Жудасныя тэрміны, цудоўныя дзяўчынкі і любоў да жыцця. Палітвязынкі Беларусі сталі гераінямі календара

Як сказаць пра дзень нараджэння ў турме? Яго святкуюць? Адзначаюць? Не заўважаюць? А калі тэрмін такі, што турэмных дзён народзінаў будзе не два і нават не тры?

Старонка календара за красавік. У гэты месяц нарадзіліся Вольга Петух і Марыя Калеснікава. Вольгу асудзілі на 10 гадоў калоніі, а Марыю — на 11 гадоў

Партрэты 15 беларусак, якія асуджаныя на самыя працяглыя тэрміны, з’явіліся на старонках календара.

Прыдумала яго гендэрная даследчыца Лена Агарэлышава, дызайн падрыхтавала былая палітзняволеная, дызайнерка Ганна Кісялёва, рэалізацыяй праекту займалася Яўгенія Доўгая і ініцыятыва «Палітвязынка». Пра тое, чаму важна ствараць арт-праекты пра палітвязняў жанчын, стваральніцы распавялі для telegram — канала «Тётя Ира разрешила».

«Гэта было не проста…»

«Я пісала праект на адну асабістую даследчую стыпендыю і ўключыла туды каляндар, — кажа Алена Агарэлышава. — Даўно марыла аб такім — і вось ён».

«Адразу пагадзілася, калі Лена прапанавала ўзяцца за праект, — кажа Яўгенія Доўгая. — Падумала пра Ганну Кісялёву. Яна былая палітзняволеная, дызайнерка, працавала ў паліграфіі. Ёй патрэбна была праца. Распавяла Ганне, што хочам зрабіць каляндар з днямі народзінамі нашых палітвязынак — яна пагадзілася».

«Гэта было няпроста, — распавядае Ганна аб працы над календаром. — Я шмат каго з дзяўчат ведаю асабіста. З Марынай Золатавай і Настай Лазарэнкай некалькі месяцаў на суседніх шконках…»

Старонка календаля за лістапад. Народжаная ў гэтым месяцы Кацярына Бахвалава асуджаная на 8, а Марына Золатава — на 16 гадоў

Каб кожны мог раздрукаваць для сябе

Ганна Кісялёва адбыла прызначаны тэрмін пакарання — паўтара года, цалкам: «Восем месяцаў у СІЗА — 1, потым на Антошкіна (Гомельская калонія). Шыла штонікі для сілавікоў».

Пасля калоніі Ганна заставалася ў Беларусі яшчэ месяц: «Мяне не звольнілі. Я працягвала працаваць, была начальнікам аддзела дызайну ў адной буйной афсетнай друкарні Мінска. Пакуль не пачалося пекла — пагрозы, праслухоўванне, выклікі ў СК, ціхары ля пад’езда. Прыйшлося эвакуіравацца. У эміграцыі займалася фрылансам. Каляндар стаў адным з першых праектаў».

Старонка календара за люты з партрэтам Ксеніі Луцкінай, асуджанай на 8 гадоў калоніі

Афармленне календара зрабілі па-беларуску і па-ангельску. «Там коратка напісана пра кожную з іх [гераінь праекта — заўв. рэд.]. Мне важна было паказаць вось гэтыя жудасныя, дзікія тэрміны, на якія асудзілі жанчын — журналістак, праваабаронцаў, актывістак, — кажа Яўгенія Доўгая. — Цяпер спасылка на каляндар ёсць у вольным доступе. Каб кожны мог раздрукаваць».

Марфа Рабкова і Наста Лойка нарадзіліся ў студзені. Гэта — старонка календара з іх тэрмінамі — 15 гадоў для Марфы і 7 — для Насты

Арт-праекты, на думку Яўгеніі Доўгай — адзін з варыянтаў праявы палітычнай волі, частка намаганняў, накіраваных на вызваленне палітвязняў.

На Instagram — старонцы ініцыятывы ёсць апавяданні аб тым, як простыя рэчы дапамагаюць выжыць у турме. «Такія пасты папулярныя, яны выклікаюць эмоцыі ў людзей», — кажа Яўгенія Доўгая.

Турэмную робу з Беларусі ўбачаць у музеі ў Германіі

Яшчэ адзін арт-праект, над якім зараз працуе «Палітвязынка», выстава для Музея берлінскай сцяны ў Германіі. «Гэта будзе пастаянная экспазіцыя. Мы сабралі для яе асабістыя рэчы палітзняволеных жанчын, у тым ліку і турэмную робу. Вывезці гэта робу было сапраўднай спецаперацыяй. Я вельмі ўдзячная той былой палітзняволенай, якая перадала ўсё гэта нам. Жаночая турэмная адзежа — гэта некалькі відаў адзення. Сукенка, ружовая блузка, пінжак, хустка. Хустка — гэта самае галоўнае. Яны яе носяць заўсёды».

Ганна Кісялёвая таксама мае серыю малюнкаў пра турму. Яе выстава пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. «Знаёмы мастак сказаў, што ў гэтых маіх малюнках вельмі шмат святла. Як быццам я малюю белым колерам. Напэўна, ён мае рацыю, я хацела хутчэй проста зафіксаваць, як на фота, для гісторыі, для дакументальнасці. Таму што калі адкінуць эмацыйны фон — то гэта проста жыццё, нейкая «хата», якую [вольнаму чалавеку] цяжка сабе ўявіць».

Этапаванне на суды. У кайданках — экстрэмісты. Без кайданкоў — проста злачынцы (гвалтаўнікі, забойцы, злодзеі…). У пакеце — дакументы, бутэр (выдаюць у СІЗА), вада. Канваіры звычайна самі ў шоку ад усяго, і не вельмі разумеюць каго і ад каго яны ахоўваюць. Але выконваюць распараджэнні начальства. Малюнак Ганны Кісялёвай

Тэма турэмнага зняволення не адпускае і «мусіць, не адпусціць ніколі, — кажа Ганна. — Гэта не зусім траўма, як прынята думаць. Гэта хутчэй як цягнікі ў Тыбет. Ніхто адтуль не вяртаецца такім, як раней. Кагосьці ламае, хтосьці, як Фенікс, здабывае сябе. А я… Ніколі раней я так не любіла жыццё і людзей, як зараз».

Загалоўная старонка календара з інфармацыяй аб колькасці жанчын-палітвязняў у Беларусі

budzma.org