Абвешчаныя лаўрэаты прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку

24 кастрычніка ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Міхала Анемпадыстава 2026 (за найлепшую кніжную вокладку 2025 года).

Лаўрэатамі прэміі сталі Ліна Хесэ і Ігар Юхневіч за вокладку кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень і Ліны Хесэ (Мяне Няма, 2025).

Журы ўганаравала аўтараў «за майстэрскую гульню паміж крафтам і поп-артам, за дзіцячую адкрытасць, за дарослы сімвалізм».

Каментар сябры журы прэміі Надзеі Зелянковай:

Часам прыемна спрачацца з калегамі ў журы наконт дызайну, прыводзіць свае аргументы ды пераконваць адно аднаго. Аднак сёлета такой весялосці не было. Кніга-пераможца была абраная з велізарным адрывам ад іншых. І нават дзіўна, што гэта дзіцячая кніга, бо звыклыя ванільна-ахайныя аздабленні рэдка займаюць месцы нават у шорт-лістах.

Паклікаўшы сваіх унутраных дзяцей, сябры журы з асалодай абвясцілі пераможцаў: Ліну Хесэ і Ігара Юхневіча з кнігай «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень і Ліны Хесэ (выдавецтва «Мяне Няма»).

На чорным фоне, прафарбаваным пэндзлем, — зялёнае дрэва ў ружовай шапцы з пампонам. І ты, не адкрыўшы нават яшчэ кнігі, знаёмішся з моцным характарам героя, чакаеш яго вандровак і хвалюешся, разумеючы незайздросны стан беспрацоўя. Ілюстрацыі зроблены настолькі па-майстэрску, што ты лёгка ўяўляеш іх і ў спектаклі (які аўтаркі паставілі ўжо), і на чым заўгодна, ад паштовак да цацак. Шкада крыху, што нашая кніжная індустрыя яшчэ толькі расце, каб рабіць брэндамі персанажаў такіх кніг. Але расце!

Такое аздабленне прыцягвае сваёй незвычайнасцю дзяцей і адгукаецца дарослым, можа перамагчы на конкурсах (вось, напрыклад, на нашым) — і пры гэтым працаваць на продаж кнігі (тут застаецца пажадаць вялізных дадатковых тыражоў ды перакладаў на іншыя мовы)!

Пра цырымонію

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак і звяртае ўвагу на візуальную культуру беларускай кнігі. Сёлета ў кароткі спіс увайшлі восем прац, якія прадэманстравалі разнастайнасць мастацкіх падыходаў і спосабаў візуальнай інтэрпрэтацыі кніжнага тэксту.

Цырымонія адбылася ў REDAKCJA BAR і сабрала прадстаўнікоў беларускай культурнай і кніжнай супольнасці. Праграма вечара ўключала выставу «Восем вокладак як восем гісторый», прэзентацыю выдання «Форма прысутнасці», прысвечанага беларускай кніжнай вокладцы, і дыскусію пра вокладку як візуальны вобраз кнігі. У размове, мадэраванай Вольгай Мжэльскай, узялі ўдзел пераможцы мінулых гадоў — дызайнеры Святлана Дземідовіч, Анатоль Лазар і Ігар Юхневіч.

Падчас цырымоніі ўзгадалі спадчыну патрона прэміі Міхала Анемпадыстава — мастака, дызайнера, паэта і культуролага, чыя творчасць істотна паўплывала на фармаванне сучаснай беларускай візуальнай культуры. Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія працягвае яго традыцыю ўважлівага стаўлення да візуальнай мовы, у якой форма, колер, тэкст і матэрыял ствараюць адзіны мастацкі вобраз.

Пасля афіцыйнай часткі вечар працягнуўся музычным сэтам Papa Bo Selektah, а таксама размовамі і абменам уражаннямі ўдзельнікаў.

budzma.org