Беласток і Гродна падзяляюць нейкія семдзесят з кавалачкам кіламетраў. Але апошнім часам, асабліва пасля закрыцця „Баброў”, пераадолець іх тым хто ездзіць з Беларусі ў Польшчу ці наадварот – той яшчэ квэст. Варыянтаў засталося зусім няшмат. Трэба або перасякаць мяжу з Літвой, або кіравацца на адзіны даступны на польска-беларускай мяжы пункт пропуску для легкавога транспарту ў Цярэспалю. І ў першым, і ў другім выпадку, каб трапіць у Беласток ці Гродна, трэба будзе правесці ў дарозе нашмат больш часу, чым раней. Аднак нягледзячы на ўсе цяжкасці (сюды дадаецца вельмі доўгі і складаны ў апошнія гады працэс атрымання візы), жыхары Беларусі штодзённа стаяць у „калейках”, каб трапіць у Польшчу.
Доўгае падарожжа – добры момант, каб паслухаць людзей, якія едуць з усходу на захад. Вось аўтар і займаўся гэтым, будучы адным з пасажыраў мінібусу Гродна-Беласток.
Дзень у горадзе над Нёманам шэры і даволі цёплы, як для зімы. Снег зусім зышоў, а сонца, здаецца, не будзе ўвесь дзень. А чатырнаццатай па беларускім часе з мясцовага аўтавакзала ад’язджае бусік на Беласток. Вольных месцаў у салоне няма, нягледзячы на будні дзень. Кіроўца правярае наяўнасць пашпартоў і дзеючых віз у тых, каму яны неабходныя. Сярод пасажыраў ёсць некалькі грамадзян Польшчы – двух пажылых мужчын, а таксама маладая пара, муж паляк і жонка беларуска, гасцілі, відаць у бацькоў дзяўчыны.
Ну вось усе дакументы правераны, адпраўляемся ў дарогу. Хутка прыязджаем да беларуска-літоўскай мяжы. Памежны кантроль на беларускім баку займае найбольш паўгадзіны. Пра наяўнасць „сталага побыту” ці Карты паляка ніхто не пытае. Кіроўца абавязаны зрабіць яшчэ кароткі прыпынак каля „дзюціка”. Некаторыя карыстаюцца магчымасцю набыць апошнія падарункі для сваякоў ці сяброў. Найбольш папулярныя „сувеніры”, што вязуць з Беларусі – алкагольныя напоі – гарэлка ці горкія настойкі, цукеркі, цыгарэты, якія каштуюць таней чым у Польшчы, але браць іх можна толькі две пачкі на асобу. Хтосьці падарункі вязе ўжо с сабой, у торбах можна заўважыць зефір бабруйскай вытворчасці і нават хлеб.
Прыпынак скончаны, рухаемся да літоўскага боку. Тут ужо пачынаецца „калейка”. Літоўскія памежнікі кожныя паўгадзіны прапускаюць толькі па 5 аўто. Пасажыры і кіроўца выходзяць з бусіка на паветра. На дварэ не так ужо і холадна, усё адно лепш чым сядзець у салоне ў адным становішчы. Шмат хто запальвае цыгарэты. Падчас „перакуру” людзі размаўляюць адзін з адным. Кожны мае свае гісторыі, ды і час так ляціць хутчэй.
Вось едзе сям’я: маці з дарослай дачкой і сынам-інвалідам. Маці, нягледзячы на моцны кашаль, шмат паліць. Дачка расказвае пра сваю працу ў Польшчы і кажа маці, што калі тая вырашыць запаліць цыгарэту ў польскім цягніку, то спрацуе датчык дыму і яе акаціць з галавы да ног пенай.
Побач дзядзька размаўляе з двума маладзейшымі хлопцамі. Дзядзька расказвае аб тым, як працуе будаўніком недзе пад Гданьскам і як ездзіў у Беларусь, каб наведаць сям’ю і перадаць ім грошы. У Гданьску яго павінен сустрэць знаёмы і адвезці на месца працы. Па ўсяму відаць, што зусім яшчэ нядаўна мужчына быў на нейкім застоллі, бо добра ад яго чуць гарэлачны пах. Ён у вельмі добрым настроі, шмат расказвае аб сваім жыцці і даволі бестактоўна пытае хлопцаў пра тое, дзе яны працуюць і якія маюць заробкі. Сам пры гэтым прызнаецца, што займаецца цяжкай фізічнай працай і зарабіць такіх грошай, як у Польшчы, дома не змог бы. Жонка ж, па яго словах, атрымлівае зусім мала, таму трэба перадаваць ёй кожны месяц на выдаткі не менш за 600 рублёў.
Адзін з хлопцаў – праграміст, які таксама едзе на працу. У Беларусі засталася ў яго жонка з маленькай дачкой. Жыве хлопец у Беластоку, дзе наймае кватэру. Хлопец прызнаецца, што пакуль яшчэ не вырашыў, дзе хоча пастаянна жыць. У Польшчы яму падабаюцца прыгожыя гарады і магчымасць падарожнічаць па ўсім свеце, але палохаюць высокія цэны на жыллё. Паводле яго слоў, за «кавалерку» ён плаціць каля 1700 злотых кожны месяц.
Другі хлопец нежанаты. Едзе ў Кракаў, дзе працуе расфасоўшчыкам пасылак. Плацяць няблага, кажа ён, каля 18 злотых за гадзіну, на жыццё хапае. Жыве той хлопец у хостэле, на які ў месяц выдае 800 злотых (хіба). Кажа суразмоўцам, што для старту гэта нармальна, хутка ён паступіць у паліцэальную школу, адвучыцца на слесара і будзе атрымліваць за працу нашмат больш, а там ужо зможа сабе дазволіць і на асобную кватэру.
Хлопца гэтага вельмі непакоіць, наколькі працяглай будзе сёння „калейка”. У выпадку, калі бусік моцна спозніцца, яму трэба будзе дзесьці заначаваць, бо цягнік у Кракаў будзе толькі раніцай.
Са мной жа ахвотна ўступае ў размову жанчына-пенсіянерка. Хутка даведваюся, што яна з вёскі, працавала раней выхавацелькай у дзіцячым садку, а муж яе памёр некалькі гадоў таму. Едзе жанчына ў Варшаву, дзе зараз жыве і працуе яе сын з жонкай, каб дапамагчы і папільнаваць іх малых дзяцей. У польскай сталіцы ёй вельмі падабаецца, жанчына доўга апісвае і хваліць мясцовыя дзіцячыя садкі, пляцоўкі, выхавацеляў, прыгожыя двары і разнастайнаць тавараў у магазінах.
Вось дазваляюць і нам уехаць на літоўскі бок. Але памежны і мытні кантроль праходзіць марудна. Цярпліва чакаем, калі правераць папярэднія машыны. Пасля ўсіх неабходных памежных працэдур урэшце можам ехаць. На дварэ зусім ужо цёмна, праходжанне мяжы заняло каля шасці гадзін. Кіроўца кажа, што яшчэ не найгоршы вынік, бо яго сябры чакалі, бывала, больш за дзесяць гадзін. У сталіцы Падляшша будзем яшчэ праз гадзіны чатыры. Для кагосьці падарожжа на гэтым будзе скончана, іншым пасажырам трэба чакаць цягніка ці аўтобуса, каб ехаць далей. Хлопец, што працуе ў Кракаве, расчараваны, відаць, трэба будзе яму правесці ноч у Беластоку.
Доўгі дзень, які амаль увесь быў праведзены ў дарозе, паволі дабягае канца.
Сяргей Александровіч, czasopis.pl
Некаторыя словы са сленгу падарожнікаў, што ездзяць праз мяжу
Бабры – прапускны пункт „Баброўнікі” на польска-беларускай мяжы, зачынены на пачатку 2023 г.
Калейка (ад пол. kolejka) – чарга на мяжы
Пані (пан) – так паміж сабой жыхары Беларусі называюць прадстаўнікоў польскай мытні ці пагранічнай аховы
Дзюцік – магазіны сеткі Duty Free