
1 і 2 траўня ў Варшаве пройдзе V Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. На ёй актывісты абмяркуюць актуальныя праблемы і вызначаць перспектывы, падзеляцца досведам і ўмацуюць супрацу дыяспараў па ўсім свеце.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Павел Баркоўскі распавёў „Радыё Рацыя“ пра падзею, якая аб’яднае розныя краіны.
РР: Вось ужо ў пяты раз будзе ладзіцца канферэнцыя. Якія асаблівасці ў праграме гэтага году?
Павел Баркоўскі: Гэтая канферэнцыя адрозніваецца ад іншых канферэнцый беларускіх дэмакратычных сіл тым, што тут асноўны акцэнт менавіта на беларускай дыяспары, – што робяць беларусы ў розных краінах свету. Перадусім будуць размовы і абмеркаванні наконт таго, што ў нас атрымліваецца рабіць, якія паспяховыя кейсы ёсць, для таго каб іх можна было пераймаць і дзяліцца паміж сабой. І што нам трэба ўдасканальваць, куды імкнуцца, каб беларусы былі заўважныя, бачныя ў розных краінах свету, каб яны захоўвалі павестку нашай краіны ў сваіх рэгіёнах, і каб Беларусь мела выразна іншае аблічча, акрамя таго, што дэманструе афіцыйная дыпламатыя Лукашэнкі.
РР: Праграма будзе ладзіцца два дні – у пятніцу і суботу. Ці ёсць тут нейкія тэматычныя блокі, адрозненнні паміж гэтымі днямі?
Павел Баркоўскі: Так, безумоўна. Першы дзень больш прысвечаны прэзентацыям паспяховых праектаў, абмеркаванню колькі нас беларусаў у свеце, будуць агучаныя даследаванні, якія рабіліся ў дыяспары. Таксама будзе цікавая панэль, прысвечаная ўзаемадзеянню з донарскімі структурамі па падтрымцы беларускіх праектаў. І панэль, прысвечаная выбарам у Каардынацыйную Раду, якія мусяць адбыцца неўзабавае.
РР: Колькі людзей, прыкладна, возьме ўдзел сёлета ў падзеі?
Павел Баркоўскі: Мы разлічваем на тое, што гэта можа быць каля некалькіх сотняў актывістаў, пераважна гэта, канешне, тыя, хто знаходзіцца ў Польшчы, бо гэта звязана з лагістычнымі праблемамі. Але таксама будзе частка людзей, якія прыязджаюць з іншых краін. Гэта актывісты дыяспар, гэта прадстаўнікі розных замежных дыпламатычных устаноў. Таму, я думаю, гэта будзе такое вельмі рэпрэзентатыўнае мерапрыемства для ўсіх беларусаў.
РР: На якія тры падзеі, у першую чаргу, вы бы параілі накіравацца беларусам?
Павел Баркоўскі: Я сам асабіста вельмі зацікаўлены ў тым, каб былі людзі ў другі дзень. Будуць адбывацца рабочыя групы па шэрагу пытанняў. Напрыклад, тая група, якой буду я займацца, гэта пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці, як захоўваць сваю беларускасць і не паддавацца асіміляцыі, пры тым, што пры пераездзе гэта вельмі цяжка зрабіць. Дзеці ходзяць у мясцовыя школы, вы ўваходзіце ў іншы інфармацыйны кантэкст, і гэта вельмі вялікі выклік для чалавека – заставацца беларусам, нягледзячы на тое, што жывеш у іншай краіне. Таму я б параіў схадзіць сюды. Ну і, канешне, мерапрыемствы першага дня. Вельмі цікава паслухаць пра добры досвед, ну і таксама цікава паслухаць, як і што будзе адбывацца з той жа Каардынацыйнай Радай.
РР: Калі мы кажам пра розныя краіны, то пра якія менавіта краіны вядзецца гутарка?
Павел Баркоўскі: Фактычна тыя, дзе больш актыўна працуе беларуская дыяспара. Гэта перадусім, канешне, Нямеччына, Чэхія, Італія, Швецыя, Аўстрыя, Гішпанія, нават будуць прадстаўнікі са Злучаных Штатаў Амерыкі, для якіх прыехаць гэта пэўны выклік. Беларуская дыяспара зараз вельмі актыўна працуе ў вялікай колькасці краін, і я думаю, так ці інакш многія краіны будуць прадстаўлены на гэтай канферэнцыі.
Марына Савіцкая, racyja.com
