Інтэграцыя праз калекцыянаванне

Андрэй Мялешка стаіць у сярэдзіне. Фота з яго архіва

Цікавую ініцыятыву, да якой можа далучыцца кожны жадаючы, арганізавалі беларусы-эмігранты ў Беластоку. У хабе „Новая Зямля” яны праводзяць ужо стаўшыя традыцыйнымі спатканні калекцыянераў. Апошнім часам да іх актыўна далучыліся і польскія ўдзельнікі.

Як расказаў Андрэй Мялешка – адзін з галоўных арганізатараў спатканняў і адначасова калекцыянер з амаль 40 гадовай гісторыяй збірання – супольныя беларуска-польскія сустрэчы распачаліся адносна нядаўна, каля трох месяцаў таму. Андрэй быў асабіста ў іх зацікаўлены, бо сам з’яўляецца дасведчаным філатэлістам. Ён зацікавіўся паштовымі маркамі яшчэ ў дзяцінстве, калі ў першым класе школы пайшоў у філатэлістычны гурток. Перад эміграцыяй з Беларусі быў намеснікам старшыні Беларускага таварыства філатэлістаў і атрымаў статус эксперта міжнароднага журы філатэлістычных выстаў.

– Можна сказаць, што я стаў рухавіком гэтых сустрэчаў, – распавядае беларус, – а зараз да арганізацыі далучылася яшчэ некалькі чалавек, якія перадрукоўваюць мае аб’явы пра чарговыя сустрэчы калекцыянераў у сацыяльных сетках на беларускай і польскай мовах.

Першае спатканне калекцыянераў у хабе „Новая Зямля” было выключна беларускім, а Андрэй Мялешка прэзентаваў тады ўдзельнікам свой падкаст пра філатэлію пад назвай „Познамкі”. Гэта кароткія гісторыі пра філатэлію і людзей вакол яе. Напрыклад, пра вядомых асобаў, якія збіралі маркі, ці пра малавядомыя гістарычныя падзеі, адлюстраваныя на паштовых выпусках.

З цягам часу на сустрэчы пачалі прыходзіць польскія калекцыянеры, якія маюць у Беластоку сваю вялікую супольнасць. Апошнім часам польскіх удзельнікаў становіцца ўсё больш.

Ну сустрэчы кожны ўдзельнік прыносіць свае скарбы, перадусім манеты і маркі, а таксама фотаздымкі пачатку мінулага стагоддзя. Андрэй Мялешка акрамя альбомаў з маркамі прыносіць таксама нашыўкі, якія робіць уласнаручна. Іншы калекцыянер-эмігрант з Беларусі, Кастусь Шыталь, паказвае ўдзельнікам старыя паштоўкі з выявамі Глыбокага ды іншых мясцін Віцебскай вобласці.

Падчас сустрэчаў іх удзельнікі не толькі распавядаюць цікавыя гісторыя пра свае зборы, але і абменьваюцца прадметамі, што іх цікавяць, ці набываюць адзін у аднаго.

– Я прыношу тое, з чаго ўсё пачалося ў маім жыцці, то бок паштовыя маркі: класічную філатэлію, тэматычныя калекцыі, канверты з цікавымі паштовымі гашэннямі, – дзеліцца падрабязнасцямі сустрэчаў іх арганізатар. – Але хочацца, каб людзі бачылі не толькі паперу, а гісторыю за ёй, таму часта расказваю, у якіх абставінах з’явіўся той ці іншы выпуск, хто яго ствараў. І яшчэ прыношу нашыўкі з беларускай сімволікай і гербамі гарадоў, якія робім з сябрамі. Гэта ўжо не проста калекцыя, а спосаб насіць гісторыю з сабой. Мы ствараем дызайны з нацыянальнымі і гістарычнымі матывамі, з гербамі беларускіх гарадоў. Часам людзі замаўляюць нешта асабістае – і гэта вельмі натхняе. А вось напрыклад, падчас аднаго з лютаўскіх спатканняў прыдбаў сабе некалькі манет-пяцізлатовікаў, якія зараз таксама збіраю.

Па словах калекцыянера, падчас спатканняў можна ўбачыць сапраўды ўнікальныя рэчы, напрыклад паштоўкі канца ХІХ стагоддзя ў амаль ідэальным стане, манеты Рэчы Паспалітай XV–XVIII стагоддзяў, рэдкія вайсковыя артэфакты і дакументы з сямейных архіваў, кожны з якіх мае сваю гісторыю, часта вельмі асабістую. На думку беларуса, польскія ўдзельнікі здзіўляюць маштабам сваіх збораў. Ёсць сярод іх людзі, якія дзесяцігоддзямі сістэмна вывучаюць адну тэму, напрыклад, канкрэтны гістарычны перыяд або рэгіён.

На дадзены момант супольныя беларуска-польскія сустрэчы калекцыянераў адбываюцца па нядзелях раз на два тыдні, але арганізатары плануюць зрабіць іх больш рэгулярнымі і ўжо ў бліжэйшай будучыні хочуць сустракацца кожны тыдзень.

Гэтыя сустрэчы не толькі пра калекцыянаванне, яны таксама пра дыялог. Пра магчымасць сказаць: „Паглядзі, што я захаваў з мінулага” і пачуць у адказ: „А вось мая гісторыя”. І ў гэты момант паміж людзьмі ўзнікае нешта большае за цікавасць – узнікае давер паміж людзьмі розных пакаленняў, а таксама паміж тымі, каго цікавіць супольная гісторыя, – упэўнены Андрэй Мялешка. 

Павел Лукашук, czasopis.pl