
На цырымоніі ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас», якая адбылася 28 лютага ў кінатэатры Luna ў Варшаве, назвалі пераможцаў трэцяй эдыцыі.
Найлепшымі беларускімі фільмамі і фільммейкерамі 2023 і 2024 гадоў былі прызнаныя:
«Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм»
- «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч
«Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм»
- «Say Cheese» Кіры Альшэўскага
«Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм»
- «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча
«Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»
- «Святая вада» Андрэя Куцілы
«Найлепшы анімацыйны фільм»
- «Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі
«Найлепшы дакументальны рэпартаж»
- «Без рэтушы: Сяргей Пукст» Аляксандра Гарадка і Канаплёва+Лейдзік
«Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)»
- Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч за фільм «Радзіма»
«Найлепшы актор»
- Валянцін Навапольскі за ролю ў фільме «Пад шэрым небам»
«Найлепшая акторка»
- Аляксандра Вайцяховіч за ролю ў фільме «Пад шэрым небам»
«Найлепшая праца аператара(кі)»
- Сяргей Канаплянік за фільм «Радзіма»
«Найлепшы сцэнар»
- Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Працэсы»
«Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»
- Аляксандр Адамаў за фільм «Працэсы»
«Найлепшы мантаж»
- Iлля Бажко за фільм «Працэсы»
«Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»
- Праект «Крос-культурны музычны дыялог» за фільм «Чароўныя нажнічкі»
«Адкрыццё года»
- Ананімны ўдзельнік
Таксама былі ўручаныя дзве «Спецыяльныя згадкі»:
- Стваральнікам фільму «Чароўныя нажнічкі» – «За руплівую працу – збор, захаванне і ўзнаўленне страчанай часткі нашай спадчыны – культуры беларускага габрэйства, і праз іх – за дапаўненне і ўзбагачэнне беларускасці»;
- Беларускім палітвязням – «У гонар шматлікіх палітзняволеных і іхных трагічных лёсаў, якія не дазваляюць рэжысёрам маўчаць і прымушаюць апавядаць свету пра беларускую сучаснасць і траўматычнае мінулае».
Прызы для пераможцаў былі зноў створаныя мастаком Аляксандрам Адамавым: цэгла, з якой прабіваецца галінка верасу, уяўляе сабою метафару беларускага кіно. Узнагароды ўручалі пераможцы мінулай эдыцыі кінапрэміі кампазітарка і арганістка Вольга Падгайская, аператарка Таццяна Гаўрыльчык, дакументалістка і журналістка Ксенія Галубовіч, рэжысёр і сцэнарыст Аляксей Палуян, таксама мастачка Яна Шостак, пісьменніца Святлана Курс, журналістка і былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава, сябра журы Максім Жбанкоў ды замежныя калегі прадзюсар з Нямеччыны Петэр Ромэль, кастынг-дырэктар з Польшчы Пётр Бартушэк, мецэнат і падтрымальнік беларускай культуры Мацей Радзівіл, рэжысёр, прадзюсар, дырэктар Школы Вайды і «Wajda Studio» Філіп Марчэўскі, польская рэжысёрка Агнешка Голянд.
У склад журы «Чырвонага верасу’26» увайшлі 20 экспертаў і экспертак: сузаснавальнікі і арганізатары кінрэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, і даследнікі кіно Наталля Вавілонская, Максім Жбанкоў, Вольга Ісакава, Саша Разор, Ульяна Рубанава, Ігар Сукманаў, Альміра Усманава, Ганна Яфрэменка. Некаторыя сябры журы з меркаванняў бяспекі застаюцца ананімнымі.
Трэцяя эдыцыя Беларускай прэміі кінакрытыкаў адбылася пры падтрымцы фонду Trzy Trąby і The German Marshall Fund.
