Сяргей Навумчык: «Быкаў апярэджваў час, нібыта падаючы нейкі знак»

Васіль Быкаў і Сяргей Навумчык, Прага, верасень 2001. Фота Ўладзіслава Яндзюка

Фрагмэнты ўспамінаў Сяргея Навумчыка, журналіста і палітыка, былога супрацоўніка «Радыё Свабода».

2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце «Радыё Свабода» «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.

«Трэба жыць дома». Гэтыя быкаўскія словы цытуюць, звычайна апускаючы працяг: «Каб тое толькі было магчыма».

Свой ад’езд зь Беларусі ў Фінляндыю ў красавіку 1998-га і жыцьцё на чужыне (потым да скандынаўскай краіны дадаліся Нямеччына і Чэхія) ён не жадаў лічыць эміграцыяй і асабліва катэгарычна пярэчыў, калі гэта называлі эміграцыяй палітычнай. Вядома ж, ён ніколі і нідзе не прасіў палітычнага прытулку, гэта былі доўгатэрміновыя паездкі на запрашэньне пісьменьніцкіх арганізацый. Быкаў наведваўся ў Менск і на родную Вушаччыну, памежнікі не чынілі яму ніякіх перашкодаў. Але па сутнасьці сваёй тое, безумоўна, была вымушаная эміграцыя, і мела яна палітычныя прычыны. Яшчэ за пяць гадоў да таго, бясспрэчна, ён сам ня мог бы ўявіць, што пакіне Беларусь нагэтулькі доўга і ня дзеля нейкай пісьменьніцкай сустрэчы ці кароткатэрміновага лячэньня.

Уражвае, як Быкаў часта апярэджваў час, нібыта падаючы нейкі знак.

Мітынг у скверы Янкі Купалы. Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык, Артур Вольскі, Рыгнор Барадулін, Уладзімер Заблоцкі. Ад сьпёкі сьцягам прыкрываюць аўтара манумэнту Перамогі Георгія Заборскага. Фота Галіны Навумчык, 3 ліпеня 1994

Слова Быкава перад пазьнякоўскай публікацыяй пра Курапаты дало штуршок новай хвалі нацыянальнага Адраджэньня, палітычнай вяршыняй якога было стварэньне незалежнай дзяржавы. Але ён жа першым і сказаў, што шлях да свабоды ды сапраўднага сувэрэнітэту будзе няпросты і што на ім могуць чакаць паразы.

Быкаў пакідаў свой дом, калі колькасьць палітычных уцекачоў зь Беларусі ва ўсіх краінах і на ўсіх кантынэнтах не перавышала сотню чалавек. Праз чвэрць стагодзьдзя сотням тысяч беларусаў давядзецца ратавацца ў замежжы.

Адрозна ад Адама Міцкевіча, які так і не пабачыў родных мясьцінаў; ад Марка Шагала, для ўвекавечаньня памяці якога Быкаў так шмат зрабіў; ад Натальлі Арсеньневай ці свайго сябра па ліставаньні Кастуся Акулы, якія памерлі на чужыне, Быкаву было наканавана пайсьці з жыцьця на роднай зямлі.

А апошнія месяцы ён правёў у сталіцы Чэхіі, у Празе.

Васіль Быкаў і Сяргей Навумчык перад сустрэчай з Вацлавам Гавэлам. Прага, 12 верасьня 2001. Фота Ўладзіслава Яндзюка

Прага не была незнаёмым для Быкава горадам, ён ня часта, але наведваў яе.

У лютым 1996-га Быкаў, вярнуўшыся з Чэхіі, расказваў мне пра сустрэчы зь сябрамі мясцовага ПЭН-цэнтру і чэскімі дысыдэнтамі, пра гутаркі на Радыё Свабода, якое незадоўга да таго пераехала зь Мюнхэну ў Прагу, і нават даў мне часопіс Nová Přítomnost, у якім друкаваліся былыя дысыдэнты. Слухаючы ўражаньні Васіля Ўладзімеравіча ў ягонай кватэры на Танкавай, я ня мог уявіць, што літаральна празь некалькі тыдняў сам апынуся ў Празе, разам з жонкай і Зянонам Пазьняком — гэтак пачнецца наша эміграцыя.

А ўвесну 2000-га я ўжо сам сустракаў Васіля Ўладзімеравіча ў Празе, куды ён прыехаў на сьвяткаваньне Дня Волі. У тыя дні ў сталіцы Чэхіі сабралася шмат гасьцей зь Беларусі. З Канады прыляцела старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, з Варшавы прыехаў Зянон Пазьняк. Яны сустракаліся з палітыкамі ў парлямэнце і ўрадзе, удзельнічалі ва ўрачыстай імпрэзе ў Люстраной залі старажытнага Клемэнтынуму (праз тры гады там адбудзецца апошні публічны выступ Быкава).

Прайшло чатыры месяцы пасьля падпісаньня Ельцыным і Лукашэнкам у сьнежні 1999-га дамовы аб утварэньні гэтак званай «саюзнай дзяржавы», якую ў той самы дзень Быкаў назваў мне ў інтэрвію для Свабоды «злачынствам стагодзьдзя» і канцом беларускай гісторыі. У Крамлі запанаваў новы гаспадар, Пуцін, але гэта ніяк не спыніла працэсу «інтэграцыі», наадварот, абяцала яму, як тады казалі лукашэнкаўскія СМІ, «новы імпульс». Ціск на абаронцаў беларускай Незалежнасьці і прыхільнікаў дэмакратыі ўзмацніўся.

Васіль Быкаў сустракаецца з Вацлавам Гаўлам, Прага, 2001

«Пуцін — малодшы брат Лукашэнкі. Расея можа пайсьці цяперашнім шляхам Беларусі», — сказаў Быкаў падчас сустрэчы са студэнтамі Карлавага ўнівэрсытэту.

На той самай сустрэчы, адказваючы на пытаньне аб пэрспэктывах Рады БНР, Васіль Уладзімеравіч зазначыў: «Можа здарыцца, што Рада, якая цяпер зьяўляецца сымбалем дзяржаўнасьці, адыграе ключавую ролю ў рэальных палітычных працэсах. І наогул, я ня ставіўся б іранічна да паняцьця сымбаляў: любая рэлігія пабудаваная на сымбалях, але ніхто не асьмеліцца сьцьвярджаць, што рэлігія ня мае вялікага ўплыву».

Наступны візыт Быкава адбыўся на запрашэньне прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла — на 12 верасьня 2001 году была прызначаная іх сустрэча ў афіцыйнай рэзыдэнцыі чэскага прэзыдэнта на Градчанах.

Дзень быў выбраны не выпадкова. 9 верасьня ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары — на Захадзе спадзяваліся, што гэтыя першыя пасьля 1994 году выбары кіраўніка краіны нешта зьменяць. Чым бы яны ні скончыліся, Гавэл лічыў патрэбным выслухаць думку Быкава, якога ўспрымаў у якасьці маральнага аўтарытэту.

Быкаў прыляцеў у Прагу пад вечар 11 верасьня. Мы з Аляксандрам Лукашуком, Уладам Яндзюком ды актывістамі фонду «Чалавек у нядолі» прыйшлі да яго ў гатэль — яшчэ раней дамовіліся, што абмяркуем тэмы заплянаванай гутаркі з Гавэлам.

Гутарыць давялося пра іншае: за некалькі гадзінаў перад тым ісламскія тэрарысты атакавалі хмарачосы-блізьняты Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. «Самалёты ўвайшлі ў будынкі, як нож у масла», — сказаў Быкаў, які ўбачыў тэлерэпартаж у гатэльным нумары. Тыя кадры няспынна трансьлявалі ўсе каналы ва ўсім сьвеце. Было зразумела, што пачаўся адлік нейкай новай, пакуль яшчэ не вядомай нам эпохі.

Выглядала, спадзявацца ў такіх умовах на тое, што меркаваная сустрэча з Гавэлам адбудзецца, не выпадала: графік прэзыдэнта, галоўнакамандуючага адной з краін NATO, будзе перароблены.

Расклад і сапраўды зьмяніўся, за выключэньнем аднаго пункту — сустрэчы з Быкавым.

Мы з Васілём Уладзімеравічам і Ўладам Яндзюком прыехалі на Градчаны ў заплянаваны час. Праўда, давялося крыху пачакаць у прыёмнай залі, але сама гутарка Быкава і Гаўла цягнулася роўна столькі, колькі і было заплянавана — паўгадзіны.

У самым пачатку Гавэл назваў Быкава «калегам», маючы на ўвазе, што сам ён ня толькі палітык, але і драматург, літаратар. Гаварыў збольшага Быкаў — адказваў на пытаньні Гаўла, які паказаў у іх ня толькі шчырую зацікаўленасьць беларускай тэмай, але і даволі добрае яе веданьне.

Пасьля гутаркі Гавэл і Быкаў выйшлі да журналістаў. Усе пытаньні былі да чэскага прэзыдэнта і выключна пра падзеі ў ЗША — гэтым тады жыў увесь сьвет. Тэракт пакінуў у цені драму Беларусі ва ўсіх вядучых сусьветных СМІ.

Сяргей Навумчык, Васіль Быкаў і Івонка Сурвіла ў праскай кватэры Быкавых. Сакавік 2003

Была ў Васіля Ўладзімеравіча і вячэра з чэскімі інтэлектуаламі ў рэстарацыі «Mánes» на беразе Влтавы. Гутарка была настолькі цікавай, што я не ўтрымаўся і занатаваў некаторыя выказваньні Быкава, напрыклад такое: «Вышэйшая стадыя культуры дасягаецца пасьля нацыянальнай стадыі. Спачатку — нацыянальнае, а потым — некаторыя дасягаюць касмапалітычных, агульначалавечых вяршыняў. У выяўленчым мастацтве прасьцей: Шагал — ён і ў Віцебску, і ў Парыжы Шагал. А зь літаратурай складаней. Мы павінны трымацца нацыянальных традыцыяў, паколькі па-за межамі іх культура часта папросту гіне».

У той момант ніхто з нас ня мог уявіць, што крыху больш як праз год Прага будзе сымбалізаваць апошні пэрыяд жыцьця Васіля Быкава.

У пачатку лета 2002-га Васіль Уладзімеравіч і Ірына Міхайлаўна Быкавы прыехалі ў Прагу на запрашэньне беларускай службы Радыё Свабода. Пры дапамозе Алены Ціхановіч Быкаў начытаў у студыі Свабоды разьдзелы кнігі ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» і фрагмэнты некаторых аповесьцяў.

Быкавы зноў пасяліліся ў тым самым доме на Олівавай вуліцы, за некалькі кварталаў ад офісу Радыё Свабода. На радыё Васіль Уладзімеравіч хадзіў па вуліцы Палітычных вязьняў, каля будынку, дзе ў часы акупацыі разьмяшчалася гестапа і дзе трымалі за кратамі і катавалі Юліюса Фучыка. Альбо па Вацлаўскай плошчы, куды зьбіраліся пражане ў 1968-м, каб пратэставаць супраць расейскіх танкаў, і ў 1989-м, каб у часе Аксамітнай рэвалюцыі выказаць сваё права на вольнае дэмакратычнае жыцьцё.

Падчас таго прыезду і было прынята рашэньне перасяліцца ў Чэхію.

У чэрвені 2002 году Быкаў прыехаў у Прагу і напісаў заяву наступнага зьместу (чарнавік ён аддаў мне):

«Пану міністру ўнутраных спраў Чэскай Рэспублікі

Ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пісьменьніка Васіля Быкава

Заява

У сувязі з тым, што ў Рэспубліцы Беларусь, дзе я нарадзіўся і пражываў да 1999 году, склалася непрыязная для мяне сытуацыя (найперш палітычная), якая не дае магчымасьці для маёй прафэсійнай літаратурнай дзейнасьці і нармальнага існаваньня, прашу ўрад ЧР прадставіць мне права пражываньня ў Чэхіі. Разам са мной знаходзіцца жонка Быкава Ірына, якая далучаецца да маёй просьбы.

З павагай В. Быкаў».

Неўзабаве я трымаў у руках ліст, падпісаны Вацлавам Гавэлам. «Даць спадару Быкаву права сталага жыхарства — гэта ня толькі абавязак, але і гонар для Чэскай Рэспублікі», — пісаў прэзыдэнт.

І гэта ўсё. Ніякага абавязковага для выкананьня загаду іміграцыйным службам чэскі прэзыдэнт даць ня можа, гэта па-за межамі ягонай кампэтэнцыі, у прававой дзяржаве такія рэчы дапільноўваюцца строга. Але нешта кшталту выключэньня ў іміграцыйным законе існавала і нашыя чэскія сябры пераканалі чыноўнікаў прыслухацца да думкі Гавэла. Аднак трэба было выканаць усе патрэбныя для афармленьня права на сталае жыхарства бюракратычныя працэдуры, аформіць шмат папераў (аж да даведкі пра нясуджанасьць Васіля Ўладзімеравіча і Ірыны Міхайлаўны з усіх краінаў, дзе яны жылі, у тым ліку і зь Беларусі). Гэта заняло ў мяне некалькі месяцаў.

Увосень усё было зроблена. Але ўзьнікла новая праблема, якая ўжо не залежала ні ад бюракратыі, ні ад чалавечых магчымасьцяў: у жніўні 2002 году Чэхія перажыла паводку, якой ніколі ня знала ў сваёй гісторыі. Тое была сапраўдная трагедыя — загінулі 17 чалавек, 968 населеных пунктаў было затоплена, цэлыя кварталы Прагі апынуліся пад вадой. Эканамічныя страты вымяраліся ў сотні мільёнаў даляраў.

Усе сродкі дзяржавы і дабрачынных фондаў былі кінутыя на ліквідацыю наступстваў паводкі і дапамогу тым, хто быў вымушаны пакінуць свае дамы (былі эвакуаваныя больш за 225 тысяч чалавек). На дапамогу пацярпелым, зразумела, працаваў і фонд «Чалавек у нядолі».

У Быкавых заканчвалася нямецкая віза, тым часам як у Чэхіі ім было аформлена права на сталае жыхарства. Але сродкаў, каб арандаваць для Быкавых такое жыльлё, як яны мелі ў Нямеччыне (двухпакаёвая кватэра), у фонду на пачатак сьнежня не было, хаця ў пэрспэктыве яны б зьявіліся.

Трэба было шукаць нейкае выйсьце хаця б на першыя месяцы.

Як мне вядома, пазьней у сваім дзёньніку Рыгор Барадулін пісаў, што, маўляў, Сяргей Навумчык жыве ў цудоўных умовах, тады як Быкаў быў вымушаны туліцца ў непрыдатнай кватэрцы. Рыгор Іванавіч быў геніяльны ў сваіх вершах, востры на язык у сваіх размовах і надзвычай суб’ектыўны і вельмі часта несправядлівы ў сваім дзёньніку (хаця, магчыма, дзёньнікавыя запісы менавіта такімі і павінны быць, бо пішуцца ж звычайна не для апублічаньня).

Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык. Прага, 2000

Але паколькі дзёньнікі Барадуліна пасьля ягонай сьмерці надрукавалі, удакладню, што мы з жонкай прапанавалі Быкавым пасяліцца ў нас, хаця памяшканьне нам не належала — гэта была арэнда і пасяліць людзей, зарэгістраваць іх было немагчыма без дазволу гаспадароў. Афіцыйная рэгістрацыя была патрэбная для вырашэньня іншых пытаньняў, ад страхоўкі да пашпарта. Але ў любым выпадку напачатку мы запрасілі Быкавых да сябе. У іх быў бы свой асобны пакой, усе ўмовы, ім ня трэба было б клапаціцца пра харчаваньне. Зразумела, і ніякіх грошай ім траціць не давялося б.

Адначасна ўзьнік другі варыянт — адна наша агульная знаёмая, беларуска зь Менску і актыўная дзяячка дыяспары Ганна Сурмач, якая жыла ў Празе, зьбіралася ў Амэрыку на працяглы час да сына і пакідала аднапакаёвую кватэру. Праўда, была тая на трэцім паверсе ў доме, які апынуўся ў зоне паводкі. І хаця саму кватэру вада не закранула, але ў пад’езьдзе ішоў рамонт, уся тынкоўка была зьбітая. Сама кватэра была маленькая і, хоць там была кухня, у пакоі не было пісьмовага стала.

Як я ні ўгаворваў Быкава пасяліцца ў нас, ён выбраў другі варыянт. Маўляў, кватэрка хоць і невялікая, але асобная.

Праз два месяцы фонд «Чалавек у нядолі» ўсё ж адшукаў грошы і Быкавы пераехалі ў кватэру ў раёне Вршавіцы, паблізу Гаўлічкавых садоў.

Былі ў Быкавых і іншыя рэальныя варыянты, ня буду тут іх згадваць, але яны вырашылі менавіта так, як вырашылі.

У чэскіх кватэрах, як правіла, няма асобнай кухні з асобным акном, яна альбо сумяшчаецца з пакоем, альбо з калідорам, і ў гэтым сэнсе кватэра Быкавых не адрозьнівалася ад іншых.

Аднак, лічу, Быкавы рэдка карысталіся кухняй зусім ня з гэтай прычыны. У Нямеччыне, як успамінаў Васіль Уладзімеравіч, яны таксама звычайна харчаваліся альбо ў рэстаране, альбо замаўлялі ежу (пераважна піцу) дадому. У нейкай нямецкай газэце нават было інтэрвію з Быкавым пра гэта.

У Празе Быкавым дапамагала з харчаваньнем мая жонка Галіна — яна гатавала дыетычныя стравы, а Сяргей Абламейка ці Аляксандар Лукашук завозілі іх Быкавым (у нас аўтамабіля не было).

Як потым стала зразумела, дыетычнае харчаваньне патрэбна было значна раней. Дый увогуле, варта было зрабіць добрае мэдычнае абсьледаваньне: рак, які выявіўся ў выніку аналізаў у лютым, быў ужо «са стажам». Пачаліся мэтастазы.

Паўтаруся: я не пісаў бы пра гэта, калі б ня цалкам несправядлівыя абвінавачаньні ў адрас тых, хто ўзяў на сябе клопат пра пісьменьніка ў апошнія месяцы ягонага жыцьця.

Падсумоўваючы тлумачэньні побытавых цяжкасьцяў, згадваю, што Ірына Міхайлаўна і мне казала, як добра ім было з Васілём Уладзімеравічам у Нямеччыне — у параўнаньні з тымі складанасьцямі, што ўзьніклі ў Празе. Вось толькі немцы не працягвалі гэтае «добра», дзейнасьць візы заканчвалася і альтэрнатывай пераезду ў Прагу было вяртаньне ў Менск, чаго Быкаў не жадаў.

Магчыма, успрыманьне побытавых цяжкасьцяў не было б такім драматычным, калі б яны не наклаліся на сапраўдную бяду — хваробу Васіля Ўладзімеравіча…

(Цалкам успаміны Сяргея Навумчыка зьмешчаныя ў кнізе «Васіль Быкаў 100», якую выдае ў Празе суполка «Скарына»).

svaboda.org