Чарнаморцава: Мусім ушанаваць памяць Івана Луцкевіча ў Закапанэ

Валерыя Чарнаморцава

Ушанаванне памяці Івана Луцкевіча ў Закапанэ – такую ініцыятыву распачалі кракаўскія беларусы разам з  экскурсаводкай і сакратаркай віленскай філіі партыі БХД Валерыяй Чарнаморцавай. Для беларусаў вельмі важна, каб на месцы пахавання Івана Луцкевіча ў Закапанэ была ўсталяваная шыльда. 

Кажа Валерыя Чарнаморцава:

– У Закапанэ ён пахаваны, але магілы няма, таму што наверсе пахаваныя іншыя людзі. І як кажуць кракаўскія беларусы: мы прыязджаем у Закапанэ і не ведаем, дзе ўшанаваць памяць Івана Луцкевіча. У прынцыпе месца магілы вядомае, але з розных прычынаў у свой час не адбылося перапахаванне.

Як зазначае Валерыя Чарнаморцава, перапахаванне парэшткаў Івана Луцкевіча – гэта такая ідэя-фікс, тым больш ёсць кенатаф на могілках Росы ў Вільні. І пакуль гэта фізічна немагчыма, то трэба ўшанаваць памяць у Закапанэ:

– Ёсць два варыянты ўшанавання: ці непасрэдна на могілках, ці на месцы былога санаторыя, дзе ён памёр. І зараз ідзе падрыхтоўчая праца. І калі будуць атрыманыя ўсе дазволы і будзе вызначаны фармат, тады пачнецца збор на шыльду, канешне, з удзелам музея Луцкевіча і таксама сваякоў у Вільні.

Валерыя Чарнаморцава ўжо размаўляла на гэтую тэму з унучкай Антона Луцкевіча – Алесей Луцкевіч. І яна таксама зацікавілася гэтай ідэяй.

А ў Валерыі Чарнаморцавай ёсць яшчэ адна ідэя – правесці памятную імпрэзу па ўшанаванні 100-годдзя друкарні імя Францыска Скарыны ў Вільні.

racyja.com