З’явіўся праект „Maldzis“ па вяртанні беларускай культурнай спадчыны. Праект скіраваны на вяртанне культурных каштоўнасцяў Беларусі, вызначэнне «беларускіх мясцін» у свеце, а таксама наадварот — фактам замежнай прысутнасці ў гісторыі Беларусі. А ўсе набыткі праекта ў будучым плануецца перадаць у адпаведныя музеі ў Беларусі.
Кіраўнік праекту выступае Павел Мацукевіч, былы дыпламат, аналітык «Цэнтра новых ідэй», распавёў racyja.com канцэпцыю праекта і падзяліўся сваімі няпростымі роздумамі пра будучыню беларускай культуры ў выгнанні і ў самой Беларусі.
РР: Праект Maldzis, усё ж такі вяртанне культурнай спадчыны зараз, напэўна, даволі складанае пытанне, і пытанне рэстытуцыі часам падымалася ў Беларусі. Тым не менш, на што скіраваны праект Maldzis і навошта ён паўстаў цяпер менавіта?
— Гэтае пытанне заўсёды было складаным, нават у найлепшыя часы, у 90-я гады. І потым, нават калі была створана, у пачатку 90-х гадоў, гэта больш грамадскія ініцыятывы, у тым ліку тое, чым займаўся Адам Мальдзіс. Потым да гэтай справы далучылася дзяржава, была створаная дзяржаўная камісія па вяртанні беларускіх культурных каштоўнасцяў, якая існуе па сённяшні дзень і працуе, двойчы на год робіць справаздачы. Галоўнае, каб у гэтым былі зацікаўленыя самі беларусы. Роля дзяржавы, вядома, вялікая ў гэтым пытанні, але галоўнае, я лічу, каб гэтым цікавіліся самі мы.
Беларусь — унікальная краіна ў сэнсе нацыянальна-культурных каштоўнасцяў. Гэтая ўнікальнасць, на жаль, мае негатыўную адметную рысу і яна палягае ў тым, што бальшыня нацыянальных каштоўнасцяў за межамі Беларусі. У пачатку 90-х гадоў былі такія ацэнкі, што ў Беларусі засталося каля 1% беларускай культурнай спадчыны. Усё астатняе, у выніку шматпакутлівай беларускай гісторыі, альбо знікла, альбо апынулася за межамі краіны — у суседніх краінах, гэта Польшча, Літва і Расея, па ўсім свеце. І блізкая Еўропа і далёкая Еўропа, Злучаныя Штаты Амерыкі, Лацінская Амерыка, Японія, па ўсім свеце разляцелася беларуская спадчына. І сабраць гэтую спадчыну — я лічу, гэта нашая нацыянальная задача.
Няма ліха без дабра: шмат беларусаў за апошнія гады вымушаны былі з’ехаць з Беларусі. Гэта, вядома, кепска, але з іншага боку якраз, тыя, хто з’ехаў, апынуліся побач, можна сказаць, з беларускай спадчынай, бо шмат чаго беларускага знаходзіцца ў Польшчы, дзе я, напрыклад, у Літве, іншых краінах. І мы можам наўпрост клапаціцца пра беларускую спадчыну, паспрабаваць назваць беларускім тое, што лічыцца польскім, літоўскім ці расейскім. У простым сэнсе, паклапаціцца, калі казаць пра могілкі знакамітых беларусаў пахаваных у замежжы, у тым ліку ў Польшчы, Літве, Чэхіі. Сэнс нашай ініцыятывы якраз палягае ў гэтым.
РР: Якія арганізацыі мы можам назваць, так бы мовіць, адказнымі ў гэтым праекце, хто будзе яго весці? І куды могуць звяртацца беларусы з усяго свету са сваімі прапановамі?
— Ну, гэта грамадская ініцыятыва. Звяртацца да нас, менавіта ў Maldzis, з інфармацыяй, з прапановамі, з інфармацыяй пра беларускія каштоўнасці ў замежных краінах, у замежных гарадах. Бо мы ствараем мапу, дзе пазначаем дакладныя месцы, звязаныя з падзеямі, з імёнамі вядомых беларусаў і не вельмі вядомых беларусаў, якія пакінулі след у гісторыі замежных краін. Таксама мы ствараем беларускую мапу пра замежнікаў у беларускай гісторыі.
Цалкам размову слухайце ў далучаным гукавым файле:
Сайт праекта: Maldzis