25.10: Цырымонія ўручэння прэміі Анемпадыстава адбудзецца на «Бардаўскай восені»

Анемпадыстаў ізноў вяртаецца на легендарны фестываль!

Цырымонія ўручэння прэміі Анемпадыстава за найлепшую вокладку для беларускай кнігі адбудзецца на канцэрце фестывалю бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень» 25 кастрычніка 2024 года.

За галоўную ўзнагароду – статуэтку ў форме цудоўнага анёла – сёлета змагаліся 37 мастакоў і мастачак. У кароткі спіс было абрана толькі 9 вокладак. Запрашаем вас пазнаёміцца з фіналістамі і фіналісткамі прэміі ды паспрабаваць адгадаць, хто стане трыумфатарам. Менавіта на «Бардаўскай восені» мы даведаемся імя пераможцы! 

Спецыяльным музычным госцем цырымоніі стане спявак, паэт, мастак, а таксама сябар патрона прэміі Лявон Вольскі! У ягоным выкананні прагучаць вядомыя кожнаму хіты з «Народнага альбома» аўтарства Міхала Анемпадыстава.

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пераможцамі за 2022 год сталі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі Лесу / Ludzi Lesu».

Сёлета ў складзе аргкамітэту прэміі – Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture». Партнёрамі прэміі сталі ТАА «H&L» і кампанія «Laut-Foreigner». Партнёр цырымоніі ўзнагароджання – фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень».    

Дзе: Бельск Падляскі (Польшча), Бельскі дом культуры.

Калі: 25 кастрычніка, пачатак цырымоніі а 19:40 (пачатак канцэрту а 18:00).

Будзем радыя бачыць усіх і заспяваць разам тыя самыя «Простыя словы»!

Падрабязную праграму фестывалю можна знайсці на адпаведнай старонцы ў Facebook.

penbelarus.org