Як артыкул «Курапаты — дарога смерці» змяніў Беларусь

3 чэрвеня 1988 года быў апублікаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Гэтая публікацыя стала каталізатарам нацыянальнага адраджэння Беларусі.

Зянон Пазняк пра раскопкі і выбар часу для публікацыі

З размовы Зянона Пазняка з Мікітам Мелказёравым: «Пра Курапаты я ведаў з 1974 года. Я размаўляю з людзьмі, людзі ведалі гэта ўсё — паказалі мне. Я расказаў гэта Шмыгалёву, мой быў сябра, і яшчэ пра гэта ведаў Мікола Купава — фактычна толькі тры чалавекі. Мы дамовіліся, што пра гэта ніхто не павінен ведаць, хаця людзі ў вёсцы ведалі, канешне. Але ў той сітуацыі нічога нельга было зрабіць, толькі як захаваць гэтую таямніцу. Таму што як толькі мы пачалі б нешта рабіць, скажам, выйшлі б з нейкім артыкулам (ніхто не надрукаваў бы, але было б зразумела, што гэта ўжо вядома, каму не трэба… Тады, па-першае, нас бы ліквідавалі імгненна, а па-другое, гэтае месца таксама ліквідавалі б. Зрабілі б там басейн альбо стадыён, гэта элементарна. Бо калі ў 1964 годзе рабілі кальцавую дарогу праз Курапаты, масу касцей выкапвалі, яны яе па касцях клалі і не звярталі ўвагі, бо за гэтым назірала КДБ. … Тады засталося чакаць толькі. Таму што нічога мы не маглі зрабіць, мы баяліся, што гэтае месца знішчыцца.
 І ў 1980-х, калі ўжо пачалася перабудова так званая, Гарбачоў пацвердзіў рашэнне 22-га з’езда аб тым што асуджаны быў культ асобы, і з’явілася палітыка галоснасці, гэта значыць, далі магчымасць друкавацца альтэрнатыўным аўтарам. І вось тады трэба было выбраць час. Бо я быў археолагам тады і разумеў, што трэба зрабіць археалагічныя раскопкі на навуковым узроўні, усё праверыць. Таму ў 1988 годзе мне здалося, што ўжо надыходзіць той час, калі можна паспрабаваць зрабіць раскопкі і рыхтавацца да афіцыйных раскопак. Чаму? Таму што ў траўні ці чэрвені рыхтавалася 19-я партыйная канферэнцыя, яна была на ўзроўні з’езда. Пры камуністах з’езды, пленумы, канферэнцыі былі вельмі важныя падзеі. … І вось падрыхтоўка да 19-й партыйнай канферэнцыі ўвесь гэты камуністычны сінклід быў у напружанні — яны баяліся зрабіць нейкія няправільныя крокі, нешта не так. І гэты мамент я вырашыў выкарыстаць.

Я ўзяў адкрыты ліст у Акадэміі навук, як археолаг, на даследаванне мінскай вобласці, падрыхтаваў сваіх людзей і мы правялі там раскопкі, шурфаванні. І сапраўды былі знойдзены прастрэленыя чарапы. … Пасля таго, як былі зробленыя раскопкі, былі апытаныя людзі. Я яшчэ ў 1987 годзе пачаў апытваць, хадзіў па вёсках. Хадзілі мы са Шмыгалёвым. Пасля таго, як з чалавекам пагаварылі, я тут жа, пакуль у памяці ёсць, усё запісваў. І расказы гэтых сведкаў ляглі ў аснову артыкула».

Сяргей Навумчык пра ўнікальнасць і феномен артыкула «Курапаты – дарога смерці»

Палітычны аглядальнік і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык у кнізе «7 гадоў беларускага адраджэння» піша:

«У 1988 годзе адбылося тое, што (дзякуючы і больш спрыяльным і дэмакратычным і абставінам, але і асабістай мужнасьці ініцыятара) мела вынікам шырокае аб’яднаньне грамадзтва вакол ідэі нацыянальнага адраджэньня і — гэта галоўнае — стварэньне палітычнай арганізацыі, якая дамаглася аднаўленьня дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Менавіта такой падзеяй зьяўляецца публікацыя 3 чэрвеня 1988 году ў «ЛіМе» артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» (артыкул увайшоў у гісторыю з падвоеным аўтарствам; насамрэч жа ад першага да апошняга слова пісаў яго адзін Пазьняк. Шмыгалёў разам з Пазьняком удзельнічаў у апытаньнях людзей у навакольлі Курапатаў, і Пазьняк палічыў карэктным паставіць пад артыкулам і ягонае прозьвішча).

Дасьледчыкі яшчэ прааналізуюць фэнамэналёгію той публікацыі ў грамадзкай сьвядомасьці беларусаў, мы ж адзначым некалькі істотных акалічнасьцяў. Пра сталінскія рэпрэсіі ў масавым савецкім друку пачалі пісаць недзе зь сярэдзіны 1986 году, і таму ў гэтым сэнсе публікацыя ў «ЛіМе», здаваласялася б, не магла лічыцца адкрыцьцём. У 1987 годзе «Тутэйшыя» нават правялі Дзяды з ушанаваньнем памяці рэпрэсаваных. З другога боку – у артыкуле ўжываюцца тэрміны «злачынствы 1930–1950 гадоў» (а не, напрыклад, з 1917-га), «сталінскія турмы і лягеры» (а не «бальшавіцкія»). Публікацыя стала магчымай дзякуючы прадмове Васіля Быкава, які піша пра «ахвяраў сталіншчыны» (а не камуністаў), «яжоўска-берыеўскія рэпрэсіі» (а не камуністычныя). У гэтым сэнсе, Салжаніцын у «Архіпелягу ГУЛагу» ці тыя эмігранты зь Беларусі (як Аляхновіч), якія пасьля адсідак здолелі ўцячы ў «вольны сьвет», – былі бліжэй да ісьціны, бо канстатавалі рэпрэсіі як вынік і неад’емную частку ленінскай палітыкі і камуністычнай ідэалёгіі. Аднак кніга Аляхновіча, выдадзеная ў больш як дзесяці краінах, была невядомая ў Беларусі, Салжаніцына таксама не друкавалі ў СССР. Па-другое, фраза кшталту «бальшавіцкія рэпрэсіі» зрабіла б публікацыю ў 1988 годзе немагчымай; зрэшты, ад таго, што рэпрэсіі былі названыя не «камуністычнымі», а «яжоўскімі» ці «сталінскімі», яны не рабіліся менш жахлівымі. Пазьняк упершыню сказаў іншае і ў той момант значна больш важнае, чым, напрыклад, сьцьвярджэньне, што «Ленін – бандыт», калі б яго нейкім цудам і ўдалося апублікаваць. …

Артыкул жа «Курапаты — дарога сьмерці» зрабіўся публікацыяй, эфэкт ад якой не магу параўнаць з вынікам ніякага іншага артыкулу. Тэкст імгненна быў перадрукаваны на ратапрынтах, яго чыталі на заводах, у інстытутах, яго абмяркоўвалі — я сьведчу пра правінцыйны Віцебск, у Менску ж розгалас, зразумела, быў куды большы».

Анатоль Вярцінскі пра тое, як публікацыя стала магчымай

Тагачасны галоўны рэдактар «Літаратуры і мастацтва» Анатоль Вярцінскі казаў:

«Наколькі я памятаю, асаблівага страху адносна таго, ці друкаваць артыкул, не было. Быў іншы страх — страх перад тымі фактамі, перад тым жудасным малюнкам, якія адкрывалі аўтары. Гэта не магло не прывесьці ў шок. Але ў мяне не было ніякіх сумневаў адносна публікацыі. Я разумеў, што гэта абавязкова трэба друкаваць, хаця ў той час мы хадзілі пад уладай ЦК КПБ. Але быў разгар перабудовы зь яе ўстаноўкамі на галоснасьць і дэмакратыю».

«Дзякуй Богу, гэтым разам абышлося бязь іх умяшаньня. Падобна да таго, што ня толькі галоўны рэдактар газэты, але і яны не чакалі, што такі артыкул увогуле мог зьявіцца, што жахлівыя факты маглі стаць здабыткам друкаванага слова».

Анатоль Вярцінскі тлумачыў выбар аўтара прадмовы: «Мы параіліся зь Зянонам Пазьняком і прыйшлі да высновы, што каб адчуваць сябе больш упэўнена, калі раптам умяшаюцца Галоўліт або хтосьці з супрацоўнікаў ЦК, трэба падстрахавацца і заручыцца падтрымкай сапраўднага аўтарытэту. Мы і папрасілі Васіля Ўладзімеравіча Быкава напісаць прадмову. Ён на той час ужо быў ляўрэатам Ленінскай прэміі і Героем сацыялістычнай працы».

Васіль Быкаў, з прадмовы да артыкула

«…Не трэба думаць, дарагі чытач, што гэта нейкая асаблівая, праклятая людзьмі і богам зямля, — па сутнасці, гэта тыя ж самыя мясціны, па якіх штодня ходзім мы, дзе адпачываем на лагоднай прыродзе ў выхадныя і святочныя дні, дзе весела гуляюць, нічога не ведаючы аб мінулым, нашы бесклапотныя дзеці. Так, яны не шмат што ведаюць з тых жахлівых часоў, ды і мы, дарослыя, інфармацыю такога роду пачалі атрымліваць толькі ў апошні час. Шмат год у краіне дзейнічалі сілы (яны дзейнічаюць і цяпер, хіба што іншымі метадамі), вельмі зацікаўленыя схаваць даўнія справы пад покрыва “сакрэтнасці”, утаіць ад народа свае крывавыя сляды. Толькі, як даўно вядома, злачынствы кепска ўжываюцца з самай найсакрэтнай сакрэтнасцю, рана ці позна яны выходзяць на свет божы, каб лішні раз закляйміць зло і засведчыць неабходнасць пільнасці.

У нас ёсць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сведчанне гераізму беларускага народа ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто яшчэ ў нас не напамінае пакаленням аб ахвярах сталіншчыны. Тое няправільна і недаравальна!

Мы павінны памятаць аб іх — не героях, а бязвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклён, не пратэст, а адзінае, марнае і трагічнае слова «Завошта!». 

Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое сваё пытанне, затое адказ на яго павінны зразумець мы.

Менавіта гэтай мэце і служыць змешчаная ніжэй публікацыях двух аўтараў, здзейсніўшых свой людскі абавязак перад народам і перад гісторыяй».

«Артыкул множылі і зачытвалі да дзір»

Мастацтвазнаўца, сябра КХП-БНФ Валеры Буйвал згадваў:

«У той час хваля нацыянальнага адраджэння толькі ўздымалася. Публікацыя гэтага артыкула стала знакавай падзеяй у гэтым працэсе. Даведаўшыся страшную праўду пра падзеі 1930-ых гадоў, пра масавае знішчэнне беларусаў, людзі па ўсёй Беларусі скалыхнуліся.

kurapaty5_4.jpg

Артыкул множылі і зачытвалі да дзір. У той час я працаваў у Мастацкім музеі, «Курапаты — дарога смерці» моцна ўразіла ўсіх супрацоўнікаў, яны былі ўсхваляваныя. Артыкул стаў моцны імпульсам да таго, каб ісці да вызвалення Беларусі, да незалежнасці, каб вызваліцца ад расійскага палона».

«Раскайвацца павінны наступныя пакаленні». З артыкула «Курапаты — дарога смерці»

«Ачышчэнне сумлення неабходна грамадству, якое дапусціла і спарадзіла генацыд — найвялікшае злачынства супроць чалавецтва. Вядома ж, не стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават «ціхія пенсіянеры». Раскайвацца павінны наступныя пакаленні, якія і не бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народа, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадства. Павінен быць рахунак сумлення, каб не вярнулася смерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй».

«Асобная тэма — пра дараванне і пакаранне, няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма даравання за генацыд. На тых, што рабілі такое, не павінен распаўсюджвацца тэрмін даўнасці. Калі трапляеш у глыбокую і халодную трохметровую яму, усланую трупамі, бярэш у рукі слізкую падэшву ад маленькага, не больш за 34 памер жаночага туфля, — разумееш гэта адназначна».

Ганна Ермаковіч, novychas.online