
Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу аб «рэабілітацыі нацызму» праз відэаролікі на YouTube. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў. Беларускія прапагандысты сцвярджаюць, што справу завялі на Кацярыну Ваданосаву.
Паводле словаў Дзмітрыя Брылёва, крымінальная справа распачатая паводле ч. 3 арт.130-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «наўмысныя дзеянні ў рэабілітацыі нацызму». Як сцвярджае прадстаўнік Генпракуратуры, падчас аналізу інтэрнэт-рэсурсаў ведамства выявіла «аўтарскую інтэрпрэтацыю гістарычных падзеяў» на адным з YouTube-каналаў.
«Па выніках вывучэння сабраных звестак распачатая крымінальная справа аб наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму. Згодна з матэрыяламі справы, 39-гадовая нарадзінка Менску з падвойным прозвішчам, перабываючы за межамі Беларусі, разам з іншымі грамадзянамі на сістэмнай аснове вырабляла і размяшчала на агульна даступным рэсурсе відэаролікі ў форме асветніцкіх лекцыяў», – сказаў Брылёў.
Паводле версіі пракуратуры, у гэтых роліках падазраваная «маніпулявала асобнымі фактамі з гісторыі краіны» і рэпрэзентавала сябе як чалавека, кампетэнтнага ў пытаннях падзеяў 1941–1945 гадоў.
«Падобныя лекцыі ствараліся ў мэтах рэабілітацыі нацызму і прызначаліся для распаўсюду і свабоднага прагляду, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі», – заявіў прадстаўнік Генпракуратуры.
Ён таксама сцвярджае, што ў некаторых відэа аўтарка «гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іхных памагатых».
Крымінальная справа скіраваная для расследавання ў цэнтральны апарат Следчага камітэту Беларусі.
Назва YouTube-каналу ў паведамленні пракуратуры не называецца. Аднак беларускія прапагандысты сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра Кацярыну Ваданосаву. Нагодай для распачынання справы сталася відэа «Галоўны міф Другой сусветнай – забойства гаўляйтара Вільгэльма Кубэ. Што не так?» на Youtube-канале «Будзьма Беларусамі!».
Паводле Ганна Калтыгіна, belsat.eu
