1 лютага падчас цырымоніі ў Падляшскай оперы і філармоніі атрымаў я прэстыжную гадавую стыпендыю ад маршалка ваяводства ў галіне мастацкай творчасці, прасоўвання культуры і догляду за помнікамі.
Дазволіць мне гэта напісаць урэшце, а папраўдзе скончыць, кнігу пра вядомага „прарока” Ілью з Грыбоўшчыны і яго славуты Вершалін. Даволі ўжо доўга працую, каб вярнуць сапраўдны ход тых падзей. Год таму закончыў я публікаваць часткамі ў „Часопісе” скарочаную версію будучай кніжкі. Каб завяршыць задуманы мною ўтрая большы, тоўсты аб’ём, трэба было б адкласці іншыя справы. У тым ліку тыя, з якіх проста жыву зарабляючы грошы. Цяпер урэшце будзе гэта магчымае.
Мой стыпендыйны праект мае назву „Вершалін. Гісторыя, якую трэба расказаць па-новаму”. Прыйдзецца прысвяціць шмат часу і працы, каб пашырыць напісанае, дапоўніць тэкст новымі невядомымі дагэтуль фактамі, паўстаўляць зноскі, расчытаць і перакласці архіўныя дакументы, зрабіць апрацоўку здымкаў і ілюстрацый, парэдагаваць подпісы. Улічваючы ўсё гэта, фінансавая падтрымка не будзе вялікай, бо гэта толькі 10 тыс. зл. мінус падатак. Але як дадатковая матывацыя дазволіць мне, звязанаму кантрактам, выдзеліць час і прысесці, каб на працягу дзесяці месяцаў рэгулярна над гэтым працаваць.
Ведаю, што многія людзі чакаюць маю кніжку. Я, вядома, усё роўна яе напісаў бы, але заняло б гэта значна больш часу.
Я вырашыў падаць заяўку на атрыманне стыпендыі ад маршалка таму, што каб напісаць салідную кнігу (а такую амбітную мэту перад сабой стаўлю), неабходны грашовы заклад і кантракт. Ці то з выдавецтва, ці з нейкай установы. Гэта норма і так было заўсёды.
Сакрат Яновіч у цудоўнай кнізе „Наша тысячагоддзе”, якую мы разам з ім напісалі, расказвае, што ён рабіў пасля падпісання выдавецкай дамовы:
„Тады трэба прысесці і пісаць свой раман. Дзень за днём, з перапынкамі на сняданак, абед, вячэру і да позняй ночы. А на наступны дзень – выпраўленні, дапрацоўкі ўчарашняга запісу, а потым працяг. І так мінімум год, ні заўважаючы ні вясны, ні лета, ні зімы. Скончыўшы кнігу, пажадана апынуцца ў санаторыі або ў бальніцы ў рэанімацыі…”.
Апошні сказ – гэта, вядома, жарт, хаця сапраўды канцэнтрацыя над пісаннем кніжкі высмоктвае шмат энергіі. Але калі ўдаецца напісаць яе добра, цікава і на высокім узроўні, тады прыходзіць задавальненне і палёгка.
У гэтым годзе маршалак Артур Касіцкі ад імя управы ваяводства вылучыў 36 гадавых і дзевяць шасцімесячных стыпендыятаў (тыя атрымалі па 7 тыс. зл. мінус падатак). На жаль толькі некалькіх было з нашага беларускага асяроддзя. Шасцімесячнай стыпендыяткай стала м.інш. мая супрацоўніца, журналістка і пісьменніца Міра Лукша. Успамажэнне атрымала яна на напісанне рамана пра – як кажа – „простую, пушчанскую жанчыну, трохі ведзьму”. Стыпендыяткай стала таксама Аляксандра Яроцкая, якая ўзначальвае Брацтва праваслаўнай моладзі Беластоцка-гданьскай епархіі, родам яна з Гарадка. Яе праект тычыцца выпуску альбома фальклорных і сучасных беларускіх песень, яшчэ ўкраінскіх і польскіх.
Іншыя стыпендыяты атрымалі грошы на выставы, майстар-класы па танцах, зборнікі вершаў, кароткія фільмы… Выглядае на тое, што мой праект мабыць найбольш маштабны з усіх.