Паўстанне Каліноўскага (у расійскай гістарыяграфіі — «Польскі бунт») — было апошнім і найбольш крывавым паўстаннем ХІХ стагоддзя народаў Рэчы Паспалітай супраць расійскай каланіальна-імперскай сістэмы.
Гэты вызвольны рух працягваўся агулам 14 месяцаў і меў характар партызанскай вайны, у якой удзельнічала ад 100 тыс. да 150 тыс. «інсургентаў» — галоўным чынам юнакоў і маладых людзей са шляхты, памешчыкаў і інтэлігенцыі — з амаль 5 млн насельнікаў былой Рэчы Паспалітай. Няўдача паўстання прынесла рэпрэсіі — тысячы смяротных прысудаў, высылкі ў Сібір, катаргу, кантрыбуцыі, турэмныя зняволенні, а ў сацыяльна-пабытовых пытаннях — забароны на адзенне ў нацыянальных колерах (нават забароны на жалобныя строі ў публічных месцах), на патрыятычныя песні і музыку, літаратуру і выданні, мову і нават меркаванні.
Сёння пра паўстанне 1963 года напісана і зроблена нямала ў Польшчы, Літве, Украіне, (нават у Расіі) і не так шмат — у Беларусі. Мы ўсё яшчэ, у ідэалагічным сутыкненні з посткаланіяльнай і неа-імперскай расійскай дактрынай, спрабуем прабіцца праз гістарычнае маўчанне, убачыць, уявіць, пачуць постаці, думкі і галасы з мінуўшчыны, нашых тагачасных суайчыннікаў, гатовых ламаць свой лёс і класці жыццё за Волю роднага края.
Падрыхтавалі для вас падборку фатаграфій, малюнкаў, артэфактаў, зробленых непасрэднымі ўдзельнікамі вызвольнага паўстання. А каб эмацыйна прыблізіць старыя здымкі да ўспрыняцця падзей намі, бягучым пакаленнем, апрацавалі іх пры дапамозе нейрасетак, у тым ліку рэсурса myheritage.com.
Паўстанне ў малюнках яго ўдзельнікаў
Калі мы кажам пра мастацкія вобразы паўстання, то адразу (ці нагугліўшы) усплываюць гераічныя і драматычныя вобразы з графікі і палотнаў Міхала Андрыёлі, Артура Гротгера, Альфрэда Ромера і іншых мастакоў-ураджэнцаў Літвы-Беларусі. Аднак усе яны выкананы ў канонах рамантызму, у акадэмічным мастацкім стылі, ідэалізаваўшым як знешні выгляд ці аблічча «інсургентаў», так і самі падзеі паўстання. Мы ж прапануем паглядзець па-іншаму на атмасферу паўстання, праз захаваныя скетчы і накіды саміх удзельнікаў, зробленыя ў паходным лагеры, у часіны перадыху ад бясконцых крывавых сутычак з імперскімі войскамі, а таксама — праз палотны мастакоў-рэалістаў, адчуўшых усю антыгуманнасць каланіяльнай машыны і адбыўшых пакаранне ў цяжкіх умовах Сібіры…
Гэтая вартая жалю постаць «інсургента» ў рызманах — насамрэч, сапраўднае сведчанне артэфакт падзей. Паўстанцы, вымушаныя хавацца па лясах і глухіх кутах, насамрэч моцна пакутвалі ад недахопу ўсяго неабходнага для вядзення баявых дзеянняў — па сведчаннях удзельнікаў вызвольнага руху, не хапала ўсяго: адзення і абутку, узбраення і куль, правіянту і матэрыялаў для ўсталявання лагера
Распавядаючы пра баявыя дзеянні, сутыкі і патаемныя адыходы партызанскіх атрадаў, даследчыкі часам забываюцца, якую выключную ролю ігралі ў партызанскім руху дасведчаныя «мысьліўцы»-паляўнічыя і адмыслоўцы-егеры. Менавіта яны ведалі патаемныя лясныя сцежкі-тропкі, умелі спрытна рабіць схроны-схованкі, а таксама былі першакласнымі стралкамі, нават з адна- ці двух-зараднай паляўнічай стрэльбай у руках.
Юзэф Брэкман, як і ягоны стрыечны брат Міхал, быў прыхільнікам тагачасных рэвалюцыйных ідэяў, абодва юнака былі ў складзе моладзевай арганізацыі «Братні саюз Літоўскай моладзі», які дзейнічаў у 1846-49 гг. За ўдзел у паўстанцкіх бітвах быў схоплены і сасланы ў Сібір, асабіста зазнаўшы расейскія турэмныя ўмовы для палітычных зняволеных.
У рукапісным аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве захоўваецца прыватны дзённік (рукапіс №6540) пад загалоўкам «Нататкі паўстанца 1863 года ў магілёўскай турме». Невядомы ўладальнік кніжкі, якога царскія ўлады прыгаварылі да катаржных работ, прызначыў яе сваёй нявесце Ядвізе. У запісной кніжцы пакінулі аўтографы ўдзельнікі паўстання 1863 года, якія адбывалі пакаранне ў магілёўскай турме. У кароткіх запісах, у некалькі слоў, у адзін радок — зламаны лёс, згубленае жыццё цэлага пакалення: «Аляксей Вайніловіч, вучань з Магілёўскай губерні, прыгавораны да вечнай ссылкі ў Сібір» (у момант прысуду хлопчыку было ўсяго 14 год!), «Уладзіслаў Корбут — родам з Мінска», «Гордан Пароскі — вучань Слуцкай гімназіі», «Альфрэд Завада, з Гродзенскай губерні, Шчучын, да катаргі на 8 год», «Эдвард Матушэвіч, фартэпіянны майстар з Мінскай губерні і павета».
Як актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х Аляксандр Сахачэўскі, паляк па паходжанню, быў арыштаваны і ў красавіку 1863 палявым ваенным судом прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Аднак па ўзросту (бо не дасягнуў 21 года) прысуд быў заменены 20-гадовай катаргай ў Сібіры. Стаўшы мастаком-рэалістам і веснікам тых падзей, Сахачэўскі стварыў маштабны цыкл пра пакуты сасланых «інсургентаў» — ягоныя выставы аб’ездзілі ледзь не ўсю Еўропу. Што важна, усе персанажы на палотнах з’яўляюцца рэальнымі людзьмі, да дробязі маюць партрэтнае падабенства, а творы мастака з’яўляюцца ледзь не адзінай праўдападобнай крыніцай аб лёсе гэтых людзей…
Паўстанне ў фатаграфіях
Прыгожыя маладыя людзі ў малітоўных позах перад «інсталяцыяй» з паўстанцкай зброі, штандараў партызанскіх атрадаў і гербаў зямель Речы Паспалітай — гэта пастановачны здымак, зроблены студэнтамі і гімназістамі нашмат пазней за падзеі, што адбываліся…
Мы ўсе хочам бачыць на здымках зухаватых паўстанцаў — маладых прыгожых і годных людзей, апранутых у «народныя» чамаркі, або ў экзатычныя строі «зуаваў смерці», узброеных шаблямі, рэвальверамі, стрэльбамі і пікамі, і зусім не хочам думаць пра тое, які ж насамрэч лёс напаткаў гэтых бравых маладзёнаў — цэлае пакаленне таленавітых, шляхетных, годных сваёй зямлі людзей…
На вокладцы кнігі Зоф’і Кавалеўскай «З успамінаў паўстанца» змешчаны групавы здымак маладых мужчын, апранутых па тыповай «паўстанцкай модзе». Здымак пакінуты без подпіса. Але ён вядомы і тэкставым пазначэннямі (Летувіскі мастацкі музэй, www.limis.lt; здымак разкаляраваны нейрасеткай). Надпіс «Minsk / 1863. / Kungur» можа сведчыць толькі адно — перад намі паўстанцы, сасланыя ў сібірскі Кунгур…
На падобных здымках сціпла пазначаны імя і прозвішча ўдзельніка паўстання, часам — ягоная сфера дзейнасці — «доктар» (напрыклад, доктар Ян Эвард Свіда, 1835-1917). А за гэтымі словамі — гады (а часам і дзесяцігоддзі) невыноснай ссылкі і катаржных прац. Пра большасць людзей з гэтага фота нам амаль нічога не вядома — у каталогах і базах даных, сабраных польскім і літоўскім бокам, часта проста пазначана штосьці тыпу «шляхціч з Міншчыны». Аднак і тыя некалькі біяграфій, што ўдалося выявіць — уражваюць. Напрыклад, пад нумарам (4) падпісаны Родрыг Свентажэцкі з маёнтку Крывічы (пад Ракавам Мінскай губ.) 1824 года нараджэння. Свентажэцкі вучыўся ў Мінскай гімназіі, затым быў на дзяржаўнай службе. Як член Мінскай арганізацыі ў 1863 годзе асуджаны на 20 гадоў катаргі ва Усол (Іркуцкая губ.), дзе пражыў каля васьмі гадоў. Вярнуўся на радзіму ў 1880-м, жыў у матулінай сястры ў Гранезах (Вілейскі пав.). Памёр у 1909 г., пахаваны на Радашкавіцкіх могілках.
Імаверна, перад намі Тадэвуш Вішнеўскі (1823—1863) — кіраўнік атраду ў Мінскай губерні, у Рэчыцкім павеце, сасланы за ўдзел у паўстанне — памёр у ссылцы ў Краснаўфімску (Пермская губерня).
Гэты здымак мужчыны ў казацкай бурцы зроблены ў адным з фотаатэлье Вільні. Сціплы подпіс на адвароце карткі коратка знаёміць нас з лёсам аднаго з паўстанцаў 1861 г. — «Эдмонд Пазьняк з Магілёва. Асуджаны на катаржныя працы на 15 год».
Адзін кароткі радочак, а колькі ў ім жудаснага з таго лёсу… З біяграфіі вядома няшмат: уладальнік маёнтка Чарнаручча ў Сенненскім павеце, былы афіцэр, удзельнік Руска-Турэцкай вайны…
Адна з самых каларытных фігураў паўстання 1863 г. на Літве — Сымон «Візунас» Шыдлоўскі, харунжы паўстанцкага атраду «Віцебскай зямлі» — так напісана на ягоным штандарце, які мужны «інсургент» пранёс праз усе баі, ад Віцебшчыны да Падляшша.
Толькі пасля сур’ёзнага ранення і поўнай капітуляцыі Варшавы, Шыдлоўскі разам з нескаронымі паплечнікамі, праз Кракаў, перабраўся ў Львоў (на той час — тэрыторыя Аўстра-Вугоршчыны), дзе заставаўся да самай смерці, падтрымліваючы былых удзельнікаў праз Таварыства ўзаемадапамогі і ні на адным мерапрыемствы не раставаўшыся са сваёй харугвай. Сымон быў пахаваны на львоўскіх Лычакоўскіх могілках.
На ягонай магіле красуецца надпіс, пасланне нам, нашчадкам: «На нашым праху паўстануць мсціўцы». Харугва паходзіць з Суражскага касцёла Віцебскай губерні. У 1923 г. перададзена 1-му Кадэцкаму корпусу ў Львове. Падчас Другой сусветнай вайны штандарт хавалі ад савецкіх жаўнераў. Апасля вайны сцяг трапіў у Нацыянальны музей у Кракаве. Сярод сімвалаў паўстання, як на штандарце, так і на грудзях Сымона — абразок Маці Божай Вострабрамскай, медальёны, брошкі і фібулы з якой насілі літвіны-«інсургенты». На адваротным баку харугвы — выява св. Казіміра.
Шмат хто з літвінаў, асуджаны на цяжкую сібірскую катаргу, лёг косткамі ў чужую зямлю…
Артэфакты паўстання
Сярод сімвалаў паўстання сустракаюцца як захаваныя ад мінулых спробаў вызвольнага руху «культурныя коды» (Крыж, вобраз Багародзіцы, гербы знішчанай дзяржавы), так і новыя (ці пераасэнсаваныя) сімвалы.
Вобраз Маці Боскай (а ў вузкім, «тутэйшым» сэнсе — Маці Божай Вострабрамскай) пачаў суправаджаць не толькі традыцыйны геральдычны двухчастковы шчыт з гербаў Кароны і ВКЛ, але і новую ягоную версію — трохчастковую, у якую дадаліся «рускія» землі Украіны. На пярсцёнках, фібулах, брошках і іншых упрыгожаннях, як мужчынскіх так і жаночых, выяўляецца трочастковы сімвал — шчэпленыя паміж сабою Крыж, Якар і Сэрца — Вера, Надзея і Любоў, часта аб’яднаныя з адным ці некалькімі пералічанымі сімваламі.
Нетыповае паўстанцкае ўпрыгожванне, якое па стылістыце нагадвае геральдычныя бэджы шатландскіх кланаў Нагор’я (Хайленда). Звяртае на сябе ўвагу і новы дэвіз «У еднасці — сіла». Горцы Шатландыі доўгі час аказвалі супраціў брытанскай палітыцы «дэварварызацыі» кланаў і адмены традыцыйнага ўкладу жыцця. Матыў падвойнага герба Рэчы Паспалітай, падперазанага поясам, з’явіўся апасля разгрому першага буйнога вызвольнага руху на землях Рэчы Паспалітай (1830-31 гг.), у эмігранцкім часопісе «Kraj i Emigracja» (1835 год). Новая хваля папулярызацыі матыва, безумоўна, адбылася пасля 1861-63 гг., калі з’явіўся попыт на паўстанцкія ўпрыгожванні і сувеніры.
На землях былога ВКЛ паўстанцкія ўрады шырока выкарыстоўвалі як сімволіку з Пагоняй, так і традыцыйныя падвойныя (ці траістыя) гербы Рэчы Паспалітай.
На пячатках паўстанцкага ўраду і ягоных ваяводскіх і павятовых адзелах выкарыстоўвалася сімволіка Польшчы і ВКЛ — падвойный герб з выяваў Арла і Пагоні, або — новы сімвал, Арол, Пагоня і Архангел, як герб траістай канфедэрацыі, да якой, спадзяваліся, далучыцца і большая частка Украіны.
Нацыянальны ўрад у Варшаве звярнуўся да праваслаўнага насельніцтва Украіны «простага стану» (найперш да сялянаў Падолля, Валыні і частцы Украіны на захад ад Дняпра) з заклікам паўстаць супраць маскоўскага панавання і з прапановай злучыцца ў новым трохчастковым звязе Польшчы, Літвы і Русі. Дакумент-адозва атрымаў назоў «Залатой Граматы». Быў распрацаваны і памятны крыж, прызначаны для раздавання падчас абвяшчэння Залатой граматы сялянам Украіны.
Для акупацыйнай адміністрацыі барацьба з нацыянальна-вызвольным рухам таксама займела сваю сімволіку. Апроч царскай імперскай атрыбутыкі і персаніфікацыі яе людажэрнай постаці генерал-губернатара Мураўёва-«Вешальніка» — выніковым сімвалам стаў медаль «за усмирение польскаго мятежа».
Указам расійскага імператара Аляксандра ІІ у студзені 1865 г. была ўстаноўлена ўзнагарода ў гонар задушэння паўстання 1863-1864 гг. — бронзавы медаль “За усмирение польскаго мятежа”.
Было адбіта каля 370 тысяч светла-бронзавых і больш за 230 тысяч цёмна-бронзавых медалёў. Медаль у светлай бронзе прызначаўся для ўзнагароджання вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць паўстанцаў, у цёмнай бронзе — для астатніх катэгорый насельніцтва, у тым ліку і для сялян, паверыўшых у «добрага» «мужыцкага» цара, а таксама для расійскага чынавенства і праваслаўных святараў. Немалую долю, разам з грашовымі выплатамі, атрымалі і прадстаўнікі аднолькавага з паўстанцамі саслоўя — шляхта, а таксама мяшчане і прадстаўнікі гандлёвых колаў.
Міжнароднае рэха паўстання: факты і артэфакты
«Паўстанне ў Польшчы», як звычайна называецца яно ў заходне-еўрапейскай гістарыяграфіі, прыцягнула ўвагу як буйных перыядычных выданняў, так і прыватных асоб — сведкаў падзей падчас сваіх паездак і вандровак у бок Расійскай імперыі.
Падчас гэтак званай «Вясны народаў» (шэрага паўстанняў на тэрыторыі Аўстра-Вугоршчыны, 1848-49 гг.), і ўласна італьянскай барацьбы за незалежнасць і за аб’яднанне краіны «польскія легіёны» з дабраахвотнікаў былой Рэчы Паспалітай змагаліся поплеч з гарыбальдзістамі, вучыліся ў Польскай вайсковай школе ў Генуі і запісваліся ў «Легіён Міцкевіча», які змагаўся за свабоду Італіі. Патрыятычна афарбаваная опера «Літвіны» кампазітара Амількарэ Понч’іэлі, па матывах паэмы Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод», у свой час гучала са сцэны знакамітай Ла Скалы ў Мілане.
«Італьянцы абавязаны Польшчы не падарункам, а выплатай святога доўгу братэрства і любові». Гэтыя словы аднаго з паплечнікаў Гарыбальдзі рэзюмуюць дух, які прымусіў італьянцаў сабраць у 1863 годзе «Легіён Гарыбальдзі» на чале з палкоўнікам Франчэска Нула і выправіцца на дапамогу пабрацімам.
З васямнаццаці добраахвотнікаў Бергама з экспедыцыі палкоўніка Франчэска Нула (Francesco Nullo) дзевяць былі арыштаваны аўстрыйскай паліцыяй яшчэ да таго, як яны дабраліся да мяжы з Расійскай імперыяй, трое загінулі ў баях у Польшчы, чацвёра былі асуджаны на 12 гадоў прымусовых работ і высланы ў Сібір. Сам палкоўнік, патрыёт-гарыбальдзінец, удзельнік абароны Рымскай Рэспублікі, загінуў у бітве пры Кшыкаўцы, непадалёк ад Кракава.
Нават папа рымскі не застаўся ў баку падзей, выказаўшы спачуванне братам адзінаверцам-каталікам.
Не засталіся ў баку ад асвятлення падзей і рэакцыі на іх публічныя асобы і выданні Брытанскай імперыі.
Так, англійскі вандроўнік і сын святара Фартэск’ю Андэрсан, апісаў візіт да свайго сябра па Бонскаму ўніверсітэту, шляхціца Аляксандра Біспінга, у вёскі Масаляны і Вярэйкі Ваўкавыскага павета падчас паўстання 1863 года — ён занатаваў свае ўражанні ў дзённіку пад назвай «Сем месяцаў жыцця ў Расійскай Польшчы ў 1863 г.».
Пад «Расійскай Польшчай» Андэрсан меў на ўвазе ў тым ліку і тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, якія ў выніку падзелаў 1772, 1793 і 1795 гадоў адышлі да Расійскай імперыі.
«Адразу калі прыехаў, я заўважыў, што ўсе жанчыны носяць жалобу, некаторыя нават цалкам жалобны строй. Усе, ад вышэйшых да ніжэйшых слаёў насельніцтва, мелі ў адзенні нейкую адзнаку жалобы. Тры гады і нават болей пазбягалі баляў, не з’яўляліся ў оперы і на гучных забавах, у той жа час рэгулярна ўдзельнічалі ва ўсіх масавых набажэнствах — і галоўнай іх малітвай была просьба аб выратаванні Айчыны з-пад прыгнёту. Падобныя настроі панавалі сярод усіх палякаў, дзе б ні былі, у якой краіне б ні жылі. Памятаю, як у Боне — яшчэ да таго, як блізка пазнаёміўся з Біспінгам — да мяне даходзілі чуткі, што некалькі польскіх студэнтаў тамтэйшага ўніверсітэта заўсёды адмаўляюцца ад удзелу ў танцах. Яны аргументавалі гэта жалобай, у якой знаходзіцца іх прыгнечаная Айчына. Яны так паводзілі сябе не для таго, каб выдзеліцца, але ад сэрца і з пачуцця абавязку».
Папулярны ў тыя часы брытанскі палітычны сатырычны часопіс «Панч» (Punch) жорстка прайшоўся не толькі па крыважэрнаму вобразу расійскай манархіі, але і бязлітасна высмеяў нерашучую (бо здрадніцкую) пазіцыю заходніх дзяржаў, фактычна, сам насам пакінуўшых народы Рэчы Паспалітай у сваёй барацьбе. Не пашкадаваў «Панч» і ўласны брытанскі ўрад, паказаўшы яго занадта асцярожным.
Паказаны Расія і ЗША, якія засталіся без палітычнай падтрымкі іншых дзяржаў і, да таго, з праблемамі ўзброеных канфліктаў на сваіх тэрыторыях (якія адлюстраваны ў відовішчах гвалту і спусташэння на заднім плане). Хаўруснікі-паняволе з задавальненнем паціскаюць адно аднаму рукі:
Абі (Аврам Лінкальн): «Імперскі сын Мікалая Вялікага, я лічу, што мы знаходзімся ў роўных умовах: вы — са сваімі палякамі, я — са сваімі паўднёвымі падбухторшчыкамі»
Алекс (цар Аляксандр): «Помста — тое мне да спадобы, сябра; глядзі, там дзе яна ішла, стаяць пабураныя і спаленыя сцены, а на тваіх шыбеніцах боўтаюцца змагары-патрыёты, і іхныя пакуты даюць асалоду твайму паплечніку”
Паўстанне 1863-1864 гг. з самага пачатку стала адным з сюжэтаў на старонках папулярнага французскага штотыднёвіка «L’Illustration», — у дадатак да асвятлення грамадзянскай вайны ў ЗША і выступленняў у французскіх і англійскіх калоніях. Пры гэтым з першых матэрыялаў часопіс замацоўваў за паўстаннем вобраз барацьбы сялян за свае правы ў Расійскай імперыі. Гэта сэнсава пасавала і іншым матэрыялам «L’Illustration», які шмат увагі надаваў барацьбе індзейцаў у Амерыцы ці хрысціян у Асманскай імперыі.
Французскі штотыднёвік “L’Illustration” прысвяіцў некалькі нумароў пільнаму агляду крывавых падзей у былой Рэчы Паспалітай. Частку адлюстраваных эпізодаў і асобаў складана дакладна ідэнтыфікаваць, хаця геаграфія падзей выглядае рэальнай. Напрыклад, малюнак зверху суправаджае надпіс: «Падзеi у Польшчы. Графіня Б… перадае харугву камандзіру добраахвотнага атрада Арленскаму, Мінск. губ.». На левым малюнку ўнізе — «Паўстанцкі шпіталь пад Мінскам»; на правым малюнку ўнізе — «Барысаўскія паўстанцы вызваляюць палоннага расійскага генерала Грунта»
Заходнім краінам спатрэбілася больш за паўтары стагоддзя, каб упэўніцца, што расійскага Мядзведзя немагчыма перамагчы на дыпламатычным полі. Або метадам шырока заплюшчаных вачэй, якія не бачаць прагу іншых народаў Еўропы да Свабоды. Сёння ідуць тэктанічныя сацыяльна-эканамічна-палітычныя зрухі па ўсім перадавым свеце. І застаецца моцны спадзеў, што праз 160 гадоў распачатае паўстанне ўсё ж скончыцца перамогай усіх паўстаўшых народаў былой Рэчы Паспалітай…