрыты і для новых калектываў — іх удзел вітаецца.
«Насамрэч я думаю, што патэнцыял у нашага фестывалю ёсць, толькі трэба ім сур’ёзна заняцца. Выгляд рабіць несур’ёзны, але заняцца па-сур’ёзнаму», — узгадваюцца словы культурніцкага менеджара пра Prekupalle ў мінулым годзе. Сёлета «найгоршы фэст у свеце» на Падляшшы ладзіцца ўжо ў пяты раз — і гэта добрыя навіны.