Павел Севярынец адзначае Дзень народзінаў — дзявяты раз за кратамі

Павел Севярынец — пісьменнік, палітык і сузаснавальнік партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», адзначае сёння 46-ты Дзень народзінаў. І чарговы раз — за кратамі.

Апошні раз Паўла затрымалі супрацоўнікі міліцыі яшчэ 7 чэрвеня 2020 года. Пасля гэтага ў дачыненні да яго было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная — за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Аднак з сутак яго не выпусцілі, завялі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага па арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

Суд адбыўся амаль праз год — 25 траўня 2021-га ў Магілёўскім абласным судзе яго асудзілі на 7 гадоў калоніі строгага рэжыму. Судзілі разам з блогерам Змітром Казловым, грамадскай актывісткай Ірынай Шчаснай, актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам.

У красавіку 2022 года адміністрацыя папраўчай калоніі № 17 прызнала лідара «Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі» злосным парушальнікам рэжыму. Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў.

У чэрвені Севярынец паведаміў родным, што яго пазбавілі і працяглага спаткання.

Цяпер Павел Севярынец адбывае пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі № 17. Павіншуйце вязня лістамі, паштоўкамі ці тэлеграмамі: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.

novychas.online