З нагоды ініцыяванай уладамі адмовы ад беларускай лацінкі ў надпісах населеных пунктаў, вуліц і станцыяў метро ў сваім facebook выказаўся Цімафей Акудовіч .
Pra łacinku treba razumieć dva momanty:
1. Лацінка — вялікая каштоўнасць беларускага народа. Як крыж Еўфрасінні Полацкай, напрыклад. Такая ж важная і такая ж згубленая.
Лацінкай нашыя продкі пісалі пачынаючы з XVI ст. Пісалі нячаста, але сістэмна.
Мы — адна з нешматлікіх нацый на свеце, якая мае абодва алфавіты ў сваёй нацыянальнай ДНК. І гэта ня дробязі.
2. У сучасным беларускім грамадстве лацінка — гэта крыху «чамадан без ручкі». Яна каштоўная, яна прыгожая і стылёвая, але дзе яе выкарыстоўваць апроч брэндзіравання, незразумела. Лацінку цэняць дызайнеры, але вельмі слаба ўспрымае народ. Такая аб’ектыўная рэальнасць.
Z nahody admieny łacinki varta adznačyć dva momanty:
1. Гэта бязглуздае і шкоднае рашэнне.
Па-першае, відавочна, лацінка на шыльдах ніяк не шкодзіла «славянскім традыцыям» Беларусі і не прэтэндавала на тое, каб нешта ў кагосьці забраць.
Па-другое, менавіта на шыльдах лацінка выконвае канкрэтнае прызначэнне. Любая назва на планеце мусіць мець сваё адлюстраванне на лацінскай графіцы. Такія правілы. І ў гэтым разрэзе звыкласць ці нязвыкласць для «простага» беларуса такой лацінкі ня мае вялікага значэння. Гэта як блокчэйн ключ — важны арыгінальны набор сімвалаў.
І ў беларусаў ёсць раскоша рабіць гэты «ключ» сваёй, гістарычнай графікай.
2. Аргументацыя пад забарону лацінкі як заўсёды «аганёк».
Спачатку ў дакуменце аб забароне пішуць пра тое, што цяперашнюю лацінку распрацавалі супрацоўнікі Акадэміі Навук, а праз 2 сказы, што яе выкарыстоўваюць з 16 ст. Дык дзе праўда?
Таксама ў дакуменце прапануецца паступова адмаўляцца ад лацінкі, выкарыстоўваючы замест яе толькі дзяржаўныя мовы. Але ж лацінка — гэта не мова! Што яны там збіраюцца забараняць?
Самае прыкольнае — гэта аргумент пра тое, што ў аснову нашай лацінкі нібыта пакладзены польскі варыянт з мэтай паланізацыі беларусаў. А яна апроч таго, што ідэалагічна шкодная, дык і вельмі нязручная, бо выкарыстоўвае «гачкі» (дыякрытыкі па-навуковаму).
Але ж усё наадварот! Беларусы карысталіся польскім варыянтам лацінкі да пачатку ХХ ст. Але пасля прынцыпова адмовіліся ад яе і перайшлі на лацінку ўмоўна чэшскага фармату. То бок, нашая лацінка асэнсавана антыпольская!
І «нязручныя» гачкі у ёй узніклі якраз пасля пераходу на новы варыянт. Для таго, каб адрознівацца ад палякаў.
Карацей, людзі, якія лічаць, што могуць кіраваць беларусамі, як заўсёды не падрыхтаваліся і ўсё наблыталі. На роўным месцы.
Niachaj žyvie i kvitnieje biełaruskaja łacinka!
Цікавы ролік пра беларускую лацінку можна паглядзець тут: