Дзьмітрыя Плескачова выклікаюць у польскую пракуратуру. Паводле атрыманых ім дакумэнтаў, гэта зьвязана з заведзенай у Беларусі крымінальнай справай. Беларус сьцьвярджае, што яна стала вынікам палітычнага перасьледу.
Дзьмітрыю Плескачову 28 гадоў. Ён паходзіць з маленькага горада Чавусы пад Магілёвам. Удзельнічаў у алімпіядах па праграмаваньні. Вучыўся ў дзьвюх вышэйшых установах на юрыдычным факультэце і ў горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Ня скончыў ніводнай ВНУ. Адслужыў у арміі. Сям’я жыла небагата, трэба было ісьці працаваць. Стаў бармэнам. У 2018 годзе паехаў у Польшчу на заробкі, працаваў на складах, на будоўлі.
У пачатку 2020 году вярнуўся жыць у Беларусь. Хацеў уладкавацца ў EPAM, але не пасьпеў. Улетку 2020 году далучыўся да пратэстаў. Кажа, што так упершыню праявіў актыўную грамадзкую пазыцыю. Быў на акцыі пратэсту ў Чавусах, потым у Берасьці. Стварыў зь сябрамі і адміністраваў чат «97% Chausy».
«Я ўсімі сіламі жадаў, каб мы перамаглі», — кажа Дзьмітры.
Калі пачалі затрымліваць людзей, якія ведалі, што ён адмініструе пратэставы чат, Дзьмітры пакінуў Беларусь. Гэта было 5 верасьня 2020 году. Цяпер ён жыве ў Познані. Мае свой бізнэс, валодае некалькімі касмэталягічнымі кабінэтамі.
Сілавікі тэлефанавалі за мяжу з тэлефона бацькоў
У канцы верасьня 2020 году, расказвае Дзьмітры, да ягоных бацькоў у Чавусах прыйшлі міліцыянты, шукалі яго. Потым прадстаўнікі розных сілавых структураў прыходзілі яшчэ некалькі разоў, праводзілі ператрус і размовы з бацькамі. Супрацоўнікі КДБ тэлефанавалі Дзьмітрыю з тэлефона блізкіх. Дакумэнтаў, на падставе якіх яны прыходзілі, не пакідалі, расказвае суразмоўца.
Ён дадае, што яму тэлефанавалі і са Сьледчага камітэту, калі ён быў за мяжой, праводзілі па тэлефоне ці то допыты, ці то размовы. Іх цікавіў перадусім чавускі пратэставы чат.
Увесну 2021 году беларуса папярэдзілі знаёмыя, каб ён не вяртаўся на радзіму, бо яго могуць пасадзіць. Даслалі фота з Чавусаў. На ім відаць, што ягоны здымак павесілі на стэндзе вышуку. Плескачова таксама ўнесьлі ў базу вышуку Расеі. Прычыны ён ня ведае. Свабода знайшла ў расейскай базе вышуку Плескачова Дзьмітрыя Аляксеевіча, 1996 года нараджэньня, беларуса.
Пасьля гэтага Дзьмітры падаў дакумэнты на міжнародную абарону. Аднак ў сьнежні 2021 году яму адмовілі ўстатусе ўцекача, бо не хапала доказаў, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі ці што на яго завялі крымінальную справу. Аднак Польшча дала Дзьмітрыю дадатковую абарону.
Запрасілі пакаяцца і вярнуцца
Улетку 2024 году Дзьмітрыю зноў патэлефанавалі, кажа сураўзмоўца.
«Прадставіліся, што Чавускі РАУС. Спыталі, як я маюся, дзе мае бацькі (бацькоў я таксама вывез сюды), як здароўе? І раптам: „А як вы ўвогуле, дадому плянуеце вяртацца?“ Кажу, дык вы ж мне ня менш за пяць крымінальных артыкулаў выпісалі, як я магу вярнуцца?», — успамінае гутарку Дзьмітры.
Пасьля гэтага ў жніўні 2024 году Дзьмітрыю прыслалі ліст з Чавускага аддзелу ўнутраных справаў. Гэта была прапанова зьвярнуца ў «камісію па вяртаньні». Фота ліста прыслалі на WhatsApp. Пры гэтым у лісьце пазначылі нібыта адрас Дзьмітрыя ў Познані. Аказваецца, гэта адрас, па якім ён жыў раней. Як ён трапіў да беларускіх сілавікоў, Дзьмітры дакладна ня ведае. Аднак прыгадвае, што зь яго слаў неяк пасылку ў Беларусь.
У запрашэньні «пакаяцца» пералічылі 8 крымінальных артыкулаў у дачыненьні Плескачова: за «распальваньне варожасьці», «масавыя беспарадкі», «арганізацыю дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак», «заклік да санкцыяў», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», «паклёп на Лукашэнку», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады». У чым канкрэтна сутнасьць прэтэнзій, Дзьмітры ня ведае.
BelPol паведаміў Свабодзе, што Дзьмітры Плескачоў знаходзіцца, або раней знаходзіўся ў вышуку ў Беларусі. Паводле зьвестак ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў, Плескачоў «можа быць датычны да зьдзяйсьненьня злачынства». Больш дакладнай інфармацыі аб тым, якое гэта можа быць правапарушэньне, у BelPol няма.
Паўтары тысячы эўра за паслугі адваката
Як расказаў Дзьмітры Плескачоў, прыкладна месяц таму на стары ягоны адрас у Познані прыйшоў ліст, пра што яму паведамілі новыя жыхары той кватэры. Адкуль і які ліст, ён ня ведаў. У сярэдзіне кастрычніка па тым жа адрасе прыйшлі паліцыянты і шукалі Дзьмітрыя. Тады ён забраў ліст з пошты і зразумеў, што яго запрашаюць у польскую пракуратуру праз тое, што ён заходзіцца ў вышуку ў Беларусі.
У позве познаньскай пракуратуры паведамляецца, што Плескачова падазраюць у Беларусі паводле крымінальных артыкулаў 130, 293, 342 «і іншых». Там адзначылі, што справа датычыць «заявы аб эстрадыцыі зь беларускага боку».
Беларус не выключае, што яго пасьля размовы ў польскай пракуратуры могуць выдаць беларускім сілавікам, якія яго шукаюць.
«Напэўна, гэта малаімаверна. Хутчэй за ўсё, гэта фармальнасьць. Але калі ёсьць шанец, што мяне могуць накіраваць у казэматы гадоў на 15, то лепей перастрахавацца», — кажа суразмоўца.
Дзьмітры стаў шукаць юрыдычную дапамогу. За паслугі адваката ў гэтай справе зь яго запрасілі каля 1,5 тысячы эўра. Ён зьвярнуўся таксама да праваабаронцаў ініцыятывы dissidentby. Раней ён у ёй валянтэрыў. Дзьмітры сустракаўся ў гэтай справе з прадстаўніком Офіса Сьвятланы Ціханоўскай Леанідам Марозавым, які паабяцаў дапамогу ў выпадку праблемаў.
Дзьмітры Плескачоў пакуль ня ведае, ці ён можа паўторна запрасіць у польскіх уладаў міжнародную абарону ў сувязі з тым, што памяняліся абставіны і стала вядома, што на яго заведзеныя крымінальныя справы на радзіме. Падаваць просьбу пра міжнародную абарону ён ня можа ў іншай краіне, акрамя Польшчы, бо гэта краіна першага ўезду.
У пракуратуру Познані Дзьмітры Плескачоў мае прыйсьці 24 кастрычніка.
Свабода зьвярнулася ў пракуратуру Познані з запытам наконт сытуацыі Дзьмітрыя Плескачова, аднак адказу пакуль не атрымала.