Канфлікт мастака і ўлады, вернасць уласным каштоўнасцям ці здрада ім для атрымання выгод тут і цяпер — спектакль на вечныя тэмы паставіла беларуская каманда тэатралаў у Варшаве. Прэм’еру па аднайменным творы пісьменніка Уладзіміра Арлова «Ордэн белай мышы», дапоўненую ўласнымі жыццёвымі гісторыямі акцёраў Ігара Сігова, Святланы Зелянкоўскай, Андрэя Бардухаева-Арла і Дзіяны Балыка, наведала «Наша Ніва».
Апавяданне-антыўтопія Уладзіміра Арлова «Ордэн белай мышы» пабачыла свет больш за 20 гадоў таму. Апісанне выдуманай краіны, у якой усіх жыве па адным — адзін кароль, адзін пісьменнік, адзін супрацоўнік бяспекі, — гучыць вельмі актуальна. Нават у гэтай рэальнасці кароль з яго ўнікальнасцю і ўладарскай меткай у выніку скочваецца ў жаданне падпарадкаваць сабе ўсіх любой цаной.
Перад гледачом паўстае казка, на якую намякаюць у тым ліку касцюмы, якія заўважаеш у самым пачатку: прышытыя да іх хвасты не даюць забыцца, што мы з вамі ў мышыным каралеўстве. Мыш — старажытны сімвал тутэйшай дзяржаўнасці. Такі жанр развязвае рукі ў эксперыментах і дазваляе сур’ёзныя тэмы падаваць з большай лёгкасцю. Менавіта пры дапамозе казак у нас з дзяцінства закладалі разуменне базавых рэчаў пра гэты свет.
Таму не дзіва, што рэжысёр Уладзімір Ушакоў з камандай абіраюць існаваць у гэтым жанры і на сцэне.
Караля на сцэне ўвасабляе Ігар Сігоў. Пры ўсёй харызматычнасці акцёра і жартаўлівай прыродзе яго персанажа, апошні атрымліваецца вельмі непрыемным тыпам: ён крыўдлівы і помслівы, шмат выпівае, ставіцца як да рэчаў не толькі да сваёй прыслугі, да Жанчыны-гаспадыні дома (Святланы Зелянкоўскай), але і агулам да ўсяго насельніцтва ў каралеўстве.
Зрэшты, чаго чакаць ад нашчадка манарха, які ўсе свае ўказы завяршаў настаўленнем «сядзець усім ціха, як мыш пад венікам». Ён тут — спадчынны прадстаўнік самадзяржаўя з яго непарушнымі традыцыямі і правіламі. Па выніку ў каралеўстве ён можа давяраць толькі двум людзям: шэфу бяспекі (Дзіяна Балыка) і міністру паліцыі (Святлана Зелянкоўская).
Пісьменнік (Андрэй Бардухаеў-Арол) — характарны антыпод караля. Гэткі персанаж, якога ў творах уводзяць акурат дзеля нясення добрага і вечнага. Герой, які зможа супрацьстаяць злу і яго хітрасплеценаму павуцінню. Здавалася б, зло тут першапачаткова невыразнае: падумаеш, Кароль захацеў уручыць Пісьменніку найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн белай мышы. Тут радавацца варта ды і толькі. Яно б і сапраўды так, толькі ў дадзеным выпадку атрыманне ордэна роўнае продажы сваёй душы і самой існасці.
Пісьменнік адмаўляецца ад найвышэйшай узнагароды і прывілеяў, каб не здрадзіць сабе і сваім ідэалам, што запускае чараду наступстваў — ад творцы вырашаюць пазбавіцца, выбіраючы з кучы сцэнароў, сярод якіх гучыць нават разыгрыванне суіцыду. Спасылкі на беларускія рэаліі з яе дыктатурай і помстай любым нязгодным відавочныя.
Зрэшты, менавіта такія выпрабаванні перажылі ўсе акцёры на сцэне — яны сцісла расказваюць пра гэта ў асабістых урэзках-маналогах, якія атрымліваюцца моцным дадаткам, працягам напісанага Арловым.
Святлана Зелянкоўская шчыра распавядае, як за інтэрв’ю, дзе яна пакрытыкавала закрыццё беларускамоўных школ, яе выклікалі на допыт, дзе прысутнічаў кіраўнік па справах прэзідэнта. Там ёй сказалі, што яна расчаравала Лукашэнку, прапанаваўшы загладжваць «віну» ў лазнях.
Акцёру Андрэю Бардухаеву-Арлу і яго жонцы пасля ад’езду з Беларусі за іх грамадзянскую пазіцыю помсцілі праз затрыманне сына. Драматург Дзіяна Балыка ў 2020-м падтрымала баставаўшых акцёраў, за што хутка ператварылася ў забароненую аўтарку. Ігар Сігоў працягла аддаляўся ад палітыкі, але ў выніку зрабіў выбар ахвяраваць кар’ерай, але «не згубіць сябе» і застацца свабодным чалавекам.
Гэтыя шчырыя, балючыя маналогі-ўрэзкі адгукнуліся многім гледачам. Варта было проста зазірнуць у залу — там сядзелі дзясяткі творчых (і не толькі) людзей з падобным лёсам, якія апынуліся тут, у эміграцыі, таму што зрабілі такі самы выбар, як і героі спектакля. Таму, акурат, гэтыя асабістыя гісторыі ў выніку і сарвалі самыя гучныя апладысменты.
Акрамя таго, у адрозненні ад тэксту Арлова, які чытаўся акцёрамі, з большага, з лістоў паперы, уласныя гісторыі расказваліся наўпрост вочы ў вочы: гэты глядацкі кантакт, агулам найважнейшы інструмент у тэатры, дадаваў моцы гучанню словаў.
Канцоўка пастаноўкі атрымліваецца сімвалічнай: са сцэны гучаць вядомыя цытаты нашых літаратурных класікаў — пра Беларусь, пра нашы каштоўнасці. Ты бачыш, што яны жылі тымі ж перажываннямі і тым жа болем, што, з аднаго боку, дадае суму — мы зноў у той жа кропцы, а з другога — моцы: за намі ўся гэтая армія моцных, творчых галасоў і лёсаў, мы не адны.
Грошы на спектакль збіралі пры дапамозе краўдфандынгу. На жаль, з запланаваных і патрэбных 18 тысяч еўра з хвастом, атрымалася сабраць толькі частку — €3225 (11 622 рублёў), таму для акцёраў і тэхнічнай каманды праект стаў, па факце, валанцёрскім, без закладзеных ганарараў. Таму цяпер творцы заклікаюць гледачоў падтрымліваць іх «нагамі», купляючы квіткі на бліжэйшыя паказы. У Варшаве пабачыць спектакль можна будзе ўжо 6 снежня. За раскладам паказаў у іншых гарадах можна сачыць тут.