Сёння спаўняецца 205 гадоў з дня нараджэння Адама Ганоры Кіркора, які шмат зрабіў для захавання традыцый і культуры былога Вялікага Княства Літоўскага, а таксама для з’яўлення ўласна беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Прыгадваем цікавыя факты з біяграфіі гэтага вядомага дзеяча ХІХ стагоддзя.
Калі сёння адкрыць сеціва і паглядзець біяграфію гэтага чалавека, то можна здзівіцца. Бо ў розных крыніцах Адам Кіркор будзе пазначаны па-рознаму: літаратар, выдавец, краязнавец, археолаг, гісторык, лінгвіст, фалькларыст, музейшчык. Абумоўлена гэта тым, што цягам жыцця ён меў вельмі шырокую сферу інтарэсаў: цікавіла яго і літаратура, і выдавецкая справа, і этнаграфія, і археалогія, і гісторыя агулам.
Тое самае і з яго «нацыянальнай» прыналежнасцю: у адных аўтараў ён беларускі дзеяч, у другіх ужо польскі, а ў трэціх наогул літоўскі. Дык кім жа быў гэты славуты даследчык беларускіх і літоўскіх старажытнасцей насамрэч?
Нарадзіўся Адам Кіркор у небагатай шляхецкай сям’і ў вёсцы Слівін на гістарычнай Смаленшчыне, якая сёння ўваходзіць у склад Расіі. Вучыўся спачатку ў Магілёўскай, а потым у 2-й Віленскай гімназіі. У 1838 годзе гэтая гімназія пераўтварылася ў Віленскі дваранскі інстытут, які і скончыў экстэрнам малады чалавек.
Пасля вучобы ён займае пасаду сакратара канцылярыі Віленскай казённай палаты, дзе фармальна будзе працаваць да 1864 года. Але куды больш за казённую працу і магчымую кар’еру яго вабіць даследаванне мінулага.
У 1839 годзе Адам Кіркор дэбютуе з артыкулам «Остатки языческих обыкновений в Белоруссии». Здаецца, што паганскае мінулае яму вельмі рупіла, бо свой першы ўласны часопіс, які пачаў выходзіць у 1843 годзе, ён назваў не як-небудзь, а «Redegast». Потым былі яшчэ «Разумовыя дзённікі», «Віленскі зборнік». А з 1860 года Адам Кіркор пачынае рэдагаваць галоўнае выданне краю — «Виленский вестник», які выходзіў на расійскай і польскай мовах.
Менавіта Адам Кіркор быў адным з тых, хто ўласна і стварыў «паганскі» імідж Беларусі і Літве. У сваіх артыкулах ён адзначаў, што нашыя землі — гэта край курганаў, гарадзішчаў, замкаў, дзе сляды мінулага сустракаюцца ледзь не на кожным кроку. А ў этнаграфічных даследаваннях даводзіў, што наша культура багатая разнастайнымі легендамі, паданнямі і песнямі, якія спяваюць тут цягам тысячы гадоў.
Нават знакамітыя «Прагулкі па Вільні і яе ваколіцах», якія першы раз пабачылі свет у 1856 годзе і вытрымалі за кароткі час некалькі перавыданняў, былі створаны не проста даследчыкам мінулага, але таксама і актыўным папулярызатарам гарадской міфалогіі. Менавіта ў гэтай працы Кіркора паўстае добра вядомы нам цяпер вобраз старажытнага паганскага горада.
А што са спадчынай Вялікага Княства Літоўскага?
Яшчэ ў 1854 годзе Віленскі губернскі статыстычны камітэт выдаў кнігу «Черты из истории литовского народа», аўтарамі якой былі Адам Кіркор, Людвіг Кандратовіч і Павел Кукальнік. Ужо другая старонка гэтага выдання звяртае на сябе ўвагу — бо там густоўна зробленая Вінцэнтам Дмахоўскім віньетка.
На ёй бачым вобраз гістарычнай Літвы, як яе ўяўлялі сабе аўтары кнігі: магутны дуб, аблічча суворага бога Перкунаса, партрэты Вітаўта Вялікага і Барбары Радзівіл, а таксама пазнавальныя краявіды — Замкавая гара ў Вільні, разваліны Лідскага і Крэўскага замкаў ды іншыя славутасці.
Следам пад назвай «Літоўскія старажытнасці» ідзе разгорнутае тлумачэнне віньеткі. Яго, як няцяжка здагадацца, напісаў Адам Кіркор. У гэтым паведамленні асобную ўвагу варта звярнуць на міфалагічныя вобразы: Крыва-Крывейта, зніч, вайдэлоткі…
Паганства не выстаўляецца Адамам Кіркорам чужой з’явай ці ў негатыўным ключы. Наадварот — яно паказана неад’емнай часткай уласнай культурнай і гістарычнай традыцыі, да якой аўтар ставіцца з вялікай павагай. Таму зусім не дзіва, што і наступны тэкст, які прысвечаны Вітаўту Вялікаму, пададзены таксама ў пазітыўным ключы. Артыкул пра ці не самага вядомага літоўскага ўладара ўсіх часоў, які быў надрукаваны ў відавочна кампліментарным стылі, не мог не выклікаць негатыву з боку царскіх уладаў…
Такі наварот у бок мінуўшчыны не быў выпадковым. Сярэдзіна ХІХ стагоддзя — час, калі ўжо пачынаюць адбывацца нацыятворчыя працэсы. Народы, якія некалі насялялі спачатку ВКЛ, а потым і Рэч Паспалітую, яшчэ не маглі канчаткова разысціся па сваіх «нацыянальных» кутах, але ўжо імкнуліся да гэтага.
Адам Кіркор выдатна разумеў, што ягоная радзіма — гэта не Расія, але і не Польшча. Таму і Вялікае княства паўставала ў яго ў вобразе гэткай ідэальнай дзяржавы мінулага. І такі падыход не быў адзінкавым — Тэадор Нарбут таксама бачыў «залаты век» Літвы ў тых часах, калі яна была цалкам самастойнай. Ён так і пісаў, маўляў, пасля Люблінскай уніі нам ужо і няма чым ганарыцца…
У траўні 1855 года Яўстах Тышкевіч дамогся дазволу ад уладаў і заснаваў Віленскі музей старажытнасцей, які размясціўся ў будынку бібліятэкі былога Віленскага ўніверсітэта. Свае прыватныя калекцыі музею перадалі Яўстах і Канстанцін Тышкевічы, Уладзіслаў Сыракомля, Тэадор Нарбут і іншыя вядомыя дзеячы таго часу. Захавальнікам пры музеі быў Адам Кіркор, які таксама перадаў у яго сваю прыватную калекцыю.
Варта адзначыць, што на гэты час ён раскапаў і даследаваў ужо больш за тысячу курганоў на абшарах былой гістарычнай Літвы. Добры прыклад — археалагічны комплекс каля вёскі Рэчкі на Вілейшчыне, які даследуюць нашы сучаснікі. Упершыню там адбыліся археалагічныя раскопкі акурат у сярэдзіне 1850-х гадоў, і ладзіў іх Адам Кіркор.
З перапынкамі музей старажытнасцей праіснаваў да Першай сусветнай вайны. Пры ім у 1855–1865 гадах дзейнічала Віленская археалагічная камісія. Гэта быў залаты час для неабыякавых да мінулага віленчукоў. У гэты самы перыяд з’яўляецца і віленскі гурток беларускіх, польскіх і літоўскіх пісьменнікаў, які часта называюць першай беларускай літаратурнай суполкай.
У паўстанні 1863–1864 гадоў Адам Кіркор удзелу не браў, хаця і быў побач — ён асабіста быў добра знаёмы з Віктарам Каліноўскім. І ў тым быў свой рэзон і логіка. Яму было зразумела, што ў параўнанні з падзеямі 30-гадовай даўніны, калі змаганне адбывалася фактычна паміж дзвюма рэгулярнымі арміямі, цяпер ішла гаворка адно аб выступленнях патрыятычна настроенай моладзі, якая не мае належнай падрыхтоўкі.
Да ўсяго Кіркора, як і некаторых ягоных сяброў, польскія эмігранцкія колы пачалі залічваць у «адступнікі» яшчэ за колькі гадоў да ўласна паўстання. Прычына банальная — Кіркор разам з аднадумцамі сабраў і выдаў «Віленскі альбом» у 1858 годзе. Такім чынам віленская інтэлігенцыя спрабавала паказаць Аляксандру ІІ, які акурат прыехаў у Вільню, адметнасці гэтага краю.
І тым не менш яго прыцягвалі да следства. Рэч у тым, што ў варшаўскай кватэры яго былой жонкі Гелены Маеўскай хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання — Рамуальд Траўгут. З Геленай, якая была маладзейшая за Кіркора на 8 гадоў, у Кіркора не склалася сямейнага жыцця. Яны пабраліся шлюбам у 1846 годзе, але праз 10 гадоў яна сышла ад яго да Уладзіслава Сыракомлі — блізкага сябра Кіркора ў той час. Быў гучны скандал, пара нават выехала на некаторы час з Вільні ў Кракаў, але неўзабаве Сыракомля вырашыў вярнуцца да сваёй жонкі Паўліны.
Пасля падаўлення паўстання Адам Кіркор страціў магчымасць для нармальнай працы ў Вільні. Прычыны былі цалкам зразумелыя — ён стаў чужым для сваіх, праз што накапіліся фінансавыя праблемы. Па распараджэнні Міхаіла Мураўёва «Виленский вестник» увесну 1864 года пачаў выходзіць толькі на расійскай мове, а да ўсяго там друкаваліся ўсе афіцыйныя царскія адозвы. Натуральна, што выпісваць яго ніхто асабліва не хацеў, а вымушаны лаялізм Кіркора не быў ацэнены належным чынам. Сам жа выдавец быў даведзены да банкруцтва…
У 1867 годзе Адаму Кіркору давялося перабрацца ў Пецярбург, дзе ён пачаў займацца выданнем газеты «Новое время». Існуе меркаванне, што дазвол на выданне быў атрыманы ў якасці кампенсацыі за тое, што Кіркор пацярпеў у Вільні. Але газета, якая выходзіла ў 1868–1872 гадах, зноў апынулася пад пільным вокам уладаў. Кіркор у чарговы раз трапіў у складаную сітуацыю. З аднаго боку, ён хацеў рабіць легальную працу, дзякуючы якой мог бы працягваць сваю справу і не парушаць закон. З іншага боку, за ім цвёрда замацавалася рэнамэ «адступніка» сярод сваіх, а сярод чужых поўнілася незадаволенасць публікаванымі ў газеце матэрыяламі.
У хуткім часе «Новое время» разарылася, а Кіркор вымушаны быў з’ехаць з Расеі, каб пазбегнуць турмы. Ад’язджаючы з Пецярбурга, ён пакінуў у сталіцы Расійскай імперыі большую частку сваёй бібліятэкі, якая была прададзена фактычна за бясцэнак — каб разлічыцца з даўгамі. Пазней ён прыгадваў, што кнігі ў Пецярбургу прадаваліся ў разы танней, чым іх можна было прадаць у Кракаве.
Там Адам Кіркор жыў вельмі бедна, а ягоны лёс складваўся не надта ўдала: ён беспаспяхова спрабаваў наладзіць выдавецкую справу, перабіваўся выпадковымі заробкамі, хварэў, сумаваў па Вільні. Але знаходзіў у сабе сілы, каб працягваць справу жыцця — ладзіць архелагічныя раскопкі, пісаць артыкулы і ўспаміны.
У 1874 годзе ён прачытаў курс лекцый пад назвай «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якія потым пабачылі свет асобнай кнігай. Сам Кіркор быў зусім няпэўным у тым, што гэта добрая задума, але публічныя лекцыі карысталіся вялікай папулярнасцю. Адметна, што акурат у гэтай працы сярод іншага менавіта ў беларускім кантэксце ён разглядзеў творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Акрамя гэтага Адам Кіркор пакінуў аб’ёмістую карэспандэнцыю і ўспаміны, дзе зафіксаваны літаратурныя партрэты яго паплечнікаў па даследчыцкай працы ў Вільні.
Памёр ён у 1886 годзе ў Кракаве, а ўвесь свой архіў пакінуў Кракаўскаму народнаму музею. Прызнанне і пашана вярнуліся да Кіркора адносна хутка — ужо ў 1911 годзе вядомы беларускі збіральнік старадрукаў Рамуальд Зямкевіч напісаў і выдаў у Вільні невялікую брашуру, якая так і называлася — «Адам Ганоры Кіркор».