Добрай навіной падзяліўся на сваёй старонцы ў Фэйсбук пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
«Ужо зусім хутка мы з нашымі беларускімі кнігамі выпраўляемся ў травеньскае турнэ па чатырох эўрапейскіх гарадах. Чакайце і сустракайце нашу чароўную чацьвёрку ў Вільні, Таліне, Уроцлаве і Празе. Усе імпрэзы — для беларусаў і па-беларуску. Будуць кніжкі па выдавецкіх коштах, чытаньні, размовы, дыскусіі і аўтограф-сэсіі», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.
Падчас турнэ адбудуцца прэзентацыі кнігі Юлі Цімафеевай «Мінскі дзённік», а таксама паэтычнага зборніка «Воўчыя ягады» і паэмы Ільлі Камінскага «Рэспубліка глухіх», якую яна пераклала на беларускую мову разам з Вальжынай Морт.
Сяргей Шупа прадставіць новыя кнігі «Вясны»: свае пераклады Мойшэ Кульбака («Зэлменяне»), Юргіса Кунчынаса («Туўла») і Антанаса Шкемы («Белы саван»).
Андрэй Янушкевіч раскажа пра навінкі беларускага кнігавыдання і стан, у якім працуюць беларускія выдавецтвы, а таксама прывязе свежанадрукаваныя кнігі.
«Што да мяне — спадзяюся пазнаёміць усіх з новай кніжкай, якая ўжо ў друкарні, прыгодніцкім раманам «Капітан Лятучая Рыба» з ілюстрацыямі Лявона Вольскага, а таксама пагаварыць пра «Сабакаў Эўропы», «Ператрус у музэі», «Хлопчыка і сьнег», «Плошчу Перамогі» — тое, што выходзіла раней, але яшчэ не прэзэнтавалася ні ў водным з гэтых чатырох гарадоў», — адзначае Альгерд Бахарэвіч.
Расклад мерапрыемстваў
Вільня, 9 траўня, 18.00.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20)
Талін, 11 траўня, 17.00.
Прастора Workland (Pärnu mnt., 12)
Уроцлаў, 18 траўня, 17.00.
Biblioteka Słowianska. Dolnośląska Biblioteka Publiczna we Wrocławiu (Rynek, 58)
Прага, 19 траўня, 18.00.