Сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзеліцца Ганна Сурмач, грамадзкая дзяячка і гісторык.
2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце «Радыё «Свабода»» «Наш Васіль Быкаў» успамінаюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Ад пачатку кантактаў з замежнымі суродзічамі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя Васіль Быкаў зь вялікай павагаю і цікавасьцю ставіўся да беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму і ўладкоўваць новае жыцьцё на чужыне. Іхны патрыятызм, глыбокая нацыянальная сьвядомасьць, якую эмігранты захавалі праз усё жыцьцё, адпавядалі ягоным поглядам на нацыянальную беларускую справу. Калі ў 1990 годзе ўзьнікла ініцыятыўная група пад кіраўніцтвам Яўгена Лецкі, якая задумала стварыць «Згуртаваньне беларусаў сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына», Васіль Уладзімеравіч актыўна падтрымаў гэтую важную справу і ўзяў удзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі. Тады яго выбралі на пасаду першага прэзыдэнта арганізацыі. Сваім аўтарытэтам і рэальнай працаю Быкаў моцна падтрымліваў Згуртаваньне ў першыя гады дзейнасьці.
У канцы 1992 году кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына» прыняло адказнае рашэньне — правесьці ў Менску І зьезд беларусаў сьвету. Гэта былі, як выглядала, спрыяльныя часы для такога вялікага форуму, які павінен быў аб’яднаць у адзінае цэлае мэтраполію і эміграцыю, раней падзеленыя «жалезнай заслонаю».
Падрыхтаваць такі зьезд — адказная і складаная праца. Немагчыма было выканаць яе без супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі, з урадам Вячаслава Кебіча. Нягледзячы на тое, што Беларусь абвесьціла дзяржаўную незалежнасьць, ня быў распачаты паўнавартасны працэс дэмакратызацыі краіны. Улада заставалася ў руках савецка-партыйнай намэнклятуры. Дзяржаўныя структуры фармальна падтрымалі ідэю правядзеньня зьезду, але глядзелі на ягоныя мэты з пазыцыі сваіх інтарэсаў. Іх найперш цікавілі сувязі з замежжам праз выкарыстаньне беларускай дыяспары ў сьвеце. Нацыянальныя інтарэсы і пэрспэктывы дэмакратычнага разьвіцьця краіны іх ня надта цікавілі.
Частка дэмакратычных сілаў выступіла супраць зьезду, даводзячы, што яшчэ не прыйшоў час для такога форуму, што існуе небясьпека, што ўлады скарыстаюць зьезд у сваіх інтарэсах, а на зьезьдзе можа адбыцца перадача мандата дзяржаўнай улады Радаю БНР ураду Кебіча.
У такіх складаных супярэчлівых умовах даводзілася рыхтаваць зьезд. З боку ЗБС «Бацькаўшчына» галоўнай задачай было не дапусьціць дзяржаўныя структуры да кіраўніцтва форумам, захаваць кантроль над парадкам правядзеньня зьезду. Кіраўніцтва ЗБС цьвёрда трымалася гэтай пазыцыі. Былі прадугледжаныя усе магчымыя мэтады і спосабы, каб форум прайшоў у інтарэсах беларускай грамадзкасьці, а не паводле пляну дзяржаўных структураў.
Месцам правядзеньня зьезду быў вызначаны будынак Опэрнага тэатру, заля якога разьлічана прыкладна на паўтары тысячы прысутных. Адкрываць зьезд павінен быў прадстаўнік ЗБС «Бацькаўшчына», арганізатара зьезду, яе прэзыдэнт Васіль Быкаў.
Аднак гэтаму запярэчыў Пятро Краўчанка, тагачасны міністар замежных справаў, які прадстаўляў улады ў працэсе падрыхтоўкі зьезду. Я была ад ЗБС старшынёю працоўнай групы, і мяне спадар Краўчанка запрасіў на сустрэчу зь ім у міністэрства, каб абмеркаваць пытаньні падрыхтоўкі. Падчас абмеркаваньня Краўчанка заявіў, што ён сам будзе адкрываць зьезд. Я катэгарычна запярэчыла. З нашага боку гэта было недапушчальна, гэта азначала, што ўлады будуць кіраваць зьездам.
Мая адмова, аднак, нічога ня значыла для міністра. Вечарам, перад днём адкрыцьця, я даведалася, што Краўчанка мае цьвёрды намер адкрываць форум. Гэта была бяссонная ноч. Нешта трэба было рабіць.
І тут дапамог Васіль Уладзімеравіч. Я знайшла яго ў фае тэатру, дзе ўжо гуло людзкое мора. Мы перамовіліся, пабеглі ў опэрную залю, на сцэну, дзе былі пастаўленыя сталы і крэслы для ганаровага прэзыдыюму. Васіль Уладзімеравіч уладкаваўся каля мікрафона, а я села побач. Калі празьвінеў званок і заля пачала запаўняцца людзьмі, прыйшоў са спазьненьнем і Краўчанка. Але месца ля мікрафона і побач ужо было занятае. Адхіліць Васіля Ўладзімеравіча ад мікрафона Краўчанка не адважыўся, ды і ня змог бы ў той сытуацыі.
Васіль Быкаў урачыста адкрыў зьезд і кіраваў першымі ягонымі паседжаньнямі. Дзякуючы яму нам удалося захаваць кіраўніцтва зьездам. Там былі прынятыя важныя, канструктыўныя дакумэнты, якія адлюстроўвалі волю і жаданьні беларускага народу. І, што важна, не адбылася перадача мандатаў Рады БНР ураду Кебіча.
Першы зьезд беларусаў сьвету стаўся важнай гістарычнай падзеяй. Пазьней правесьці такі ўсенародны форум, калі б мы не адважыліся на гэта ў ліпені 1993-га, у нас ужо не было б шанцу.