Падзеі 20-га году дапамаглі ёй зразумець, кім яна ёсць. А яму спраўдзіць, на што гатовы ў гэтым жыцці. Яны ведаюць, што абавязкова вернуцца на радзіму.
Іспанскі ўплыў
Вольга і Яўген – маладыя людзі. Абодва – лінгвісты з іспанскай і англійскай мовамі. У Вольгі наагул цікавая гісторыя, звязаная з Іспаніяй. У школьным узросце яна патрапіла ў Іспанію па Чарнобыльскай праграме для аздараўлення беларускіх дзяцей.
Краіна зрабіла на яе такое вялікае ўражанне, што па вяртанню дамоў яна самастойна занялася вывучэннем іспанскай мовы, хаця ў школе вучыла нямецкую, і ў выніку паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт на іспана-англійскае аддзяленне. Адчуваецца, што тыя юначыя ўражанні дагэтуль захаваліся ў дзяўчыны.
– Мае першыя ўражанні тады былі: ваў! Культурны шок. Я сама – са звычайнай сям’і, і летам заўсёды адпачывала толькі ў бабулі на вёсцы. А тут прыехала ў вялікі прыгожы горад. І ты не разумееш, як гэта ў кватэры можа быць не два пакоя, а сем… Мне тады ўсё там запала ў душу і задало нейкі кірунак у маім далейшым жыцці і па сённяшні дзень…
Яна і надалей падтрымлівае адносіны з людзьмі, якія яе тады прымалі, а іспанская культура працягвае жыць у глыбіні душы.
У Яўгена гісторыя знаёмства з Іспаніяй больш празаічная. Ён хоць і скончыў той самы факультэт, але толькі праз некалькі гадоў пасля вучобы змог наведаць гэтую краіну.
А навошта нам гэта іспанская мова?
Пасля сканчэння ўніверсітэту Вольга патрапіла працаваць у мінскую спецыялізаваную школу з іспанскай мовай. І была расчараваная не толькі ўзроўнем ведаў у вучняў, але і навучальнай сістэмай, стаўленнем да іспанскай мовы. У трэцім класе яна сутыкнулася з тым, што дзеці яшчэ не маглі ні чытаць, ні пісаць па-іспанску, хаця вучылі мову з першага класа.
– Тут панавалі такія адносіны да іспанскай мовы, што яна нікому непатрэбная, маўляў, перспектыўна вучыць англійскую. Нягледзячы на тое, што школа была спецыялізаваная, насіла імя Сімона Балівара, у ёй засталося мала класаў з вывучэннем іспанскай мовы. Я працавала з дзецьмі ў 3-ім і 4-ым класах і першае, што яны ў мяне запыталіся – а навошта нам гэта іспанская мова, зараз на ёй ніхто не размаўляе, дзе я яе буду выкарыстоўваць?
Яна з жалем заўважае, што падобнае стаўленне панавала і сярод настаўнікаў. Нягледзячы на творчую прафесію педагога, ёй адразу прапанавалі план заняткаў, якога патрэбна абавязкова прытрымлівацца, але, згодна з якім, дзеці так і не навучацца чытаць, пісаць і размаўляць па-іспанску.
А Яўген кажа, што адмыслова пайшоў вучыцца на платнае аддзяленне, каб потым не мець абавязковага размеркавання ў школу. Праўда, педагагічную практыку ў школе ўсё ж давялося праходзіць.
– Пасля практыкі ў школе трэба было пісаць справаздачу і рабіць там высновы. І ў нас з 80 чалавек, якія былі на курсе, я і яшчэ адзін мой сябар, напісалі ў сваіх высновах, што ніколі не хацелі б працаваць у школе…
Вользе падабаліся дзеці, а яны з удзячнасцю прымалі яе ўрокі не толькі з планавай граматыкай, а і з цікавымі аповедамі пра Іспанію, яе культуру, традыцыі, з прыгожымі словамі і цэлымі сказамі, якія так натуральна гучалі з яе вуснаў. Магчыма, нехта з іх, як яна цяпер, узгадвае або абавязкова некалі ўзгадае тыя ўрокі іспанскай мовы.
Пасля адпрацоўкі Вольга пачала шукаць у сталіцы працу з іспанскай мовай, але гэта аказалася не проста, паколькі падобных вакансій у Беларусі няшмат. І ўсё ж аддалена пачала працаваць у маркетынгу з іспанскай мовай. Ішоў 2020 год.
Жыццё падзялілася на да гэтага і пасля гэтага
Усё змяшалася тады ў жыцці. Толькі што знайшла новую працу, а на вуліцах пратэсты, адключаюць інтэрнэт, а ты толькі пачала працаваць на аддаленні, колькі гэта працягнецца і чым скончыцца… А з іншага боку, як прызнаецца суразмоўніца, гэта быў нечаканы перыяд, калі табе выпаў шанец зразумець: хто ты, што ты і што наагул адбываецца ў тваім жыцці і тваёй краіне.
– Мы ўсе тады зразумелі – хто мы. Мне здаецца, кожны чалавек, калі ў яго пытаюць – хто ты, можа адказаць – настаўнік, журналіст, выкладчык, сказаць, што ён іспанец, італьянец, з Польшчы… А ты вось гэтую катэгорыю (адкуль ты) заўсёды апускаў, бо трэба было шмат тлумачыць. І вось пасля 20-га году я ведаю – хто я. Я для сябе абудзілася, я – з Беларусі, я – беларуска.
Трохі падумаўшы дзяўчына тлумачыць, адкуль узяліся такія пачуцці.
– Па-першае, гэтыя адчуванні – а чаму нас катуюць? Колькі нас яшчэ будуць падманваць і казаць гэтую хлусню? І людзі тады выйшлі, а ты зразумеў, што не адзін, што ўсім абрыдла і ўсе сказалі: хопіць. Мы ўсе тады пабачылі адзін аднаго, заглянулі адзін аднаму ў вочы і зразумелі, што мы ёсць, што Беларусь не нейкі там прыдатак Расеі, што мы нацыя і мы не горшыя, і што мы павінны адстойваць свае правы.
Яшчэ ў дзяцінстве, вяртаючыся з Іспаніі, Вольга задавала маме пытанні кшталту – чаму бабуля ў Іспаніі ходзіць у дарагіх упрыгожаннях, дагледжаная, з манікюрам, а, маўляў, яе беларуская бабуля ўсё жыццё працавала і цяпер працуе цяжка, але ў яе не будзе такога дабрабыту і такога ўзроўню жыцця. 20-ы год дапамог адказаць і на такія пытанні.
А вось у Яўгена ўсё гэта было інакш. Трохі задумаўшыся, слухаючы Вольгу, ён кажа, што ў 20-ы год прыйшоў нацыянальна свядомым чалавекам. Над пытаннямі, адказы на якія Вольга атрымала ў 20-ым, ён пачаў задумвацца пасля падзеяў Плошчы 2010 году. Таму вывучаў гісторыю Беларусі, удасканальваў родную мову.
– А вось падзеі 20-га году хутчэй дазволілі паглядзець на свае магчымасці, зразумець на што ты гатовы ў гэтым жыцці.
У польскае грамадства не інтэграваліся, жывём сярод беларусаў
У Польшчу патрапілі, як і большасць беларусаў. Праўда, у іх была праца, паколькі мелі з сабой кампутар і гэтага было дастаткова. Планавалі, што едуць максімум на паўгады і нават думалася, калі змены не наступяць, то восенню вернуцца, каб узяць зімовае адзенне. Але змены так і не наступілі, і за адзеннем з’ездзіць не давялося.
Вольга кажа, што нейкіх бытавых складанасцяў не маюць, бо ёсць праца, а астатнія пытанні вырашаюцца. А Яўген дадае, што ў польскае грамадства так і не інтэграваліся, паколькі імкнуцца жыць у беларускім асяроддзі. Праўда, Вольга дадае, што і без польскай мовы не абысціся.
– Тады ты сядаеш і пішаш сцэнар, што і як будзеш казаць: “Дзень добры. Пшэпрашам, але не разумем за бардзо па-польску…”. Ну вось так рыхтуешся і ідзеш вырашаць свае справы.
Свечкі ў бетоне
У іх ёсць яшчэ адзін цікавы занятак. Вользе карцела зрабіць прыгожыя свечкі на святы. Проста, бачыла, як гэта робяць іншыя і рукі прасілі нейкай творчасці. Яўген распрацаваў незвычайны дызайн: форма ў выглядзе контуру мапы Беларусі, зробленая з бетону, заліваецца воскам і ўстаўляецца кнут. Выглядае вельмі шыкоўна, беларусы на калядным кірмашы ўсе іх раскупілі. Аўтар не менш цікава тлумачыць ідэю свечак.
– Мы шмат разважалі ў працэсе пра ідэю. І як бы там беларусы больш не думалі пра часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але больш сучасная рэчаіснасць – гэта вось Беларусь у бетоннай форме, пасярэдзіне якой ёсць агеньчык… Любы горад Беларусі сёння – гэта практычна адзін бетон, але калі заглянуць унутр кватэры, то там гарыць вось гэты агеньчык…
На развітанне цікаўлюся ў суразмоўцаў – ці сумуюць па радзіме і ці хочуць вярнуцца? Яўген не мае ніякіх ілюзорных мрояў на гэты конт.
– Я дагэтуль, магчыма, жыву яшчэ ў такім настальгічным свеце, але ўсё яшчэ жыву думкамі пра вяртанне. Думаю, што на радзіме мне не будзе жыць горш, чым дзе-небудзь. Але дзеля гэтага патрэбны пэўныя ўмовы…
Вольга кажа, што пра Беларусь думае штодня.
– Тут жывецца добра, але я разумею, што не ў сябе дома. І што тут ці ў любой іншай краіне ты павінен прыстасавацца да парадку, які ўжо зрабілі да цябе, без цябе і ты са сваім самаварам не прыйдзеш і не скажаш, што табе тут не падабаецца, давайце, як я хачу. Я гэта добра зразумела, а таму хачу жыць дома ў Беларусі і хачу, каб у кожнага беларуса была магчымасць будаваць тую краіну ў якой нам усім будзе добра жыць…