Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Lantos Human Rights Prize у Вашынгтоне. Штогадова ганаровы знак уручаецца за актыўную барацьбу за правы чалавека.
У 2024-м узнагароду атрымалі Святлана Ціханоўская і Яўгенія Кара-Мурза за мужнасць і рашучасць у змаганні супраць дыктатуры на постсавецкай прасторы. Раней лаўрэатамі прэміі станавіліся такія выбітныя асобы як Далай-лама, Хілары Клінтан, Шымон Перэс.
Святлана Ціханоўская:
«Дзякуй, спікерка Эмерыта Пэлосі, за вашыя цёплыя словы. Вы заўсёды былі сапраўднай і вернай сяброўкай нашага народа. Я захапляюся вашым лідарствам, мудрасцю і спагадай.
Паважаная Прэзідэнтка Катрына Ланташ Суэт,
Паважаны Томайка Тылеман,
Паважаныя ўдзельнікі, сябры і змагары за свабоду, якія сабраліся ў гэтай зале.
Для мяне вялікі гонар і задавальненне атрымліваць Прэмію Лантаса ў галіне правоў чалавека, асабліва разам з паважанай Яўгеніяй Кара-Мурза.
Яўгенія, вашая адвага не ведае межаў. Я захапляюся тым, як нястомна вы змагаліся за свабоду свайго мужа. Вашая мужнасць натхняе мяне і многіх іншых людзей.
Дарагі Уладзімір, так цудоўна бачыць вас тут сёння, на волі і зноў разам з вашай каханай жонкай. Вашае вызваленне – гэта прамень надзеі. Яно паказвае нам усім, што, якой змрочнай бы ні здавалася рэальнасць, свабода заўсёды застаецца дасягальнай.
Як вы ведаеце, я ніколі не думала, што стану палітычнай лідаркай. Чатыры гады таму я была звычайнай жанчынай – проста жонкай і маці двух дзяцей. Але часам жыццё ставіць нас у такія абставіны, калі даводзіцца ўстаць і зрабіць тое, што трэба.
Калі майго мужа Сяргея пасадзілі за тое, што ён стаў на барацьбу з дыктатарам, я зразумела, што павінна таксама ўстаць і змагацца. Я стала за яго, я стала за нашых дзяцей. І я стала за мільёны беларусаў і беларусак, якіх занадта доўга прымушалі маўчаць.
Дыктатар, вядома, не ўспрыняў мяне ўсур’ёз. «Беларусы ніколі не прагаласуюць за жанчыну», – казаў ён.
Але ён памыляўся! Таму што справа была не толькі ўва мне – гэта быў крык народа за свабоду, справядлівасць і змены…
Тады мы перамаглі не толькі на выбарах, але і ў сэрцах мільёнаў беларусаў.
І чатыры гады рэпрэсіяў не прымусілі беларусаў змяніць сваё меркаванне і прыняць дыктатуру.
Беларусы працягваюць праяўляць мужнасць і плацяць вялікую цану за сваю свабоду.
Шаноўныя сябры,
Сёння я прымаю гэтую прэмію не за сябе, а за ўсіх тых герояў і гераінь, якія працягваюць змагацца.
За журналістаў і журналістак, якія вымушаныя былі ўцячы ў выгнанне, але працягваюць даносіць праўду да людзей унутры краіны. І за тых, хто знаходзіцца за кратамі. Як, напрыклад, Ігар Лосік з «Радыё Свабоды», які перарэзаў сабе вены ў знак пратэсту супраць жорсткасці турэмшчыкаў. Ці Каця Андрэева, асуджаная да 8 гадоў турмы за прамы эфір з пратэстаў.
За ўсіх нашых бясстрашных жанчын – такіх, як Марыя Калеснікава, якая парвала свой пашпарт, каб яе не дэпартавалі з Беларусі, і якую цяпер павольна забівае рэжым.
За Ірыну і Вольгу Такарчук – маці і дачку, якіх абедзвюх адправілі ў турму: спачатку дачку за пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, а затым маці — за… салідарнасць: яна дасылала харчовыя пасылкі дачцы і яе суседкам па камеры.
Я прымаю гэтую прэмію за праваабаронцаў, сярод якіх наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. Учора ён адзначыў свой 62-і дзень нараджэння ў турме. Яму прысудзілі 10 гадоў за дапамогу рэпрэсаваным і заклікі да нацыянальнага дыялогу. За Марфу Рабкову, якую абвясцілі «тэрарысткай» і асудзілі да 14 гадоў за збор доказаў міліцэйскага гвалту. Яе жыццё ў небяспецы, але яна захоўвае непахісны дух.
За актывістак, сярод якіх Паліна Шарэнда-Панасюк – маці двух сыноў, якая адмовілася ад беларускага грамадзянства ў знак пратэсту супраць несправядлівага суда і якую цяпер катуюць у турме.
Я таксама прымаю гэтую прэмію за майго мужа Сяргея, які 500 дзён знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, адбываючы свой 19-гадовы тэрмін. Мае дзеці не бачылі свайго бацьку больш за чатыры гады.
Кожны дзень яны пытаюцца ў мяне: «Калі тата вернецца дадому?»
І кожны раз у мяне няма адказу. Я не ведаю, ці ў бяспецы Сяргей. Я нават не ведаю, ці жывы ён.
Але я ведаю адно: беларускі народ ніколі не перастане змагацца за свабоду, пра якую мы ўсе марым. Ні рэпрэсіі, ні пагрозы не спыняць нас на гэтым шляху.
Я ведаю, што мы будзем працягваць тую рэвалюцыю, якую наш народ пачаў у 2020 годзе, пакуль не пераможам.
Я ведаю, што ўсе людзі, якія былі несправядліва зняволеныя, катаваныя, запалоханыя або вымушаныя ўцячы, вернуцца дадому. І ўсе яны будуць рэабілітаваныя і адноўленыя ў правах.
Я ведаю, што ўсе тыя, хто выкрадаў журналістаў і гвалціў жанчын у турмах, хто выносіў драконаўскія прысуды пенсіянерам ці хлусіў на судах, будуць пакараныя.
Я таксама ведаю, што ў адзін дзень мы правядзём свабодныя і справядлівыя выбары, каб абраць нашых дэмакратычных лідараў, і што Беларусь стане паважанай у свеце краінай, донарам міру і стабільнасці, а не пастаяннай пагрозай.
Так, я таксама ведаю, што шлях да свабоды можа быць доўгім і складаным. Гэта не спрынт, а марафон.
Мы не ведаем, калі ён скончыцца, але часам варта проста рабіць тое, што трэба, і гісторыя расставіць усё на свае месцы.
Змагацца за свабоду, за людзей, за справядлівасць, за кожнага мужчыну і жанчыну, за кожнае дзіця і кожнага старога чалавека – вось што трэба рабіць.
І я таксама ведаю, што ў барацьбе за свабоду ніколі нельга перамагчы без саюзнікаў. Многія з іх сёння ў гэтай зале. Напрыклад, Яўгенія або Уладзімір. Ці Нэнсі Пэлосі, ад якой дрыжаць дыктатары ва ўсім свеце.
Нам патрэбныя такія саюзнікі, як Злучаныя Штаты Амерыкі. Многія краіны па ўсім свеце глядзяць на вас як на сусветных лідараў у барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека. Працягвайце змагацца за правільныя рэчы. Не спыняйце падтрымку Украіны ці Беларусі. Нашая барацьба за свабоду – агульная.
Нам трэба працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і Пуціна. За кожнае злачынства, за кожнае зламанае жыццё яны павінны заплаціць. Хоць санкцыі не з’яўляюцца панацэяй, гэта інструмент, неабходны для аднаўлення справядлівасці, у якой мы ўсе маем патрэбу.
Мы павінны адкінуць саму думку, што дыктатараў можна задобрыць ці перавыхаваць. З дыктатарамі можна толькі змагацца. Любое ваганне яны ўспрымаюць як слабасць.
Нам патрэбныя абаронцы свабоды – такія, як кангрэсмен Том Лантас, чыю спадчыну мы сёння ўшаноўваем. Як чалавек, які перажыў Халакост, ён ведаў, што такое тыранія і да чаго яна прыводзіць, калі яе не стрымаць своечасова. Тыранія распаўсюджваецца як рак, калі не пачаць змагацца з ёй у патрэбны час.
У маладосці Лантаса, як і тысячы венгерскіх яўрэяў, выратаваў шведскі дыпламат Рауль Валенберг, якога пазней забіў Сталін.
Часам мне здаецца, што нам патрэбны новы Рауль Валенберг, каб выратаваць тысячы беларускіх палітычных зняволеных, якія павольна паміраюць у лукашэнкаўскіх турмах.
У апошнія гады свайго жыцця Том Лантас гаварыў пра Беларусь і змагаўся за наш народ. Ён добра разумеў, што барацьба за свабоду і за правы чалавека – гэта справа не асобных народаў, а ўсяго свету.
Ён ведаў, што дыктатуры часам здаюцца непераможнымі, але потым раптам абвальваюцца. Але гэта шмат у чым залежыць ад магутных нацый, такіх як Злучаныя Штаты, якія становяцца на бок тых, хто ў бядзе.
Сёння я хачу выказаць падзяку Фонду Лантаса за тое, што ён нясе далей факел барацьбы за свабоду і справядлівасць, якую вёў Лантас. Я хачу падзякаваць вам за гэтае прызнанне, якое пралівае святло на барацьбу майго народа.
Атрымліваючы гэтую прэмію, у такі момант разумееш, што мы не адны. Што свет падтрымлівае нас. Калі знаходзішся ў халоднай турэмнай камеры з акенцам памерам з шахматную дошку, цябе трымае толькі салідарнасць людзей звонку. Бо ведаеш, што нехта змагаецца за цябе.
Сёння я прыйшла сюды, каб заклікаць вас падтрымліваць свабодалюбівых людзей па ўсім свеце. Вашая падтрымка дае нам сілы працягваць барацьбу. Яна ўмацоўвае нашую надзею – надзею на тое, што ў адзін цудоўны дзень Беларусь стане свабоднай.
Пакуль гэты дзень не настане, мы будзем працягваць змагацца. Мы будзем працягваць верыць. І мы пераможам.
Дзякуй. Жыве Беларусь!»