Дырэктарка Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны: дзецям, якія змаглі да нас патрапіць, вельмі пашчасьціла

Беларуская гімназія ў Вільні была заснаваная 1 лютага 1919 г. Яшчэ ў 1916 годзе, калі Вільня была акупаваная немцамі, тагачасныя ўлады дазволілі адкрываць беларускія школы. Да 1918 году на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Віленшчыны было паўтары сотні пачатковых беларускіх школак. Паводле дасьледчыка гісторыі беларускага школьніцтва Паўла Саўчанкі, там навучалася 6000 дзяцей. Яны не маглі далей працягваць адукацыю на беларускай мове – не было адпаведнай сярэдняй школы. Гэтае пытаньне было вырашана 1 лютага 1919 г., калі ў Вільні зьявілася Беларуская гімназія. Навучальная ўстанова стала працаваць у Базыльянскіх мурох. Сярод яе настаўнікаў былі палітыкі Антон Луцкевіч і Радаслаў Астроўскі, навукоўцы Аркадзь Смоліч і Барыс Кіт, літаратары Максім Гарэцкі і Францішак Аляхновіч.

“Палітыка была адна: трэба было ўзгадоўваць нацыянальна сьвядомых беларусаў. І ўсе настаўнікі гэтай мэце служылі”, – адзначаў выпускнік ВБГ, віленскі грамадзкі дзяяч Леванід Кароль.

Віленская беларуская гімназія праіснавала 25 гадоў. У чэрвені 1944 году дзейнасьць навучальнай установы перапыніў прыход Савецкай улады. Пасьля амаль паўвекавога перапынку аднаўленьне беларускага школьніцтва ў Вільні стала натуральным працягам адраджэньня Беларусі. У 1991 годзе на філялягічным факультэце Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту была адкрытая катэдра, а пазьней – Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. Там распачалі падрыхтоўку будучыя віленскія беларускія настаўнікі. Па ініцыятыве кіраўніцы катэдры Лілеі Плыгаўкі ў 1992 годзе ў школах № 13 і № 17 зьявіліся пачатковыя і сярэднія беларускія клясы. Неўзабаве, у 1994 годзе яны злучыліся ў новую дванаццацігадовую школу № 68. Сёньня гэтая школа, спадкаемца Віленскай беларускай гімназіі, а зь 2013 году – адзіная ў Літве гімназія зь беларускай мовай навучаньня носіць ганаровае імя генія беларускай культуры Францішка Скарыны.

“Трэба сказаць вялікі дзякуй сёньняшняй беларускай сярэдняй школе № 68 за тое, што менавіта гэтая школа ўзьняла колішнюю традыцыю існаваньня нашай гімназіі і ўвяла ў наш ужытак дзень 1 лютага як Дзень Гімназіі”, – зазначаў падчас сьвяткаваньня 85-годзьдзя ВБГ грамадзкі дзяяч, колішні гімназіст, захавальнік агню віленскай беларушчыны Лявон Луцкевіч.

— Я думаю, што трактоўка гэтага сьвята не памянялася. 1-га Лютага – гэта дзень нараджэньня нашай гімназіі. Гэта ня толькі дзень нараджэньня той гімназіі, якая праіснавала 25 год, з 1919 да 1944 году, але гэта дзень нараджэньня і нашай гімназіі, таму што менавіта мы лічымся і самі сябе лічым спадкаемцамі гэтай гімназіі. І калі-б не было той гімназіі, невядома, ці змагла-б нарадзіцца наша школа ў 1994 годзе, – паведаміла дырэктарка Віленскай гімназіі ймя Францішка Скарыны Дзіяна Стахновіч.

Навучаньне бязь межаў

2022-2023 навучальны год аб’ядноўвае дзьве падзеі – 500-годзьдзе выданьня ў Вільні “Малой падарожнай кніжкі” і 700-годзьдзе Вільні. Для Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны абедзьве гэтыя падзеі, відавочна, надзвычай важныя. Юбілей “Малой падарожнай кніжкі” навучальная ўстанова адсьвяткавала шэрагам разнастайных імпрэзаў. Круглую дату ў гісторыі літоўскай сталіцы гімназія заплянавала адзначыць адмыслова.

— Гэтыя імпрэзы заплянаваныя на ўвесь год, і насамрэч ёсьць многа мерапрыемстваў. 34 мерапрыемствы, і гэта не да канца ўсё ўпісана, што тут мы хочам праводзіць і як мы хочам адзначаць гэты юбілейны год, – паказала плян урачыстых імпрэзаў Дзіяна Стахновіч. – Сёлета вельмі шмат мерапрыемстваў прапануюць нам розныя музэі. Адным з мэтадаў у літоўскіх школах зьяўляецца мэтад навучаньня бязь межаў, то бок навучаньне па-за школай, навучаеньне пад адкрытым небам. І вось у гэтым нам, вядома, будуць вельмі дапамагаць гэтыя музэі, якія прапаноўваюць розныя адукацыйныя праграмы ў сувязі з гэтым юбілеем таксама.

Новае асяродзьдзе адукацыі

З пачатку 2022-2023 навучальнага году Віленская гімназія імя Францішка Скарыны карыстаецца новым навучальным корпусам. Новыя памяшканьні істотна зьмянілі жыцьцё навучэнцаў і супрацоўнікаў гімназіі.

— Новы навучальны корпус – гэта новае адукацыйнае асяродзьдзе, – зазначыла Дзіяна Стахновіч. – Вельмі прыемна, што гэты корпус абсталяваны сучаснай тэхнікай. У кожнай нашай клясе там ёсьць інтэрактыўны экран, які дазваляе па-новаму праводзіць заняткі, і ўрокі становяцца больш цікавымі. Яны даюць магчымасьць выкарыстоўваць віртуальнае асяродзьдзе. То бок, усё гэта дае неабмежаваныя магчымасьці для ўдасканальваньня навучальнага працэсу. Але, вядома, пакуль што мы не да канца выкарысталі ўвесь рэсурс гэтага новага корпусу.

Паводле Дзіяны Стахновіч, у будучыні плянуецца, што ў новым навучальным корпусе будуць вучыцца ня толькі гімназісты: навучальная ўстанова пяройдзе на кабінэтную сыстэму арганізацыі навучальнага працэсу, будуць абсталяваныя кабінэты, лябараторыі, і гэтымі кабінэтамі і лябараторыямі могуць карыстацца ня толькі гімназічныя 9-10-11-12 клясы, але і ўсе вучні, пачынаючы зь пятай клясы.

— Вядома, самая шчасьлівая, напэўна, настаўніца фізкультуры і дзеці, якія столькі гадоў ня мелі спартыўнай залі. Сёньня ўсе вельмі шчасьлівыя ад таго, што ёсьць магчымасьць займацца рознымі відамі спорту, і ня толькі на ўроках, але і на перапынках. Ёсьць актыўныя перапынкі, і дзеці зь вялікім задавальненьнем, я бы сказала, удзельнічаюць у розных праектах па здаровым ладзе жыцьця. Вельмі шмат розных магчымасьцяў, і нашая настаўніца – самая актыўная настаўніца, і мы вельмі шчасьлівыя, што ў нас зьявілася гэтая магчымасьць, – падзялілася Дзіяна Стахновіч.

Працэс адаптацыі

Новы навучальны корпус – гэта ня ўсё новае, што апошнім часам зьмянілася ў Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны. Таксама тут паболела вучняў, якія ня мелі дагэтуль у жыцьці віленскага пэрыяду. Новым навучэнцам даводзіцца знаёміцца з гімназічнымі традыцыямі. А таксама дадаваць у агульную скарбонку нешта сваё, прывезенае з Радзімы.

— Нашы дзеці дастаткова талерантныя, і яны прымаюць новых вучняў з усімі іх асаблівасьцямі вельмі спакойна. Таму працэс адаптацыі, вядома, ёсьць і для адных, і для другіх, але, тым ня менш, мне вельмі прыемна, што сярод тых дзяцей, якія прыехалі зь Беларусі, вельмі многа таленавітых дзяцей, творчых дзяцей, якія паўплывалі на нашых вучняў, зрабілі больш прыгожымі, напэўна, нейкія нашыя сьвяты. Вось зусім нядаўна мы адзначылі 13 студзеня. Гэта новае сьвята для тых дзяцей, якія прыехалі зь Беларусі. Вядома, мы адзначаем іншыя дзяржаўныя сьвяты. Я думаю, што ў Беларусі далёка ня ўсе адначаюць стодзёнку, пасьвячэньне ў гімназісты. Думаю, што тыя сьвяты, якія праводзяцца ў нашай маленькай гімназіі, усё роўна адрозьніваюцца сваім фарматам, сваёй такой цеплынёй, сямейнасьцю. У любым выпадку наша школа – унікальная, своеасаблівая школа, таму, думаю, тым дзецям, якія змаглі да нас патрапіць, вельмі пашчасьціла, – паведаміла дырэктарка гімназіі.

Межы рэсурсаў

Пасьля крывавага жніўня 2020 году і справакаванай ім хвалі эміграцыі жыхароў Беларусі ў Літве выявіўся востры дэфіцыт навучальных установаў для дзяцей-беларусаў. Часткова праблема гэтая вырашалася за кошт напаўненьня навучэнцамі іншых, пераважна рускамоўных літоўскіх школаў. Паводле магчымасьцяў уплывае на паляпшэньне сытуацыі і Віленская гімназія імя Францішка Скарыны.

— Мы выкарысталі поўнасьцю свой рэсурс і больш, на жаль, мы прыняць ужо нікога ня зможам. То бок, гэта ўсе магчымасьці, і кабінэтаў у нас больш няма, клясаў, куды-б мы маглі прыняць гэтых людзей, і настаўнікаў таксама. Праблема з настаўнікамі. Настаўнікі літоўскай мовы ў нас перагружаныя. Вядома, было-б добра, каб яшчэ хто-небудзь прыйшоў выкладаць літоўскую мову. Усе кабінэты занятыя, і ў наступным годзе мы плянуем нават адмовіцца ад нашай маленькай актавай залі і зрабіць там дзьве клясы, таму што два чацьвёртыя павінны пайсьці ў два пятыя, якіх у нас пакуль што няма, – са скрухаю зазначыла Дзіяна Стахновіч.

Віленская гімназія імя Францішка Скарыны – адзіная ў Літве, а зрэшты, і ва ўсіх краінах Эўразьвязу навучальная ўстанова, якая дазваляе атрымаць поўную сярэднюю адукацыю на беларускай мове. Апрача яе, адукацыйныя паслугі беларускім дзецям у Літве на працягу некалькіх гадоў яшчэ напрыканцы прамінулага тысячагодзьдзя прапаноўвалі адпаведныя клясы ў прымежным Вісагінасе. Пасьля 2020 года пры Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні зьявілася суботняя школка на тры ўзроставыя групы з мастацкімі гурткамі і тэатральнай студыяй. Абвяшчала пра набор навучэнцаў і прыватная школа “Стэмбрыдж”. Аб’ядноўваць высілкі ў справе адукацыі дзяцей беларусаў навучальныя ўстановы пакуль толькі плянуюць.

— Агульныя мерапрыемствы зь нядзельнай школай мы зьбіраемся ладзіць, і са “Стэмбрыджам” таксама. Мы спадзяемся, што можна будзе супрацоўнічаць, і мы можам быць адзін аднаму карыснымі, – сказала Дзіяна Стахновіч.

Замена рускай мове

З прычыны катастрафічнага недахопу месцаў дзеці беларускіх перасяленцаў у пераважнай бальшыні папаўняюць школы з рускай, польскай і літоўскай мовамі навучаньня, да прыкладу, у віленскай школе імя Ільва Карсавіна. Паводле дырэктара гэтай навучальнай установы, дзеці зь Беларусі добра валодаюць рускай мовай. Зрэшты, апошнім часам у Літве вядуць гаворку пра зьмяншэньне аб’ёмаў вывучэньня рускай мовы як другой замежнай у літоўскіх навучальных установах. У адрозьненьне ад некаторых іншых школаў, для гімназіі імя Францішка Скарыны гэта праблемы не ўяўляе.

— У нацыянальных школах не абавязковая наогул другая замежная мова. То бок, яе можна не вывучаць. І ў нас ёсьць такая кляса, які не вывучае рускую мову як другую замежную. Вучні выбіраюць рускую мову толькі таму, што, сапраўды, яны яе ведаюць, і гэта лягчэй. Асабліва тым дзецям, якія прыехалі цяпер зь Беларусі – у іх вялікая нагрузка на тое, каб вывучыць нармальна літоўскую мову, і яшчэ браць адну замежную – гэта вялікая нагрузка, і ня ведаю, ці мае гэта сэнс. Альтэрнатыўная другая замежная мова можа быць, калі будзе такое жаданьне вучняў, – патлумачыла Дзіяна Стахновіч. Замяніць рускую мову як другую замежную ў Міністэрстве адукацыі, навукі і спорта Літоўскай рэспублікі прапануюць іншымі эўрапейскімі мовамі, у прыватнасьці, польскай і латыскай. Гэткай моваю цалкам можа быць і беларуская мова. Гэта – мова амаль дзесяцімільённага народу, што жыве побач зь літоўцамі. Вывучэньне беларускай мовы можа спатрэбіцца ў жыцьці, прынамсі, жыхарам літоўска-беларускага памежжа. Зноў-жа, ёсьць і пэдагогі – за час сваёй дзейнасьці катэдра, а пазьней – Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце, падрыхтаваў каля сотні выкладчыкаў беларускай мовы.

— Я думаю, што ў тых школах, якія напоўніліся зараз беларусамі – гэта рэальна, – сьцьвярджае Дзіяна Стахновіч. – Мы ведаем, што ў многіх рускамоўных школах зьявілася таксама нямала дзяцей зь Беларусі. І для менавіта тых дзяцей беларуская мова магла-б быць і ня толькі другой замежнай, але і можна было-б адкрыць і гурток па вывучэньні беларускай мовы, і вывучаць яе нават як родную мову. Таму што, зноў-такі, у клясах, дзе ёсьць пяць вучняў, для якіх нейкая іншая мова зьяўляецца роднай, можна прасіць, каб дзяржава і школа стварылі ўмовы для вывучэньня гэтай мовы. Гэта магчыма. Але ці будуць жадаючыя вучыць беларускую мову менавіта як другую замежную? Я ня думаю, што такіх людзей было-б вельмі шмат. Пара чалавек знайшлася-б, але, улічваючы, што вось гэты дзесяцімільённы народ увесь размаўляе па-руску, то ведаць беларускую мову карысна, думаю, у першую чаргу, беларусам, якія прыехалі сюды.

Дзіяна Стахновіч падкрэсьліла, што Віленская гімназія ймя Франіцшка Скарыны – гэта звычайная літоўская школа, якая працуе па літоўскіх агульнаадукацыйных праграмах:

— Мы, як любая іншая літоўская школа, даем тыя самыя веды. Адзінае, што мы карыстаемся беларускай мовай, вось і ўсё. І тым дзецям, якія прыехалі зь Беларусі, вядома, гэта ўсё па-новаму, гэта ўсё па-іншаму, але, наколькі я разумею, ім гэта ўсё падабаецца.

hazetarun.info