У выдавецтве “Варштаты культуры ў Любліне” (Warsztaty Kultury w Lublinie) выйшла ўнікальная кніга “Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020”, якая апрача беларускай версіі мае польскую — “Szkice o najnowszym teatrze białoruskim (2010–2020)”. Гэта калектыўная манаграфія пра перыяд імклівага развіцця айчыннага тэатру. Сувыдавец — Беластоцкі асяродак культуры.

Кнігу ўжо прэзентавалі ў Беластоку, а 16 лістапада кнігу прадставяць у межах варшаўскай часткі фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Пры ўдзеле мастацтвазнаўцы Ксеніі Князевай і літаратуразнаўцы і перакладчыцы Наталлі Русецкай.

“Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020” былі створаны калектывам аўтараў, аб’яднаных агульнай ідэяй — захаваць найноўшую гісторыю беларускага тэатра. Аўтары імкнуліся раскрыць найлепшыя старонкі ў развіцці тэатральнага мастацтва Беларусі 2010—2020-х гадоў, бо перакананыя, што гэты перыяд можна смела назваць рэнесансам тэатральнай культуры Беларусі.

Сёння, пазіраючы на гэтую ідэю ўжо з 2024 года, баючыся поўнага знішчэння любых праяў творчай свабоды ў Беларусі, аўтары і рэдактары бачаць, наколькі неабходным было напісанне такой кнігі, на старонках якой сведкі беларускага тэатральнага рэнесансу змаглі шчыра і адкрыта расказаць, з чаго ён складаўся. Аднак дзеля таго, каб захаваць бяспеку і пазбегнуць самацэнзуры, кожны з аўтараў мусіў абраць сабе псеўданім.

Манаграфія напісаная тэатразнаўцамі ды тэатральнымі крытыкамі, якія на сённяшні дзень маюць розны статус: хтосьці застаўся ў прафесіі, хтосьці быў вымушаны яе змяніць. Аўтары кнігі маюць рознае месца жыхарства: нехта застаўся ў Беларусі, нехта з’ехаў, каб жыць і працаваць у іншых краінах. Але ўсе яны аб’яднаныя вялізным жаданнем захаваць спадчыну і расказаць пра тое, якім неверагодным можа быць беларускі тэатр, калі яму хаця б не перашкаджаць.

Над перакладам на польскую мову працавалі: Агнешка ГоральІрына ЛаппоНаталля РусецкаяАндрый СавэнэцьБеата Сівэк.

bellit.info