Сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзеліцца Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода» ў 1998–2023 гадох.
2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
«Саша, дарагі дружа», — так пачынаўся адзін зь лістоў Васіля Быкава да мяне, і я дагэтуль ніякавею, калі ўзгадваю гэты незаслужаны зварот і разьвітальнае, перад подпісам, «абдымаю».
Гэтая кранальная, рэдкая для Быкава праява сантымэнту завяршала іншы ліст, дзе ён адгукаўся на маё прызначэньне дырэктарам Беларускай службы:
«Найперш — маё Вам віншаваньне з высокай і вельмі важнай пасадай, якая па цяперашнім часе робіцца ўсё болей важкай». Быкаў называў рэдакцыю «магутнай кучкай, роля якой у беларускай гісторыі вельмі проста можа аказацца большай, чым тых, што мітусяцца на радзіме».
Дзесяць гадоў перад тым Быкаў напісаў прадмову да маёй першай кніжкі «Зьдзек», якая была прысьвечаная жыцьцю ў сталінскай Беларусі, потым рэкамэндацыю ў Гарвард, і ўжываў такія вызначэньні, што паўтарыць тут іх я не магу.
Я любіў Быкава. Люблю. Перачытваю, чытаю, чую голас. Гэта самы вялікі чалавек, якога я сустракаў. Рэч не ў параўнаньні, напрыклад, з кампазытарам Дзьмітрыем Шастаковічам, які частаваў мяне цукеркамі, прэзыдэнтам Вацлавам Гавэлам ці знаёмымі нобэлеўскімі ляўрэатамі — Алексіевіч, Бродзкім, Бяляцкім. На такой вышыні няма параўнаньняў, ёсьць сугучча.
Быкаў ніколі не адмаўляў Свабодзе ў інтэрвію, камэнтары, удзельнічаў у круглых сталах. У 1997-м ён уручаў мне прэмію імя Францішка Багушэвіча за мае кніжкі. Ён хварэў, абвастрылася астма, але прыйшоў на імпрэзу ў музэй Янкі Купалы, каб асабіста ўшанаваць пераможцаў. Як салдат, які мусіць рабіць сваю справу, бо гэта тое, што трэба рабіць.
У мяне захоўваецца падпісанае ім пасьведчаньне № 57 сябра Беларускага ПЭНу. Я адвёз яго ў праскі шпіталь, дзе пачалося змаганьне з фатальнай хваробай. У чэрвені 2003 году я выступаў на ягоным пахаваньні і змог знайсьці толькі містычную лексыку: «Не пакідай нас, анёл…» Больш такога ўсенароднага разьвітаньня я не пабачу ніколі.
У 2002 годзе Быкаў прыслаў мне свае ўспаміны, якія я, як і іншыя сябры, некалькі год прасіў яго напісаць. Мы запрасілі яго з жонкай у Прагу, і ён прыехаў, тыдзень хадзіў на радыё, як на працу, начытваў. Гэтыя шэсьць гадзінаў — самы вялікі запіс ягонага голасу, які існуе. Самы прыгожы і незабыўны, пад песьню на словы Янкі Купалы «Шумныя бярозы», якую сьпяваў Данчык:
Ой, пайду я ў поле,
Як бы на вайну,
Шукаючы волю,
Шаблячкай махну!
Быкаў найбольш любіў Купалу. Іх мастацкі сьвет існуе ў адных вымярэньнях, туды можна пайсьці, але немагчыма вярнуцца.
Адна зь першых кніг нашай «Бібліятэкі» называецца «Быкаў на Свабодзе» і выйшла двума выданьнямі. Апублікаваныя ягоныя лісты мне, нашым калегам, якія напісалі свае ўспаміны, — зь іх відаць, якім слухачом быў Быкаў, што значыла Свабода ў яго жыцьці.
У шпіталі Свабода дрэнна лавілася, і мы прывозілі яму запісы сьвежых радыёперадачаў, і драты навушнікаў блыталіся з мэдычным рыштункам, які ратаваў яму жыцьцё. Ён і нам такім чынам тлумачыў, што такое Свабода. Часам — напрасткі, як гэтымі двума, магчыма, самымі музычнымі і магічнымі сказамі, ім напісанымі: «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».