25 траўня ў Бабруйскай калоніі № 2 сустрэў свой 46-ы дзень нараджэння выбітны гарадзенец, журналіст і грамадскі дзеяч Павал Мажэйка. Яго арыштавалі 30 жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь і засудзілі на 6 гадоў зняволення. Калі пачалася серыя крымінальных справаў супраць яго, дзецям Паўла было 2 і 9 гадоў. Яны зусім не бачылі і не чулі таты амаль 2 гады.
Хто такі Павал Мажэйка
Павал Мажэйка – менеджар культуры, стваральнік культавай гарадзенскай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» і моцнага грамадскага асяродку, знаны журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», якая спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Горадні і пра Горадню. Ён падтрымліваў шматлікія грамадскія ініцыятывы, з перакананнем, што, ствараючы сваё, беларускае, мы самыя можам пабудаваць краіну, пра якую марым.
Павал – гарадзенскі журналіст і прызнаны ў медыйнай сферы прафесіянал. Паводле адукацыі ён выкладчык гісторыі і культуралагічных дысцыплінаў, скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (2000). Быў журналістам адной з першых незалежных газетаў «Пагоня», рэдактарам газеты «Дзень», супрацоўнічаў з інфармацыйным агенцтвам БелаПАН, тэлевізійнаю кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў польскіх і амерыканскіх выданнях. Ганаровы сябра пісьменніцкіх суполак беларускага і брытанскага ПЭН-цэнтраў. Быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзідэнта ад апазіцыі на выбарах-2006.
На працягу 14 гадоў Павал быў аўтарам і вядоўцам шэрагу публіцыстычных і гістарычных праграмаў на «Белсаце»: напрыклад, «Два на два», «Intermarium», спецпраектаў палітычных дэбатаў ды іншых. Але калі рэжым Лукашэнкі прызнаў «Белсат» экстрэмісцкім, Павал пакінуў тэлеканал.
Адзін з першых палітычных вязняў Беларусі
Павал нарадзіўся ў Горадні. Ён адзін з першых палітычных вязняў Беларусі: у 2002-м яго засудзілі на 2 гады «хіміі» за паклёп на прэзідэнта ў матэрыяле адной з першых незалежных газетаў «Пагоня». Павал адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу – працаваў на пілараме. Паводле амністыі тэрмін скарацілі на год, газету «Пагоня» закрылі.
У 2016 годзе Павал ствараў у Горадні Цэнтр гарадскога жыцця, які адыгрываў важную ролю ў культурніцкім і грамадскім жыцці гораду. Прастора гуртавала творчых, актыўных, ініцыятыўных асобаў. У цэнтры адбыліся сотні культурніцкіх імпрэзаў, навуковых канферэнцыяў, дзясяткі выставаў, прэзентацыяў кніг, канцэртаў і адукацыйных захадаў. Сярод іх, напрыклад, канцэрт Лявона Вольскага, кніжны фестываль «Прадмова», гістарычныя канферэнцыі «Grodnae et orbi», фестывалі дакументальнага кіно, курсы «Мова Нанова» ды іншыя. Штогод на калядныя святы Павал ладзіў Беларускія ялінкі для дзяцей. У 2019 годзе цэнтр стаўся адзіным месцам у Беларусі, дзе адбылася фотавыстава самага прэстыжнага сусветнага конкурсу фатографаў «World Press Photo».
У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця надаў сваю пляцоўку для збору і працы валанцёраў, якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Сюды звозіліся ахоўныя касцюмы ды іншыя рэчы, неабходныя медыкам, тут збіраліся валанцёры, якія сабралі ўласнаруч тысячы ахоўных экранаў.
У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у Цэнтры гарадскога жыцця партрэт дзеяча антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла выклікалі на допыт у гарадзенскую пракуратуру, дзе яго затрымалі. У дачыненні Паўла і Алеся Пушкіна распачалі крымінальную справу за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Пасля 72 гадзінаў затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкаю «зніклі падставы для затрымання».
12 траўня 2021 года эканамічны суд Гарадзенскай вобласці пастанавіў зліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця, нягледзячы на тое, што пад зваротам дзеля абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 асобаў, сярод якіх – знакамітыя гарадзенцы, якія заступаліся за цэнтр публічна.
У пачатку 2022 года крымінальную справу супраць Мажэйкі спынілі. Павал мог з’ехаць з Беларусі ўжо тады, аднак застаўся ў краіне. Для яго было прынцыповым не ўцякаць, не эміграваць. Адмаўляўся ад усіх працаў і праектаў, якія вымагалі ягонай прысутнасці толькі за мяжою, дзеля магчымасці ездзіць у Беларусь. Гэтак ён жыў некаторы час на дзве краіны, Беларусь і Польшчу.
Аднак 30 жніўня 2022 года Паўла зноўку затрымалі і арыштавалі. Пры затрыманні яго моцна збілі.
26 ліпеня 2023 года суддзя Максім Філатаў, вядомы гучнымі палітычнымі выракамі, прысудзіў Мажэйку 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Журналіст не злачынца
Справу супраць Паўла зляпілі з таго, што было, і ацанілі максімальна жорстка. Падчас судовай расправы калегі Паўла зладзілі акцыю, каб падтрымаць яго: у розных краінах і гарадах яны сфатаграфавалі выяву мужчыны з подпісам «Журналістыка – не злачынства».
«Мы хочам падтрымаць Паўла і ягоных родных, паказаць, што мы памятаем і перажываем за яго, верым у яго і вельмі чакаем на волі. А таксама нагадаць, што за кратамі ў Беларусі несправядліва пакутуюць бязвінныя сумленныя людзі. Страшнай цаной яны даказваюць важнасць такіх каштоўнасцяў, як свабода, дэмакратыя і правы чалавека», – кажуць ініцыятары акцыі.
У мінулым годзе 25 траўня, у дзень народзінаў Паўла, ягоныя калегі і сябры зладзілі прыгожую акцыю: яны пісалі пра яго шмат цёплых словаў і фатаграфавалі кубачкі з каваю ды кніжкі, бо Павал – вялікі аматар і таго, і другога.
«Павал – прыгожы і абаяльны чалавек. Як мала хто, ён умее яднаць вакол сябе добрых неабыякавых людзей з беларускім сэрцам. Там, дзе ён, заўсёды цікава і аптымістычна, там вольная думка, узмацняецца нацыянальны дух і робіцца мужным сэрца. Павал Мажэйка заўсёды адчуваў сябе сапраўдным гарадзенцам, ганарыўся сваім каралеўскім горадам і імкнуўся адраджаць у ім былыя добрыя традыцыі», – напісаў пра нашага калегу ў ягоны дзень нараджэння Аляксандр Мілінкевіч.
Цяпер жа другі дзень народзінаў Павал сустракае за кратамі. Ягоная жонка Ірына і двое дзяцей – старэйшая дачка Ніна і маленькі сын Юра – жывуць у Польшчы. Хлопчык, які ўжо палову свайго жыцця не бачыў бацькі, вельмі чакае яго і думае, што той ловіць у беларускіх лясах дыназаўраў, таму пакуль не можа прыехаць.
Правілы жыцця Паўла Мажэйкі
Павал не асабліва любіў раздаваць інтэрв’ю і пазбягаў публічнасці, хоць і рабіў шмат добрых і карысных справаў. Але мы знайшлі некалькі цытатаў з ягоных лістоў і каментароў, якія цалкам можна абазначыць як правілы жыцця.
«Усе людзі, якія ў Беларусі працуюць з інфармацыяй, распаўсюджваюць незалежную інфармацыю, альтэрнатыўны ад дзяржаўнага погляд, усе сёння знаходзяцца пад пагрозай абсалютна неабгрунтаванага пераследу, рэпрэсій, часам жорсткіх. І абсалютна кожны павінен быць падрыхтаваны псіхалагічна да такіх дзеянняў улады».
(Травень 2018 года)
«Дарагія мае! Просьба да ўсіх дарослых: адпусціце гэтую сітуацыю, не нагнятайце, не думайце пра яе шмат, іначай яна з’есць вас знутры. Жыццё ідзе далей, працягвайце яго так, каб было што мне расказаць, калі мы сустрэнемся».
(У першым лісце пасля апошняга арышту)
«Тэрмін, безумоўна, вялікі. Так доўга асобна мы яшчэ не былі. Але тое, што нас не знішчае, ператварае нас у кінцугі».
(У лісце пасля вынясення прысуду 6 гадоў. Кінцугі – старажытнае японскае майстэрства склейвання разбітай керамікі, пасля якога рэч можа выглядаць яшчэ прыгажэй)
«Для мяне было важным захаваць гонар і годнасць, не змаладушнічаць. Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця».
(Каментуючы судовую расправу)