Са ста беларусаў, якія папрасілі прытулку ў Швэцыі, станоўчае рашэньне атрымалі толькі трое. Нарвэгія адмаўляе ў праязных дакумэнтах, Баўгарыя — у прытулку. «Радыё Свабода» расказвае некалькі гісторый беларусаў, якім адмовілі ў легалізацыі за мяжой.
Пасьля 2020 году сотні тысяч беларусаў мусілі пакінуць радзіму з палітычных прычын. Сярод краін, куды пераяжджалі, найбольш папулярнымі сталі суседнія Польшча і Літва. Але з розных прычын беларусы просяць прытулку і ў іншых краінах, дзе пра сытуацыю ў Беларусі мясцовыя міграцыйныя службы ведаюць значна менш. Расказваем некалькі гісторый.
Тры станоўчыя адказы на сто запытаў
Летась больш за сто беларусаў папрасілі ў Швэцыі статусу ўцекача, а далі яго толькі тром, — пра гэта 5 жніўня ў Вільні на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» паведаміў прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман.
«Гэта не азначае, што ўсіх астатніх высылаюць у Беларусь — паколькі некаторыя абскарджваюць [судовыя рашэньні], некаторыя едуць у іншыя краіны, і гэтак далей», — адзначыў ён.
Паўтара года спрабуе атрымаць прытулак у Швэцыі і беларус Канстанцін Сярогін. Ён працаваў апэратарам у камандзе Сяргея Ціханоўскага. Затрымлівалі Сярогіна ў той жа дзень, калі і Ціханоўскага — 29 траўня 2020 году. Але Сярогіна адпусьцілі. Пасьля, паводле ягоных словаў, ён жыў у Беларусі таемна, зьмяняў адрасы, кватэры. У студзені 2021 году Сярогін вылятаў зь Менску ў Кіеў на некалькі дзён. Зазначае, што хваляваўся, але ўсё прайшло ціха, яго не затрымлівалі. Пасьля, па словах уцекача, захварэў ягоны малы сын, было падазрэньне на анкалягічную хваробу. Лекары прапаноўвалі хіміятэрапію. Але бацькі засумняваліся ў эфэктыўнасьці такога лячэньня.
«Паступілі жонцы пагрозы, што калі будзеце адмаўляцца ад лячэньня — пазбавім бацькоўскіх правоў. Але мы не адмаўляліся, проста ўзялі паўзу, каб падумаць», — тлумачыць суразмоўца.
У выніку сям’я ў канцы 2021 году выехала ва Ўкраіну, дзе ў клініцы працягнулі абсьледаваньне сына.
«Вакол былі размовы пра вайну, і было трывожна. Якраз сябры паклікалі на Новы год у Грузію, мы паехалі і ва Ўкраіну ўжо не вярнуліся», — узгадвае Канстанцін.
У Грузіі сям’я не засталася надоўга. Канстанцін Сярогін называе прычыну — ня надта добрая мэдыцына. Атрымаўшы літоўскую візу, Сярогіны паехалі ў Гішпанію, там жыў брат Канстанціна і ягоныя сябры. Там жа, кажа ўцякач, працягнулі абсьледаваньні дзіцяці. У Гішпаніі ў пары нарадзіўся яшчэ адзін сын.
Канстанцін кажа, што з Гішпаніі яны мусілі пераехаць у Швэцыю. Суразмоўца лічыць, што ў Гішпаніі за ім сачыў агент зь Беларусі, і акурат ён меў канфлікт з братам, таму сям’я наважылася яшчэ на адзін пераезд.
У Швэцыі, як мяркуе беларус, ягоны сын атрымаў найлепшае абсьледаваньне і лячэньне, трапіў у добры шпіталь да добрых спэцыялістаў. Яму выдалілі пухліну і ўдалося захаваць нырку.
«І вось нас хочуць дэпартаваць. Мы кажам — дайце нам хоць дзіця далячыць. Але ў іх іншая думка. Вы едзьце, а пра дзіця мы самі паклапоцімся», — дзеліцца беларус.
У прытулку Сярогіну адмовіла міграцыйная служба Швэцыі. Канстанцін пайшоў у суд, але і суд стаў на бок міграцыйных уладаў. Цяпер ён чакае трэцяга судовага разгляду. Міграцыйная служба папікала яго, што ён свабодна лятаў зь Беларусі ва Ўкраіну і назад і што не падаўся на прытулак у Гішпаніі, якая лічыцца бясьпечнай краінай.
«Я спрабаваў падацца, але ня мог „злавіць“ тэрміны на падачу, і так 6 месяцаў. Я паказваў копіі таго, што я хацеў прасіць прытулку ў Гішпаніі, але міграцыйная служба праігнаравала гэта», — тлумачыць уцякач.
Ён лічыць, што міграцыйная служба Швэцыі паказала перадузятае стаўленьне да яго і не разгледзела ўсе доказы належным чынам.
У адмове міграцыйнай службы і рашэньні суду (копіі якіх ёсьць у рэдакцыі Свабоды) прыводзяцца аргумэнты, на якія спасылаўся Канстанцін пры падачы прашэньня. Напрыклад, тое, што ён працаваў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, які разам зь іншымі ўдзельнікамі каманды атрымаў вялікі турэмны тэрмін. Сярогін зазначаў, што сядзеў у Беларусі 10 сутак, здымаў відэа для тэлеканалу «Белсат», які прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем. Канстанціну таксама стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу эканамічнага характару.
Нягледзячы на гэта, швэдзкі міграцыйны суд лічыць, што прычыны, якія падаюць заяўнікі, недастатковыя, каб даць ім дазвол на жыхарства як людзям, якія маюць патрэбу ў абароне.
Канстанцінава жонка Ксенія даводзіла ў міграцыйнай службе і судзе, што пісала ў сацыяльных сетках палітычныя пасты, малявала графіці і карціны супраць улады, стварыла калекцыю адзеньня палітычнай накіраванасьці. Аднак у адмове, атрыманай Сярогінымі ад швэдзкіх уладаў, пазначана, што пасты Ксеніі ў Instagram бачаць у сярэднім 900–1000 акаўнтаў, 10–20 акаўнтаў камэнтуюць яе допісы.
У выніку міграцыйная служба Швэцыі, паводле адказу, прыйшла да высновы, што Канстанцін і Ксенія «як да, так і пасьля свайго апошняга ад’езду з Радзімы займаліся палітычнай дзейнасьцю на адносна нізкім узроўні».
Цяпер сям’я чакае трэцяга апэляцыйнага суду. Яны хацелі б застацца ў Швэцыі.
Пасьля выпадку з дэпартацыяй грамадзяніна Беларусі са Швэцыі на радзіму празь Літву, які адбыўся ў верасьні, улады Швэцыі паведамілі пра намер перагледзець справы беларусаў, якім раней адмовілі ў прытулку. Як стала вядома «Радыё Свабода», працэс перагляду яшчэ не завершаны.
«Сапраўды, ідзе прававы агляд спраў аб прадастаўленьні прытулку грамадзянам Беларусі, ён праводзіцца гэтай восеньню. Праект справаздачы ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, для гэтага трэба выконваць унутраныя працэдуры. Справаздачу аб гэтым плянуецца апублікаваць у лістападзе 2024 году», — гаворыцца ў атрыманым Свабодай адказе Міграцыйнага агенцтва Швэцыі.
Нарвэгія не дала беларусам праязных дакумэнтаў іншаземца
Нялёгка легалізавацца беларусам і ў суседняй Нарвэгіі. У сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што нарвэскае ўпраўленьне ў справах іміграцыі (UDI) адмовілася выдаваць праязныя дакумэнты іншаземца тром беларусам, якія ўцяклі за мяжу ў сувязі з палітычным перасьледам.
Напрыклад, 24-гадовы Віталь, тэрмін дзеяньня пашпарта якога падыходзіць да канца, падаў заяву на атрыманьне так званага «нарвэскага іміграцыйнага пашпарта», але ягоную заяву адхілілі. Віталь расказаў нарвэскаму выданьню, што ўцёк зь Беларусі ў 2022 годзе (спачатку ў Грузію, а пасьля — у Нарвэгію па праграме «Студэнты рызыкі»), бо «баяўся за ўласнае жыцьцё», перажыўшы «незьлічоную колькасьць зьневажальных допытаў, арыштаў, ператрусаў і пагрозаў з боку КДБ» за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах 2020 году.
Міграцыйная служба Нарвэгіі параіла беларусам атрымаць пашпарт у сваёй краіне — Беларусі.
«UDI заўсёды прытрымліваецца правілаў, распрацаваных палітыкамі; калі і павінны быць зьмены, яны павінны паходзіць з палітычнага боку. Калі людзі, пра якіх мы гаворым, маюць дазвол на жыхарства, яны павінна спачатку паспрабаваць атрымаць праязныя дакумэнты ў сваёй краіне, або павінны быць асаблівыя прычыны для выдачы пашпарта іншаземца», — гаворыцца ў афіцыйным адказе «Радыё Свабода».
«Раз не затрымалі ў 2020-м, значыць, сядзеў ціха»
Беларус Антон (імя героя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што ў 2020 годзе з жонкай і дзецьмі жыў у Менску, працаваў інжынэрам. Жонка — у галіне IT. Па словах суразмоўцы, падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ён запісаўся ў адну з ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата.
«Актыўна зьбіраў подпісы ў падтрымку Бабарыкі, хадзіў на пратэсты, трапляў на відэа, бо даваў інтэрвію СМІ. Гэта прыкладаў і да справы, калі падаваўся ў Баўгарыі на прытулак. Жонку затрымлівалі на адным з маршаў, пазьней давалі штраф», — узгадвае свае прыгоды ў 2020-м Антон.
Ён дадае, што па дапамогу ў выплаце штрафу сям’я зьвярталася да фондаў салідарнасьці, якія пазьней былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
«Па просьбе сябра я дасылаў палітзьняволенаму кнігі на „хімію“ і такім чынам „засьвяціў“ свае пашпартныя дадзеныя. Міліцыя прыходзіла па ягоным адрасе, хоць сам ён быў ужо за мяжой, і я баяўся, што прыйдуць і да мяне ўрэшце. У 2022 годзе жонцы прапанавалі рэлякацыю ў Грузію па працы — і мы зьехалі», — тлумачыць суразмоўца.
У Грузіі, кажа Антон, ён не адчуваў сябе цалкам бясьпечна, бо пачалі здарацца моманты, калі беларусаў не пускалі ў краіну пасьля паездкі для «абнуленьня» тэрміну знаходжаньня. У выніку жонцы Антона прапанавалі рэлякацыю ў Баўгарыю.
«Мы пакінулі і Грузію, бо майго сябра не пусьцілі ў краіну пасьля „візарана“ ў Турэччыну. І гэта зь беларусамі здараецца ўсё часьцей. Сябру нават не далі папрасіць прытулку. Ну, я скарыстаўся момантам і паехаў з жонкай у Баўгарыю», — кажа суразмоўца.
Ён падкрэсьлівае, што ў той час па ягоным адрасе ў Менску пачалі хадзіць супрацоўнікі міліцыі. Прыходзілі яны і да сваякоў — да маці Антона і да маці ягонай жонкі.
«У іх заўжды бралі падпіску пра неразгалошваньне, таму цяжка атрымаць нейкія дакумэнты і на іх спасылацца», — зазначае эмігрант.
Жонка Антона знаходзіцца ў Баўгарыі на легальных падставах — яна мае дазвол на жыцьцё і працу. У самога Антона сытуацыя складаная, бо ў яго скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта. Суразмоўца кажа, што яму яшчэ пашанцавала атрымаць баўгарскую візу ў консульстве ў Грузіі. Паводле правілаў візу можна даць, калі да заканчэньня тэрміну дзеяньня пашпарта застаецца больш за 6 месяцаў. У Антона на момант, калі ён папрасіў візу, дзеяньне пашпарта канчалася праз 4 месяцы.
«Але консульства пайшло мне насустрач, яны далі баўгарскую візу да канца дзеяньня пашпарта. Консульства палічыла, што ў Баўгарыі мне могуць даць права падацца на прытулак. Але на месцы высьветлілася, што такога права я ня меў і мусіў падавацца на прытулак у Грузіі», — тлумачыць уцякач.
Ён кажа, што двойчы праходзіў інтэрвію, па пяць гадзін кожнае. Але Агенцтва па справах уцекачоў палічыла, што ягоных аргумэнтаў недастаткова, каб даць прытулак. Антон падаў скаргу ў адміністрацыйны апэляцыйны суд. Разгляд справы прызначаны на 5 сьнежня.
Адмову ў прытулку Антон атрымаў ад Дзяржаўнага агенцтва па справах уцекачоў пры Савеце міністраў Баўгарыі, яе копія ёсьць у рэдакцыі. Там гаворыцца, што пасьля ацэнкі ўсіх фактаў улады Баўгарыі прыйшлі да высновы аб неабгрунтаванасьці пададзенага прашэньня.
«Прычыны, на падставе якіх замежнік зьвяртаецца з прашэньнем, не пацьвярджаюць абгрунтаваных страхаў перасьледу ці рэальнай небясьпекі прычыненьня сур’ёзнай шкоды», — лічыць агенцтва па справах уцекачоў Баўгарыі.
Паводле вэрсіі агенцтва, аналіз гісторыі ўцекача паказвае, што «адзінай прычынай, па якой заяўнік зьвярнуўся па абарону ў Баўгарыі, была зробленая ягонай жонцы прапанова аб працы ў Баўгарыі». Просьбіт абароны «бесьперашкодна і легальна пакінуў Беларусь 17 лютага 2022 году». Агенцтва таксама задае пытаньне, чаму замежнік не папрасіў прытулку ў Грузіі, і ставіць пад сумнеў сьцьверджаньні, што беларус пакінуў Беларусь, баючыся перасьледу.
«Ён прадпрыняў няўмелую спробу надаць палітычнае адценьне сваёй гісторыі ўцекача, рэальнай і адзінай мэтай якой зьяўляецца легалізацыя перабываньня ў Баўгарыі», — прыйшлі да высновы чыноўнікі зь міграцыйнай службы.
«Агенцтва па ўцекачах лічыць, што раз мяне не затрымалі ў 2020-м у Беларусі — значыць, сядзеў ціха. Але ж рэпрэсіўная машына не адразу пачала працаваць на ўсю моц. Баўгарскія чыноўнікі ня думаюць катэгорыямі масавых пратэстаў, калі людзі сталі ў адзін момант палітычна актыўнымі. Яны лічаць, што ў Беларусі перасьледуюць толькі лідэраў пратэстаў. У іх няма кантэксту Беларусі. Для іх сытуацыя ў Беларусі бясьпечная. Яны спасылаюцца на заключэньні міжнародных структур пра Беларусь за 2014 год», — кажа Антон.
Плюсам у сваёй сытуацыі Антон бачыць тое, што баўгарскае заканадаўства дазваляе яму працаваць у пэрыяд прашэньня прытулку ці абскарджваньня рашэньня. Паводле назіраньняў беларуса, Баўгарыя не дэпартуе тых беларусаў і расейцаў, якім не дала прытулку. «Можа, ім лянота гэтым займацца», — жартуе ўцякач.
Ён таксама мае права падавацца другі ці трэці раз з прашэньнем аб прытулку — калі зьявяцца новыя абставіны ці аргумэнты.
«Неразуменьне беларускага кантэксту»
Сытуацыю з адмовамі беларусам у прытулку і легалізацыі пракамэнтаваў для Свабоды юрыст Вадзім Драздоў, які спэцыялізуецца на правах уцекачоў і абароне ад экстрадыцыі.
Паводле юрыста, згодна з агульным правілам у дачыненьні да працэдур даваньня прытулку ў Эўропе, калі першая інстанцыя адмаўляе ў прытулку, такое рашэньне можна абскардзіць у вышэйшых судовых інстанцыях. Колькасьць інстанцый, у якіх можна абскардзіць першапачатковае рашэньне аб адмове ў прытулку, розьніцца ў залежнасьці ад краіны.
Напрыклад, у Баўгарыі (паводле ўпраўленьня Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў ААН) такіх судовых інстанцый дзьве — адміністрацыйны суд (першая інстанцыя) і Вышэйшы адміністрацыйны суд (другая інстанцыя), калі хадайніцтва не разглядалася паводле паскоранай працэдуры. Рашэньне другой інстанцыі канчатковае.
«Пасьля такой працэдуры існуе магчымасьць падаць новае хадайніцтва аб прытулку, але яно павінна быць падмацавана новымі фактамі і аргумэнтамі па справе. Бяз гэтага наступнае хадайніцтва будзе прызнана непрымальным і ня будзе разглядацца. Пры незадавальненьні хадайніцтва аб прытулку на нацыянальным узроўні ёсьць магчымасьць падаць скаргу ў Камітэт ААН або Эўрапейскі суд па правах чалавека з запытам, каб прыняць тэрміновыя меры», — тлумачыць Вадзім Драздоў.
Па словах экспэрта, гэтыя меры тэрміновага характару прымаюцца Эўрапейскім судом па правах чалавека і камітэтамі ААН да вынясеньня канчатковага рашэньня ў выпадку наяўнасьці пагрозы непапраўнай шкоды чалавеку. Гэты мэханізм можна выкарыстоўваць для прыпыненьня выправаджваньня з краіны-прымальніцы, калі ў краіне паходжаньня чалавеку пагражаюць катаваньні або іншае жорсткае абыходжаньне.
«Складана адказаць адназначна аб прычынах адмовы беларусам у прытулку ў розных краінах. Усе фактары павінны быць узятыя пад увагу. З боку краіны-прымальніцы — як інстанцый, так і мясцовых адвакатаў — часта сустракаецца неразуменьне беларускага кантэксту і рызыкі перасьледу ў Беларусі. Напрыклад, нядаўна Міграцыйнае агенцтва Швэцыі сутыкнулася зь вялікай крытыкай, бо прымала рашэньні на аснове памылковай інфармацыі і ігнаравала рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі (гаворка пра затрыманьне беларуса, якога дэпартавалі са Швэцыі празь Літву ў жніўні. — РС). Варта мець на ўвазе, што і недапрацоўкі па справе могуць стаць прычынай нездавальняючага рашэньня. Напрыклад, супярэчнасьці ў гісторыі, недастатковая фактура і аргумэнтацыя, і іншае», — падсумаваў Вадзім Драздоў.